Іншапланетнае і зямное жыццё працягваецца - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Іншапланетнае і зямное жыццё працягваецца
Іншапланетнае і зямное жыццё працягваецца
Насця ўсё яшчэ не збіралася хаваць навагоднюю Ёлачку.      – Хай пастаіць да старага Новага года, – сказала мама.
     Кацяняты былі радыя. Навагоднія святы працягнуліся. "Добра, што яны такія доўгія", – цешыўся Мяўка. У гэтыя зімовыя дні ў хаце пахла ўсякімі смачнасцямі. Мама Насці пякла пірагі, і, нягледзячы на тое, што кацяняты іх не елі, пах пірагоў ім вельмі падабаўся.
     – Добра, папешчу вас сёння рыбкай, – казала мама і клала кацянятам у місачкі па кавалачку смажанай рыбкі. Тыя ж з задавальненнем яе ўпляталі і ласкава з падзякай глядзелі на маму.
     Усе цукеркі і "печанюшкі", якія спачатку віселі на Ёлачцы, ужо былі з'едзены дзяўчынкай і яе сяброўкамі. Дачка не забылася прапанаваць цукерку маме, але тая, як заўсёды, адмовілася, кажучы, што не есць цукеркі.
     "І каты не ядуць цукеркі, які з іх толк" – падумаў Мяўка. Аднойчы Насця нават прапанавала яму нейкі лядзянец, але ён адмовіўся.
     – А твае кацяняты ловяць мышэй? – неяк спытала ў Насці яе сяброўка.
     – Не ведаю, можа і ловяць, – адказала дзяўчынка. – Але я ніколі не бачыла мышэй у нашай хаце.
     І праўда, адкуль у такой хаце ўзяцца мышам? Яны не захочуць сяліцца там, дзе ўсё насычана каціным пахам. У мышэй добры нюх, яны і блізка не падыдуць да такой хаты. Нават, калі б і прыйшлі, Мяўка тут жа б іх злавіў. Ён адважны каток.
     А цяпер ён чакаў не мышэй, а іншапланецяніна. І Гарэзе падрабязна распавёў пра тое, як сустрэўся з ім у двары і як пасябраваў.
     – Ён вернецца, я ведаю, абавязкова вернецца, – сказаў Мяўка, гледзячы на кацяня сцвярджальным позіркам. І… вось дзіва! Каток на памыліўся…
     У адзін з цудоўных зімовых дзён, перад самым старым Новым годам, шпацыруючы ў двары, Мяўка пачуў нейкі незразумелы свіст, а потым убачыў яркае святло маленькага пражэктара. Каток угледзеўся ў маленечкую кропачку і зразумеў, што гэта іншапланецянін. "Ён вярнуўся!" – мільганула ў галаве Мяўкі. Асцярожна, каб не пашкодзіць касмічны карабель, каток падпоўз да цёмнай крошечкі, пасадзіў яе сабе на лапку і бягом у хату.
     – Ты вярнуўся, я вельмі рады! – сказаў ён іншапланецяніну на яго мове, калі той вылез з карабля.
     – Здарова! – прывітаўся вандроўнік. – Я прыляцеў выконваць заданне. Мы на сваёй планеце пачулі новы сігнал ад тваёй планеты. Яго паслала чароўная Сняжынка, на час вашых навагодніх свят пераўтвораная ў маленькую Калядную Зорачку. Я прыляцеў сюды, бо сігнал ад яе прывёў мяне ў твой двор. Але тут я не бачу яе. Дзе ж яна можа быць?
     – Калі чароўныя сняжынкі ляцелі з неба на зямлю, адна з іх прызямлілася за нашым плотам. Мабыць, там расце Ялінка, да верхавіну якой яна прымацавалася.
     – Пойдзем у двор, ты пакажаш мне, дзе расце гэта Ялінка, – сказаў іншапланецянін, уключаючы свой пражэктар.
     Каток тут жа выбег у двор і паказаў іншапланецяніну кірунак, куды яму трэба было ляцець. Той у момант узляцеў і схаваўся за плотам, пакінуўшы за сабой яркі светлавы след.
     Мяўка зноў засмуціўся. Ён нават не паспеў ні пра што распытаць іншапланецяніна. Усё адбылося раптоўна і так хутка. Панура апусціўшы сваю галоўку, каток паплёўся дахаты. Тым часам Гарэза сядзеў, уткнуўшыся ў тэлевізар. Там паказвалі нейкі цікавы фільм пра прыроду. Мяўка ўбачыў велізарнае мора, у яго сіняй вадзе плавалі маленькія і вялікія марскія насельнікі. Гэта былі рознакаляровыя рыбкі, акулы, васьміногі, кальмары, чарапахі і яшчэ шмат іншых разнастайных па выглядзе рыб. Гарэза бачыў ўпершыню такіх жывёл і не мог адарвацца ад тэлевізара. Мяўка ж думаў толькі пра іншапланецяніна. "Шкада, што ён увесь час на працы і выконвае тэрміновыя заданні. Я не магу з ім нават пагаварыць", – перажываў Мяўка. Але ён быў рады, што зноў хоць на кароткі час пабачыўся з іншапланецянінам і зразумеў, што ў яго ўсё ў парадку. "Хай працуе, – разважыў каток, – раз гэта так важна". Ён прылёг каля кацяняці і гэтак жа, як і ён, стаў разглядаць тое, што паказваў навукова-папулярны фільм.
     Дыктар распавядаў цікавыя звесткі пра жыццё марскіх жывёл:
     – Нядаўна навукоўцы зрабілі адкрыццё. Яны мяркуюць, што васьміногі – іншапланетныя істоты, бо яны не падобныя ні на каго з жывёл і жывуць на нашай планеце мільёны гадоў, – паведаміў ён.
     – Як цікава! – сказаў услых Мяўка. – Васьміногі – іншапланецяне, а, можа і мы з табой таксама прыляцелі калісьці даўным-даўно сюды з іншай планеты, – каток загадкава паглядзеў на Гарэзу. А той толькі расплыўся ад усмешкі, вырашыўшы, што Мяўка пажартаваў.
     
     Вось так і скончылася гісторыя пра Мяўку і яго сяброў, пра зіму, якую ён з Гарэзам бачылі першы раз у сваім жыцці. Яшчэ шмат зім будзе ў кацянят, і хай усе яны дораць малышам шмат радасці і шчасця. А калі кацяняты вырастуць і стануць дарослымі катамі, то абавязкова будуць добрымі памочнікамі Насці, выконваючы ўсе яе даручэнні.
     
     
      Гэта казка на рускай мове
28.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100