Вараняня і кот ля чароўнай Ёлкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вараняня і кот ля чароўнай Ёлкі
Вараняня і кот ля чароўнай Ёлкі
Сон Алесі быў падобным на сапраўдную казку, у якой адбылося мноства чароўных падзей і нават прыгод. Гэты сон запомніўся дзяўчынцы надоўга. Надышоў час і нам з вамі даведацца, так што ж прыснілася маленькай Алесі ў тую чароўную пераднавагоднюю ноч…      – Здар-рова! – гучна каркнуў Гоша, падляцеўшы да пад'езда дома. Там каля заснежанага ганка сядзеў кот Васька.
     – Мя-ў-у! – неахвотна адказаў той, бязрадасна зірнуўшы на вараняня.
     – Што ты такі невясёлы? – спытаў Гоша.
     – Будзеш вясёлым, калі ў жываце пуста, а на вуліцы марозна і ідзе снег. Нажаль, Алеся мяне сёння не пакарміла.
     – І мяне таксама, – пажаліўся Гоша. – Мабыць, яна захварэла. Шкада, хутка Новы год, а яна не пабывае на ранішніку ў дзіцячым садзе. Учора я бачыў, як у яе садку прыбіраюць навагоднюю прынцэсу.
     – Гэта каго? – зацікавіўся Васька, і яго вушкі натапырыліся.
     – Ёлку, вядома. Але ты не дзівіся так. Казачныя прынцэсы бываюць насамрэч.
     – Праўда? – ізноў здзівіўся кот. – Хаця ён таксама бачыў, як учора ў яго дом людзі цягнулі зялёныя пахкія дрэўцы, але для чаго яны гэта рабілі, кот не ведаў. Бабуля, у якой ён жыў раней, ніколі не прыбірала Ёлку. Гэта не так проста зрабіць, а бабуля была вельмі старэнькая і нядужая.
     – Але я ведаю, дзе сёння можна паесці табе і мне, – працягвала казаць вараняня. – Хочаш, пакажу?
     – Ты жартуеш? Мая ежа не такая, як твая. Я печывам і хлебам не сілкуюся і яечным жаўтком таксама. Учора я злавіў мыш, але кожны дзень гэта рабіць не атрымоўваецца.
     – Ляці за мной! Я прывяду цябе туды, дзе шмат ежы, – прапанаваў Гоша.
     – На звалку? – ухмыльнуўся Васька.
     – Зусім не. Гэта добрае месца. Яно чароўнае.
     Варяняня паляцела наперад, а кот накіраваўся следам за ім. Неўзабаве яны апынуліся поруч высокай Ёлкі. Яна расла ў цэнтры сквера, недалёка ад ліпы, на верхавіне якой было гняздо вараняняці. Гэта Ёлка была не падобная на іншых лясных елак, бо зверху данізу на ёй віселі нейкія дзіўныя бліскучыя прадметы.
     – Відаць, гэту Ёлку ўпрыгожылі дзеці. Бачыш, колькі на яе галінах розных аздабленняў, ды і ласункі таксама вісяць. Вунь тая каўбаска – для цябе, а для мяне – вось гэта пяченне, – крыкнуў Гоша і ўжо хацеў сарваць з галінкі спадабаўшыся ласунак. Але, як толькі ён дакрануўся сваёй дзюбай да галінкі, Ёлка адхілілася ад яго, не даючы яму здзейсніць гэты нядобры ўчынак.
     – Нічога не чапайце, а то вас закруціць завіруха і панясе на поўнач! – зашумелі дрэвы, якія абкружалі Ёлку. – Гэтыя ўпрыгажэнні засцерагаюць чараўнікі!
     – Не праўда, гэту Ёлку ўпрыгожылі дзеці, – паспрабавала запярэчыць вараняня.
     Тым часам падняўся такі моцны вецер, закруціла лютая завіруха, ды так, што ўжо ніхто не мог разабраць словы вараняняці. Хітры Васька, празябшы наскрозь, згарнуўся клубочкам і паціху палез пад Ёлку, каб там перачакаць завею. А Гошу скруціла ветрам і кінула на зямлю так, што ён ад спалоху нават не мог паварушыцца.
     Нават калі вецер сціх, вараняня з катом засталіся сядзець пад Ёлкай, дрыжучы ад страху. І тут яны пачулі нечы ліслівы вельмі тоненькі галасок:
     – Вы галодныя? Вам дрэнна? Я магу выратаваць вас, але толькі на некалькі дзён, пакуль не акрыяе ваша сяброўка.
     – Алеся? – хорам спыталі сябры.
     – Так. Я ведаю, яна дапамагае вам, корміць, але цяпер сама захварэла. Аднак мы зробім усё, каб яна хутчэй акрыяла і патрапіла на навагодні ранішнік у дзіцячы садзік.
     – Хто ты, мы не бачым цябе? – прашапталі Гоша і Васька.
     – Я – маленькі Гномік, мяне пакінула тут чароўная Фея, каб я ахоўваў Ёлку. Гэта вечназялёная прынцэса патрэбна дзецям, бо дорыць ім шчаслівы навагодні настрой. А вы хацелі сарваць з яе цацкі, што вельмі дрэнна.
     – Мы не елі ўжо некалькі дзён, – прызналіся сябры.
     – У мяне баліць жывот, – мяўкнуў кот.
     – У мяне таксама, – пажалілася вараняня.
     – І вы вырашылі, што на Ёлцы вісіць ежа?
     – Вядома, а што ж яшчэ? – здзівіўся Гоша.
     – Гэта навагоднія ўпрыгажэнні, вы памыліліся, – адказаў Гномік.
     – Як цікава! – усклікнула вараняня. – Я нават не сумняваўся ў тым, што на Ёлцы вісяць сапраўдная каўбаса і печыва, таму што ад іх ідзе смачны пах ежы.
     – Гэта ілюзія, вам здалося. Але мне прыемна, што я змог ашукаць вас, бо я таксама трохі чараўнік.
     – Чараўнік? – здзівіліся сябры. – Тады, калі ласка, накарміце нас! – папрасілі яны.
     – Вось гэта я і збіраюся зрабіць. Лезьце сюды, там вы знойдзеце ўсё, што захочаце.
     
      Гэта казка на рускай мове
3.02.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100