Белы рамонак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Белы рамонак
Белы рамонак
На стале ў шкляной вазе стаялі вялікія белыя рамонкі. Оля любавалася імі. Было лета, і яна сама купіла букет на прыпынку ў бабулі. Усё адно ніхто не падорыць, але вельмі хочацца, каб у хаце былі кветкі. Дзяўчына ўяўляла, што гэтыя рамонкі прынёс ёй яе хлопец Валянцін. Вось ужо тры гады яна чакае і кахае яго, але ён не спяшаецца адкрыць ёй свае пачуцці. Часам Оля сама тэлефануе да яго, але ў каханага бясконцыя справы, а на частыя спатканні з ёй у яго не хапае ні часу, ні сіл. Але дзяўчына чакае зацята і цярпліва, хоць, мама ўжо даўно раіць ёй забыцца на Валянціна і пашукаць сабе лепшага, меней занятага сябра. Вось і сёння за абедам яна зноў сказала дачцэ пра гэта. Вольга журыцца. Але што ёй рабіць, не ведае, бо яна кахае толькі яго, і на ўсім белым свеце ёй больш ніхто не патрэбен.      Уначы Оля доўга не магла заснуць: усё думала і думала пра каханага. Потым паднялася з ложка, падышла да рамонкаў і пагладзіла іх беленькія пялёсткі. Яна глядзела ў далікатныя тварыкі, і ў нейкі момант ёй здалося – рамонкі адчуваюць усё тое ж, што і яна, перажываюць разам з ёй…
     Раптам самы вялікі рамонак паціху прамовіў:
     – Вазьмі мяне. Я адвяду цябе туды, куды ты калі-небудзь абавязкова патрапіш. І там ты даведаешся пра нешта вельмі важнае для цябе.
     Оля ўзяла кветку ў руку і тут жа апынулася на вуліцы вельмі вялікага незнаёмага горада. "Гэта яго горад. Ён тут жыве", – падумала дзяўчына.
     – Які цяпер год? – спытала яна ў прахожага.
     – Дзве тысячы дзевяноста другі, – быў адказ.
     Папрасіўшы ў нейкага маладога чалавека тэлефон-кнопку, Оля набрала нумар каханага. Прыклаўшы кнопку да вуха, пачула доўгія гудкі, але ніхто так і не адказаў ёй. Засмучаная, Оля ўвайшла ў нейкі пад'езд. Насустрач ёй выйшла ўрач у белым халаце.
     – Скажыце, калі ласка! Чаму я не магу пагаварыць з ім? – звярнулася да яе Оля.
     – Не можаш. І не зможаш ніколі. Ты не кахала яго ў сваім мінулым жыцці. А лёс не прабачае ніякай здрады. Цяпер ты кахаеш яго, а ён не. У яго іншая жонка, хаця суджаная ты. Тваё каханне ніяк не можа патрапіць у яго сэрца. Ты сама абарвала гэтую нітку!
     У гэты момант зазваніў будзільнік сотавага тэлефона, і дзяўчына прачнулася. Увесь дзень гэты сон не выходзіў у яе з галавы. Увечары яна зноў пагладзіла пялёсткі сваіх рамонкаў і падумала: "Можа, і сапраўды, ён быў маім суджаным у мінулым жыцці, а я сама ўсё сапсавала, не зразумеўшы і не пакахаўшы яго".
     Ужо лежучы ў ложку, яна паглядзела на першы ў букеце маленькі рамонак і ў думках папрасіла адвезці сябе ў сне ў мінулае жыццё…
     Затым Оля ўбачыла высокія каменныя сцены замка. У двары каля ўсходаў стаяла незнаёмая дзяўчына. Оля заўважыла, што яна апранута ў доўгую цёмна-чырвоную аксамітавую сукенку да пят. Незнаёмка была вельмі прыгожая, але твар яе не выяўляў радасці. Хутчэй ён здаўся Оле ўпартым і раздражнёным. "Гэта я тады!" – раптам здагадалася Оля. І тут яна заўважыла, як з замка на дарогу выехаў вершнік на кані. Яна ўбачыла яго твар – гэта быў Валянцін! З вачэй юнака каціліся слёзы. Ён быў відавочна чымсьці моцна засмучаны. "Гэта я, дурная, знервавала яго! – падумала Оля. – Трэба, што б там ні было, вярнуць яго і папрасіць прабачэння, інакш мне не быць разам з ім ніколі!" У роспачы, дзяўчына крыкнула так гучна, на колькі ў яе хапіла сіл: " Валянцін! Вярніся! Прабач мяне за ўсё! Я кахаю цябе!"
     Зазваніў будзільнік, і Оля прачнулася. У грудзі моцна і дрыгатліва білася сэрца. Яна паглядзела на свае рамонкі. Яны, моўчкі, усміхаліся ёй...
     З той пары ў сэрцы дзяўчыны пасялілася надзея. Можа быць, зараз усё зменіцца да лепшага? Так і здарылася. Неўзабаве хлопец патэлефанаваў, папрасіў прабачэння за доўгае маўчанне і прызначыў сустрэчу.
     А ў нядзелю яны разам, трымаючыся за рукі, шпацыравалі па алеі парку, абапал якой раслі высокія белыя рамонкі. Валянцін ласкава глядзеў на сваю Олюшку, абдымаў яе і шаптаў на вушка: "Ты мой самы пяшчотны і самы прыгожы белы Рамонак!"
     
      Гэты аповед на рускай мове
20.06.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100