Дзе ты, мая палавінка? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзе ты, мая палавінка?
Дзе ты, мая палавінка?
Ціхім і пагодлівым летнім дзяньком на лясную палянку заляцеў Ветрык. У яго быў такі лёгкі і выдатны настрой, калі вельмі хочацца каго-небудзь пакахаць. Выпадкова яго позірк спыніўся на Стакротцы. Яна здавалася такой прыгожай і пяшчотнай! "Я буду кахаць і засцерагаць яе", – вырашыў Ветрык. Ён абляцеў вакол кветкі, лашчачы яе галоўку, і, расцягваючы словы ад хвалявання, прамовіў:      – Стакротка! Якая ты прыгожая! Твая сярэдзінка, як маленькае Сонейка, а пялёсткі – быццам яго светлыя праменьчыкі. Ты мне вельмі падабаешся!
     – Я падобная на яснае Сонейка таму, што вельмі кахаю яго, а яно кахае мяне і дорыць мне макулінкі сваёй прыгажосці, – адказала Стакротка.
     "Не, – падумаў Ветрык, – не патрэбна мне гэта закаханая дурніца". І паляцеў далей.
     Наперадзе ён убачыў пухнатую маладзенькую Ялінку. Яе зялёныя галінкі паціху заварушыліся ад подыху Ветрыка і засвяціліся на сонцы. Ялінка здалася Ветрыку такой чароўнай, што ён мімаволі падумаў: "Здаецца, я закахаўся!" Абляцеўшы вакол лясной прыгажуні і абдзімаючы яе мяккія іголачкі сваім цёплым дыханнем, ён ласкава прагаварыў:
     – Ялінка! Ты такая цудоўная! Твае іголачкі зіхацяць, нібы сонечныя іскрынкі. Як ты мне падабаешся!
     – Але ўсё гэта таму, што я кахаю чырвонае Сонейка, а яно кахае мяне і напаўняе кожную маю іголачку яркім сонечным святлом.
     "І яна ўжо паспела закахацца!" – з прыкрасцю падумаў Ветрык.
     Тут ён заўважыў, што па краі лясной палянкі тонкай стужачкай уецца пяшчаная Сцяжынка. Самыя буйныя яе пясчынкі пераліваюцца на сонцы, і ўся яна, нібы памяранцавы раўчук, віхляе паміж высокай травы, уцякаючы ўдалячынь. Ветрык падумаў: "Можа гэта маё каханне?" І з надзеяю прамовіў:
     – Мілая Сцяжынка! Ты таксама самотная, як і я. Давай будзем сябраваць!
     Затым Ветрык злёгку і вельмі асцярожна падзьмуў на гарачы пясок, а той, доўга не думаючы, падняўся над лясной палянкай і замуціў усё вакол – сонца, неба! Потым ён абсыпаўся на кветкі і дрэвы, пакрыўшы іх дробным брудным пылам і ў адно імгненне адабраўшы ў іх усю прыгажосць.
     – Эх, Ветрык! Які ж ты зануда! – у адзін голас усклікнулі ўсе вакол. – Хіба ты не бачыш, што Сцяжынка кахае зусім не цябе, а Сонейка, якое сагравае яе жоўтыя пясчынкі? А якая карысць ад твайго кахання? Ты толькі ганяеш пыл!
     Пачуўшы такія крыўдныя і несправядлівыя словы, Ветрык сціснуўся ў камячок і ўзляцеў высока-высока, далей ад усёй гэтай жорсткасці і неразумення. Ён вырашыў, што больш ні за што не паляціць уніз да гэтых самаўлюбёных стварэнняў….
     Бязмежнае неба было празрыстае і чыстае. Па ім лётала адна адзіная светла-блакітная яснавокая Аблачына. Яна весела пырхала па небе і ўсміхалася сваёй беласнежнай усмешкай. Аблачына адразу ж спадабалася Ветрыку. Ён падляцеў да яе, дакрануўся да яе пухнатай спінкі сваёй цёплай далонькай і сказаў:
     – Ты такая прыгожая і лёгкая! Ты так хутка ляціш! І ты мне вельмі падабаешся!
     – Добры Ветрык! Ты мне таксама вельмі падабаешся! Ты такі пяшчотны і цёплы! Давай будзем сябраваць!
     "Як добра! – узрадаваўся Ветрык. – Напэўна, лепшага сябра, чым Аблачына, мне не знайсці. Яна такая ж лёгкая і хуткая, як і я. Быць можа, яна зразумее мяне, і мы пасябруем на ўсё жыццё!"
     
      Гэта казка на рускай мове
21.06.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100