Дзеля вечнага кахання - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзеля вечнага кахання
Дзеля вечнага кахання
На высокім беразе шырокай ракі расла самотная вішня. Ранняй вясной яна, быццам прыгажуня-нявеста, дзівосна расквітала. Кожны, хто прыходзіў сюды ў гэтую пару, не мог не залюбавацца далікатным белым убраннем маладой вішанькі. Але ніхто на ўсім белым свеце не ведаў, што гэта не вішня, а зачараваная чараўніком маладая дзяўчына. Калісьці яна сама захацела стаць вішанькай, толькі б не стаць нявестай і жонкай злога і нядобрага чалавека. З таго часу расло дрэўца ў адзіноце на беразе ракі, толькі свежы ветрык абдзімаў, а ласкавае сонейка сагравала сваімі прамянямі яе тонкія галінкі.      На тым жа беразе ракі, недалёка ад самотнай вішні, размясцілася вялікая вёска з бярвеністымі і каменнымі хатамі, садамі і гародамі. А жылі ў ёй самыя звычайныя людзі – старыя і маладыя, добрыя і злыя. Старыя дажывалі сваё жыццё, а маладыя ўлюбляліся і, вядома ж, жаніліся. Вяселлі ў вёсцы гуляліся часта, і тады цёплымі летнімі і восеньскімі вечарамі далёка па ўсёй акрузе да самай ракі і леса разліваліся гукі музыкі – песень і танцавальных мелодый. Моладзь, як і ўсюды на свеце, любіла павесяліцца. На адным з такіх вяселляў пазнаёміліся два чыстых і добрых сэрцайка – нясмелай і ціхай дзяўчыны і вясёлага заліхвацкага хлопца. Яны закахаліся, як кажуць, з першага позірку, ды так, што нават дня не маглі пражыць адно без аднаго. Бацькі хлопца, даведаўшыся пра нявесту, пачалі рупліва адгаворваць свайго сына не браць яе ў жонкі. Бо яна ж сіротка, беспасажніца. Але каханне ў маладых была настолькі моцнае, што яны ніяк не маглі адмовіцца адно ад аднаго. Нягледзячы на ўсе забароны бацькоў, хлапчук ішоў на спатканні да сваёй каханай. Але як жа быць, калі бацькі не жадаюць іх вяселля? Часта маладыя сыходзілі на бераг ракі да самотнай вішанькі і журыліся пад ёй пра свой няскладны лёс. А вішанька слухала іх і ўсё разумела, шкадавала маладых і думала пра тое, як жа ім дапамагчы.
     І вось аднойчы, ранняй вясной, на спатканні ў белай вішні хлопец сказаў дзяўчыне, што кахае і не можа жыць без яе. Ён усё аддаў бы, каб быць толькі разам з ёй, але яго бацькі праз некалькі дзён з'яжджаюць з вёскі жыць у іншую вёску і жадаюць, каб ён ехаў разам з імі. Засмуцілася дзяўчына, прыціснулася да каханага і расплакалася. Плача яна, і слёзы раўчукамі коцяцца ў яе з вачэй, а ён стаіць чарней за хмары і не ведае, што рабіць, каб застацца з каханай.
     Вось тады вішня і вырашылася пагаварыць з імі. Ціха шамоцячы лісточкамі так, каб маладыя пачулі яе, яна сказала:
     – Не смуткуйце, мілыя! Калі вы жадаеце заўсёды быць разам, то я падкажу вам, што трэба зрабіць.
     І яна распавяла маладым пра свой лёс і пра таго добрага чараўніка, які зможа ім дапамагчы.
     – Ён жыве ў лесе. Вунь за тым пагоркам стаіць яго маленькая хатка. Калі вы захочаце стаць дрэвамі, то прынясіце яму дзве галінкі ад дрэва, калі птушкамі – тады пяро птушкі.
     Падумалі хлопец з дзяўчынай і вырашылі, што пойдуць да чараўніка і папросяць яго ператварыць іх у белых лебедзяў. Тады яны ўжо насамрэч будуць разам лятаць па беламу свету. Убачылі закаханыя парачку лебедзяў ля ракі, папрасілі ў іх два пяра і пайшлі шукаць хатку чараўніка ў тым лесе, на які паказала ім вішанька.
     Калі ж маладыя дайшлі да ляснога пагорка, то абыйшлі яго з іншага боку і ўбачылі невялікую хатку. Пастукаўшы ў дзверы, яны паціху адчынілі яе. За сталом, накрытым чыстым абрусам, сядзеў сівабароды дзядок з добрымі прамяністымі вачамі. Ён запрасіў маладых увайсці, пачаставаў іх смачным чаем з духмянай лясной травы і выслухаў іх сумны аповед пра свой лёс.
     – Добра. Я ператвару вас у белых лебедзяў, – сказаў стары, – бо бачу, што вы кахаеце адно аднаго, і вам абавязкова трэба быць разам.
     Чараўнік узяў два белых лебядзіных пяра і паклаў іх на галовы маладых. Потым ён памаліўся над імі і акрапіў іх святой вадой. А калі чараўнік прамовіў тры чароўных словы, хлопец з дзяўчынай тут жа ператварыліся ў белых лебедзяў. Яны выляцелі з хаткі чараўніка і зніклі ў лесе.
     Цяпер яны адчулі сябе вольнымі птушкамі і, плыўна ўзмахнуўшы вялікімі крылами, падняліся высока ў неба над лесам і ракой. Ім так спадабалася іх новае аблічча, што яны гатовыя былі дзень і ноч лунаць па паветраных абшарах і цешыцца, што зараз яны ўжо ўсё жыццё будуць разам адно з адным.
     Але шчасце лебедзяў было нядоўгім, і хутка да іх ізноў прыйшла бяда. Аднойчы, лятаючы над ракой, яны ўжо хацелі сесці на ваду, каб трохі перадыхнуць. Аднак у гэты момант дзяўчына-лебедзь была забіта стрэлам паляўнічага. Небарака нават не паспела развітацца са сваім каханым і звалілася на зямлю недалёка ад таго месца, дзе расла іх знаёмая вішня. І тут жа з зямлі, дзе звалілася лебедзь, ператварыўшыся ў прах, пачала расці белая бярозка. А няшчасны лебедзь, убачыўшы тое гора, што яго спасцігла, у парыве роспачы рвануўся ў неба, а, падляцеўшы да сонца, мімаволі апёк свае крылы аб гарачыя сонечныя прамяні і зваліўся ўніз на зямлю побач з бярозкай. Неўзабаве на тым месцы, дзе зваліўся лебедзь, пачаў расці маленькі кленик.
     Так на беразе ракі побач з вішанькай пасяліліся два неразлучныя маленькія дрэўцы – бярозкі і кленика. І ніхто з людзей, якія гуляюць цёплымі летнімі вечарамі поруч іх, ніколі б у жыцці не здагадаўся, што ў ствалах гэтых дзіўных дрэў цячэ не просты сок, а кроў маладых людзей – дзвюх дзяўчын і хлопца. Дрэўцы шамацяць лістотай, напяваючы штосьці вельмі ласкавае і далікатнае ціхімі галаскамі, а іх добрыя кахаючыя душы дораць сваё цяпло і радасць людзям, якія гуляюць на беразе ракі.
     
      Гэта казка на рускай мове
20.06.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100