6 частка. Стары кінатэатр - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
6 частка. Стары кінатэатр
6 частка. Стары кінатэатр
     
У мяне з братам Колькам было яшчэ адно месца, куды мы іншы раз хадзілі глядзець кіно. Кінатэатр "Перамога". Калі мне споўнілася пяць гадоў, а грошай у сям'і не хапала, мама ўладкавалася на працу – прыбіраць вуліцы і тратуары "дворнічыхай", як тады казалі. Адукацыя ў яе была мізэрная – чатыры класа. Пісаць яна магла, але рабіла шмат памылак, чытала таксама дрэнна.      Як жа так атрымалася, што мая мама засталася неадукаванай?
     Яна нарадзілася ў 1917 годзе ў беднай беларускай вёсачцы. У яе сям'і было шэсць дзяцей. Мама нарадзілася перадапошняй. Яе бацька, спрабуючы вырвацца з беднаты, з'ехаў перад рэвалюцыяй ва Ўкраіну, працаваць у шахце, каб зарабіць грошы на будаўніцтва хаты. Ранейшая хата згарэла падчас вясковага пажару. Сям'я жыла ў зямлянцы. Але прыехаўшы дахаты з мяшком грошай, ён не змог нічога пабудаваць, таму што на змену "керанкам" прыйшлі савецкія рублі. Мяшок з грашыма тады стаў простымі паперкамі. Мамін бацька ці то ад засмучэння, ці то ад цяжкай працы ў пыльных шахтах, аслеп. Падрастаючыя дзеці дапамагалі выконваць усю хатнюю працу. Дзяўчынкі, Каця і Аня, улетку працавалі на сваім зямельным участку, гадавалі пшаніцу, бульбу, лён. Узімку з ільну пралі ніткі і ткалі палатно на кроснах. Святла ў хатах у той час яшчэ не было, усё рабілі пры лучыне і каля акна. Палотны ўвесну вымочвалі ў рэчцы, адбельвалі, сушылі ў гародзе на маладой траўцы. Вось так аднойчы дзяўчынкі і празявалі сваю працу. Калі хтосьці з іх жа вёскі выкраў палотны. Потым маміны сёстры пазналі свой матэрыял на нечых кашулях. Але каму што дакажаш?
     Акрамя такога невялікага гора, у сям'ю прыйшло сапраўднае гора. Старэйшага сына паслалі на вайну з Дзянікіным, але ён вярнуўся адтуль хворы. Дзесьці зваліўся з каня, нага загнаілася, і хвароба перайшла ў сухоты косткі. Маці як магла, імкнулася вылечыць яго. Але нічога не дапамагло. Паступова сухотамі заразіліся ўсе старэйшыя дзеці. Яны паміралі на вачах у маёй мамы. Маміна матуля Домна таксама заразілася. Але яна змагла неяк перад вайной падгаіцца і спыніць хваробу з дапамогай адтопленага малака, якое адтоплівала ў печцы. Добра, што яшчэ ў сям'і тады была карова. Але маміны бацькі так саслаблі, што працаваць на зямлі ўжо не маглі. Уся гэта цяжкая праца лягла на плечы маёй мамы, дванаццацігадовай дзяўчынкі. Мая мама вельмі хацела вучыцца ў школе, але калі яна скончыла першы клас, бацька сказаў:
     – Распісацца можаш, а больш нічога не трэба. Будзеш здабываць "харчы".
     – Як іх здабываць? – спытала дачка Вольга (мая мама).
     – А пойдзем, я табе пакажу, – адказала ёй мама (мая бабуля Домна).
     "І яна павяла мяне ў поле. А там стаіць плуг. Ен даставаў мне ды барады. Вось так пасля гэтага я і стала дабываць харчы для нашай сям'і. Усё рабіла. З канём ускапывала зямлю, садзіла зерне, расціла, затым збірала ўраджай", – распавядала мне і брату мама Оля.
     У сямнаццаць гадоў мая бабуля Домна пашкадавала сваю дачку і адправіла яе ў Мінск шукаць лепшую долю. Спачатку ў Мінску ёй таксама было не лёгка. Пакуль яна працавала прыслугай у яўрэйскай сям'і ў скупой гаспадыні, прыйшлося пагаладаць, таму што тая хавала ўсю ежу ў буфеце і марыла яе голадам.
     Але паступова даваеннае жыццё маёй мамы ў Мінску наладзілася, яна ўладкавалася афіцыянткай у сталовую, дзе пазнаёмілася з маім бацькам. Да вайны ў горадзе мама змагла яшчэ скончыць тры класа. Але вайна абарвала ўсе далейшыя планы…
     Вось так у канцы пяцідзесятых гадоў мама пачала прыбіраць тратуары – спачатку поруч кінатэатра "Навіны дня" на вуліцы Энгельса, зараз гэта касы Беларускага тэатра, потым – побач з кінатэатрам "Перамога". У той час гэта быў вельмі прэстыжны кінатэатр. Пасля вайны яго перабудавалі з паўразбуранага Клуба харчавікоў. У будынку было два залы – вялікі і малы, а ў панадворку пабудавалі дадатковы – летні драўляны зал. У кінатэатр хадзіла вельмі шмат народа, квіткі было цяжка купіць.
     Мама прыбірала поруч кінатэатра, і яго дырэктар пазнаёміўся з ёй. Ён дазволіў нам, яе дзецям, бясплатнае наведванне кінатэатра. Для нас гэта было выдатнай забаўкай, асабліва ў летні час. А маміна знаёмая "марожаніца" заўсёды нам прадавала самае смачнае марожанае, як яго тады звалі – эскімо на палачцы. Вельмі добра запомніла, як глядзела ў летнім зале на прыстаўным крэсле выдатную музычную кінастужку "Гусарскя балада", на якую мы з братам хадзілі некалькі разоў.
     Як жа мяне вабіла да сябе прыгожая музыка і яркія каляровыя карцінкі на экране!
     
      7 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100