Знаёмства з Лебедзем, Чапляй і сінічкамі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Знаёмства з Лебедзем, Чапляй і сінічкамі
Знаёмства з Лебедзем, Чапляй і сінічкамі
Неўзабаве яны падышлі да белай хаткі з шэранькім дахам, на якой красавалася таблічка: "Лебедзь і Чапля".      – Зойдзем у госці да іх, – сказаў Папугай. – Гэта разумныя птушкі, але яны патрапілі ў бяду. Аднак іх здароўе ўжо ідзе на папраўку. Я думаю, што хутка птушкі паляцяць адгэтуль, каб сустрэцца са сваімі роднымі, калі тыя вернуцца з зімоўкі на поўдні.
     Папугай падляцеў да ўваходных дзвярэй хаткі і далікатна пастукаў, просячы дазволу ўвайсці. Дзверы адчыніліся, і на парозе з'явіўся белы Лебедзь. Было прыкметна, што ў небаракі баліць нага, ён накульгваў. У пакоі знаходзілася яшчэ адна жыхарка – шэрая Чапля. І яе спасцігла тое ж няшчасце – правая ножка хворай была заматана бінтамі.
     – Здароўя у хату! – прывітаўся з імі Папугай. – Пазнаёмцеся, гэта нашы новыя жыхары – кот Васька і вараняня Гоша.
     – Вельмі прыемна пазнаёміцца, – ветліва адказаў Лебедзь, злёгку нахіліўшы галоўку, а Чапля ў знак прывітання памахала крыламі.
     Гоша добра разумеў, наколькі гэтым птушкам цяпер цяжка, бо здаровыя ногі ім гэтак жа патрэбны, як і крылы. Але, разгаварыўшыся з няшчаснымі, ён зразумеў, што Лебедзь і Чапля пасябравалі і ва ўсім дапамагаюць адно аднаму. У Лебедзя нага амаль зажыла, а Чапля не так хутка, але таксама ўжо здаравее.
     – Хто ж вас так пакалечыў? – спытаў Гоша.
     – Перад самым адлётам на поўдзень на мяне напала драпежніца Ліса. Мне яшчэ пашанцавала, што яна не адарвала ў мяне крыло. У апошні момант я заўважыў яе, паспрабаваў узляцець, яна схапіла мяне за нагу, але я змог вырвацца. А потым чароўны Гномік выратаваў мяне, адправіўшы сюды.
     – Дзе ж ты сустрэў Гноміка, пад навагодняй Ёлкай у скверы? – спытаў кот.
     – Не, я паспрабаваў адляцець на поўдзень, але нага моцна разбалелася, і я спусціўся на бераг ляснога возера. Маленькі Гномік паклікаў мяне і прапанаваў дапамогу. Ён пераправіў мяне сюды, у Чароўную краіну, на час, пакуль не зажыве нага.
     "Значыць гэта быў не той Гномік, які выратаваў нас", – падумаў кот і загадкава паглядзеў на Папугая.
     – А я сама вінаватая, – сказала Чапля. – Пераседзела ў халоднай вадзе балотнага возера, застудзілася, а потым яшчэ ў дадатак параніла нагу аб курч. Нага пачырванела і апухла. Відаць, я занесла ў яе інфекцыю.
     – Хто ж цябе ратаваў? – спытаў Гоша.
     – Ды той жа Гномік, які выратаваў Лебедзя. Так мы разам і патрапілі сюды.
     – Гаротнікі, – пашкадаваў іх кот. – Як добра, што ёсць Чароўная краіна, дзе нам усім далі прытулак і ратуюць.
     – Гэта так, – пацвердзілі ўсе, хто быў у пакоі. – Дзякуй ім за клопат пра нас.
     – Здаравейце, сябры, да сустрэчы!– сказаў Папугай. – А я павяду новых жыхароў далей на экскурсію па нашаму гарадку.
     І ён выпырхнуў з хаткі, а Гоша з Васькам рушылі ўслед за ім.
     – Значыць іх ратаваў не той Гномік, які выратаваў нас? – спытаў кот, звяртаючыся да Папугая. – Колькі ж іх, выратавальнікаў?
