Апошнія зімовыя дзянькі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Апошнія зімовыя дзянькі
Апошнія зімовыя дзянькі
Ты яшчэ не растаў? – спытаў у Снегавіка Мяўка. – Няўжо ты растанеш увесну? – пашкадаваў ён яго.      – Ну і што? Растану, так растану, – спакойна адказаў Снегавік.
     – Я не жадаю, каб ты растаў, – нахмурыўся Мяўка.
     – Не хвалюйся, нават калі я растану, я не знікну, а на наступную зіму ты зноў слепіш мяне з тых жа сняжынак.
     – Як з тых жа? – здзівіўся каток.
     – А ўсё вельмі проста, – Снегавік паварушыў сваімі вусамі ў выглядзе галінак, якія яму прымацавала Насця, калі старанна ляпіла яго, падобнага на велізарнага белага ката.
     – Увесну сняжынкі, з якіх вы мяне сляпілі, растануць і ператворацца ў кропелькі вады, – тлумачыў Снегавік. – Калі яшчэ больш пацяплее, кропелькі вады ператворацца ў паравыя кропелькі і паляцяць у неба. Там яны злучацца з аблокамі і будуць лётаць па небе. Узімку кроплі пары і вады ў аблоках змёрзнуць і ператворацца ў сняжынкі, а потым гэтыя сняжынкі зваляцца на зямлю прама ў твой двор. Вось тады мы з табой ізноў сустрэнемся, калі вы слепіце мяне.
     – Ух ты, які хітры! Гэта добра, калі ўсё так атрымаецца, а калі твае сняжынкі прыляцяць у іншы двор?
     – Тады мы не сустрэнемся. Але ты не перажывай. Слепіце снегавіка з іншых сняжынак.
     Мяўка доўга пра нешта думаў, а потым сказаў:
     – Добра, паглядзім. Можа ўсё абыйдзецца, і на наступную зіму мы зноў з табой сустрэнемся. Будзем верыць у цуд!
     – Правільна, – падтрымаў яго Снегавік. – Цуды на свеце здараюцца. І даволі часта.
     – Усё, давай гул-л-лять! – нецярпліва крыкнуў Гарэза. Увесь час, пакуль Мяўка размаўляў са Снегавіком, ён стаяў побач і моцна змерз. У кацяняці тросся ад холаду хвосцік, а носік стаў халодным, як лёд.
     – Давай! – падтрымаў яго Мяўка. – Даганяй мяне.
     Каток закруціўся вакол Снегавіка, Гарэза стараўся яго дагнаць, але не змог. Бадай вельмі шустрым аказаўся на гэты раз Мяўка.
     – Усё. Я стаміўся, – здаўся Гарэза, – пайду дахаты.
     І ён патупаў да ўваходных дзвярэй, а Мяўка – следам за ім. Снегавік стаяў пасярод двара і з усмешкай праводзіў кацянят. Усе сняжынкі таксама назіралі за малымі.
     – Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь, – устрывожаныя сняжынкі зазвінелі сваімі крыштальнымі лапкамі. – Растанем? Мы растанем…
     – Не перажывайце, – супакоіў іх Снегавік. – Гэта яшчэ не хутка. Зіма працягваецца, нават у пачатку вясны часта ідзе снег.
     Пачуўшы гэтыя словы, сняжынкі супакоіліся і шчасліва паглядзелі на неба. Там свяціла Сонейка, яно не было гарачым, як улетку, а толькі асвятляла яркім святлом іх далікатныя цельцы і ласкава ўсміхалася.
     
      Гэта казка на рускай мове
28.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100