Знаёмства з Жураўлём і Буслом - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Знаёмства з Жураўлём і Буслом
Знаёмства з Жураўлём і Буслом
Наперадзе стаяла хатка вельмі падобная на першую, у якой жылі Лебедзь з Чапляй. Толькі на гэтай белай хатцы з шэрым дахам была іншая шыльда: "Журавель і Бусел".      Папугай ізноў далікатна пастукаў дзюбай у дзверы. Яны расчыніліся, і на парозе з'явіўся шэры Журавель.
     – Добры дзень, – павітаўся Папугай. – Я прывёў да вас новых жыхароў нашага гарадка, ката Ваську і вараняняці Гошу.
     – Калі ласка, праходзьце ў хату, – Журавель узмахнуў крылом, прапускаючы наперад гасцей.
     У чыста прыбранай хатцы стаяў маленькі абедзенны столік і два гнязда – для Жураўля і Бусла.
     Гоша заўважыў, што шэры Журавель накульгвае на нагу, а ў белага Бусла паранена крыло.
     – Вы таксама дзесьці параніліся? – спытаў Гоша.
     – Я параніў нагу ў полі, калі збіраў рэшткі зерняў пшаніцы. Камбайн пашкодзіў маю нагу, – пажаліўся Журавель.
     – А я сабраўся ляцець на поўдзень, але тут са мной здарылася няшчасце. Я ўчапіўся крылом за электрычныя правады. Садраў скуру і пёры, ды ледзь не зламаў крыло. Прыйшлося застацца зімаваць тут.
     – Хто ж вас адправіў у Чароўную краіну? – спытаў кот.
     – Мяне – чароўны Гномік, ён з'явіўся побач са мной, калі я дакульгаў да лесу, – адказаў Журавель.
     – А мяне ўбачыў Гномік у полі, калі я ляжаў у траве і не мог падняцца, – сказаў Бусел.
     – Як добра, што знайшліся добрыя гномікі, якія дапамаглі вам дабрацца сюды, – пахваліў чараўнікоў-валанцёраў Гоша.
     – Але вам ужо трохі лягчэй? – спытаў у хворых птушак Папугай.
     – Так, нам ужо лепш, раны не так моцна баляць, – адказалі яны. – Мы вельмі ўдзячныя тым, хто ратуе і корміць нас.
     – Цяпер мы з вамі знаходзімся ў Чароўнай краіне Дабрыні і Міласэрнасці. Яе стварыў усемагутны Чараўнік для таго, каб дапамагаць слабым і безабаронным істотам, – сказаў Папугай. – Вам пашанцавала, што апынуліся ў гэтай краіне. Хутка вы акрыяеце і паляціце да сваіх родных.
     – Нашы жонкі кахаюць нас і вельмі ўзрадуюцца, калі ўбачаць, што мы не загінулі, – адказалі хворыя птушкі.
     – Значыць, у вас дужыя сем'і, – вырашыў Папугай. – Здаравейце хутчэй і вяртайцеся да родных.
     Сказаўшы гэта, Папугай выляцеў з хаткі, уводзячы за сабой Гошу і Ваську.
     
      Гэта казка на рускай мове
3.02.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100