     – Сапраўды, я не ведаю, – прызнаўся Папугай. – Можа быць, іх некалькі, а можа адзін і той жа. Бо гномікі чароўныя, я думаю, што яны могуць імгненна перасоўвацца ў іншае месца, інакш кажучы, тэлепартавацца.
     – Клас! – пазайздросціў Гоша. – Мне б так.
     – Але ж і цябе тэлепартаваў чароўны Гномік сюды са звычайнага жыцця, – адказаў Папугай.
     – Так… – задуменна прамовіла вараняня.
     Недалёка ад хаткі Лебедзя і Чаплі стаяла іншая хатка, афарбаваная ў жоўты колер, з блакітным дахам.
     – Я здагадваюся, што тут жывуць сініцы, – прамовіў Гоша.
     – Ты маеш рацыю, – адказаў Папугай. – Гэта хатка маленькіх сінічак, на ёй вісіць таблічка: "Сініцы"
     Папугай падляцеў да акна, зірнуў у яго і штосьці прасвістаў. Праз імгненне ўваходныя дзверы адчыніліся, і цэлая чарада сінічак выскачыла надвор.
     "Такім спосабам Папугай скамандаваў сінічкам выйсці з хаткі, – здагадаўся Гоша. – Ён ведае іх пароль".
     – Вітаю вас! – гучна праспяваў Папугай і памахаў зялёнымі крыламі.
     Сінічкі выстраіліся радком і яўна чакалі працягу загадаў.
     – Што ў вас новага? – спытаў Папугай у птушачак. – На колько міліметраў падраслі за месяц вашы крылцы?
     Сінічкі, як па камандзе, пачалі адна за адной распавядаць пра сябе.
     – Так, я бачу, у вас ёсць поспехі. Хутка вы навучыцеся лятаць. Я дапамагу вам у гэтай справе. А вось яшчэ адзін памочнік, – паказаў ён на Гошу. – Дапаможаш сінічкам навучыцца лятаць?
     – Дапамагу, абавязкова, – пацвердзіла вараняня. Гоша ўспомніў, як навучаў гэтаму майстэрству свайго самага малодшага браціка.
     – Чаму вы жывяце тут, а не дома са сваімі бацькамі? – спытаў кот. Яму стала цікава, як здарылася, што такія маленькія бездапаможныя птушаняты засталіся адны без матулі, дарослай сініцы.
     – Мы позна нарадзіліся ў нашай мамы і да халадоў не паспелі падрасці, – адказалі маленькія птушачкі. – А потым наша мама знікла, калі паляцела шукаць чарвячкоў. Мы не ведаем, што з ёй здарылася. Мы сядзелі ў гняздзечку, і нам было вельмі холадна. Злы вецер выкінуў нас з гнязда, і мы паскакалі да высокай Ёлкі, аздобленай навагоднімі цацкамі, каб схавацца пад яе велізарнымі галінамі. Там нас сустрэў чароўны Гномік і адправіў сюды.
     – Значыць, вы мае суседзі. Маё гняздо на высокай ліпе, а ваша дзе? – пацікавілася вараняня.
     – Мы не ведаем, на якім дрэве наша гняздо, – зазвінелі сінічкі пяшчотнымі галасочкамі. – Там было вельмі холадна.
     – Вядома, цяпер жа ў нашым скверы зіма, – пацвердзіў Гоша. – Я абавязкова навучу вас лятаць, калі вашы крылцы цалкам адрастуць.
     – Мы ўжо ўмеем скакаць і ўвесь час трэніруем крылцы, – адказалі сінічкі.
     – Выдатна, так і працягвайце, – параіў малянятам Папугай. – Да сустрэчы! Ідзіце ў хату, мы ўжо сыходзім, – скамандаваў ён сінічкам.
     І тыя тут жа схаваліся за дзвярыма.
     – А мы з вамі адправімся далей, вунь да той хаткі, – крыкнуў Папугай і паляцеў наперад.
     
      Гэта казка на рускай мове
3.02.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100