4 частка. Старадаўняя матуліна іконка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
4 частка. Старадаўняя матуліна іконка
4 частка. Старадаўняя матуліна іконка
     
Першай іконай, якую мая мама прынесла ў сваю пасляваенную хату на Розы Люксембург, была намаляваная на паперы Багародзіца з немаўлём. Яе мама выпадкова знайшла ў адрыне, выкідваючы з яе пакінутыя кімсьці старыя рэчы і паперы. Гэтая ікона ляжала ў кнізе. Адрына дасталася нашай сям'і ад людзей, якія жылі ў гэтай хаце да вайны. Наіўная. Мама паклала яе ў пакоі на вачах ва ўсіх. Тата прыйшоў з працы і, убачыўшы іконку, тут жа кінуў яе ў печку. На шчасце, была ў адрыне і другая іконка. Дзякуй Богу, яе мама зберагла, малілася над ёй. Назву іконы так ніхто маме і не сказаў. Пасля матулінай смерці абраз забрала мая сястра, у мяне засталася копія. Адна жанчына сказала мне, што на абразе намалявана Багародзіца земляробства. Так ці не, я не ведаю.      І яшчэ адна падзея, звязаная з матулінымі абразамі. Пасля таго, як тата спаліў абразок, у яго ўсе справы не заладзіліся. Яго звольнілі з працы, да таго ж, ён сур'ёзна захварэў. Радыкуліт скруціў яго на некалькі гадоў так, што ён не мог разагнуцца. Мама лячыла яго ўсімі вядомымі ёй сродкамі, ён ездзіў лячыцца ў санаторый. Нарэшце, дапамагло лячэнне па нечай радзе – націранне растопленымі ў воцаце жалезнымі цвікамі. Цяпер бы да такога лячэння ніхто не дадумаўся. І так ад татавага неразумнага ўчынку папакутавалі ўсе. Мы, дзеці, раслі галодныя недакормленыя ў самым раннім дзяцінстве, таму што ў гэтыя гады не хапала грашовых сродкаў на харчаванне.
     Пасля свайго хрышчэння ні ў дзяцінстве, ні ў юнацкасці, я не хадзіла ў царкву. Чаму? Не ведаю. Хадзіла адна мама. Тады не прынята было маладым хадзіць у царкву. Але паступова пад уплывам мамы я пачала верыць у Бога па-сапраўднаму. Вывучыла па радзе мамы некалькі малітваў і стала іх услых чытаць. Мама шмат казала пра Бога ў старасці. А калі мы з сястрой ішлі здаваць экзамены ў інстытуце, яна пераходзіла нам з іконкай і бутэлькай малака. Як ні дзіўна, мы ўсё здавалі на выдатна. Можа быць, трапляліся лёгкія квіткі?
     Сына я ахрысціла толькі ў пяць гадоў. Мяне ўгаварыла зрабіць гэты крок мама. Яна пайшла ў царкву і аб усім даведалася. Хросных бацькоў у той час я не змагла знайсці ў асяроддзі сваіх знаёмых. Бацюшка дазволіў быць хроснай мне самой. Вось з тых часоў я сына і засцерагаю ва ўсім. Можа нават занадта. Заўсёды малюся за яго. Ён прывык да гэтага, нават часам заходзіць са мной у царкву. У паездкі я даю яму з сабой абразок. Сёлета ён прывёз з Піцера дзве іконкі, купіў у Казанскім саборы – Казанскую Багародзіцу і Ўладзімірскую.
     
      5 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100