Новы сябар Мяўкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Новы сябар Мяўкі
Новы сябар Мяўкі
Увечары Насця прыйшла са школы і, усміхаючыся, паказала тату свой дзённік:      – Глядзі, татачка! Гэта мае адзнакі за чвэрць, ніводнай дрэннай, толькі добрыя і выдатныя, – радасна ўсклікнула дзяўчынка.
     – Віншую! – сказаў тата. – Я ведаю, ты ж усё можаш, калі захочаш.
     – А зараз мне можна забраць кацяня, ты ж абяцаў? – спытала дачка.
     – Забірай. Толькі глядзі, каб у хаце быў парадак, і новы жыхар нічога не сапсаваў. Ты за яго адказваеш.
     – Усё будзе добра, Мяўка будзе з ім гуляць і навучыць усё рабіць правільна, – паабяцала дзяўчынка.
     Руды каток слухаў гэту гутарку, седзячы пад сталом, і разумеў – хутка ўсё адбудзецца, і яго жаданне спраўдзіцца. "Новы год наступіў, – вырашыў ён. – Я хутка сустрэну свайго сябра!" Толькі Мяўка памыляўся. Да Новага года яшчэ трэба было пражыць цэлы тыдзень. А на наступны дзень здарылася тое, пра што марыў каток.
     – Вось мы і дома, – усміхнулася Насця, уносячы ў пакой маленькую дрыготкую істоту. Кацяня было худзенькае, слабенькае, і па ўзросце маладзейшае за Мяўкі. Чорна-белая поўсць кацяняці скачалася камякамі. Відаць, малыш доўга бегаў па халодным снезе, бо яго мыска і лапкі былі ў брудзе. Ён глядзеў на ўсіх спалоханымі вачанятамі, а калі Насця апусціла яго з рук на падлогу, то ён сціснуўся ў камячок і прыціснуўся да яе ног.
     – Не бойся, – сказала дзяўчынка. – Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць, Мяўка будзе з табой сябраваць, – растлумачыла яна, паказваючы на катка. А той глядзеў на неверагодна мурзаты цуд і не разумеў, хто гэта?
     – Яго клічуць Гарэзам, – сказала Насця. – Гэта маленькі коцік, такі ж, як і ты. Толькі ён доўга жыў на вуліцы. А цяпер я цябе выкупаю, – сказала яна кацяняці, падняла яго з падлогі і панесла ў ванную. Мяўка пабег следам.
     Увесь дзень Мяўка пражыў, як у сне. Ён не зводзіў вачэй са свайго новага сябра, яму хацелася пазнаёміцца з ім бліжэй. Але Насця толькі і рабіла, што мыла, карміла, сушыла яго, загарнуўшы ў ручнік, а потым паклала спаць на падсцілку. Не, не на Мяўкіну, а на іншую, поруч цёплай батарэі ў калідоры.
     – Ён хворы, няхай паспіць, – растлумачыла яна катку. – Калі акрыяе, тады ты з ім будзеш гуляць.
     Мяўка засмуткаваў, ён не чакаў такога пачатку сяброўства. Але Насця працягвала тлумачыць:
     – Ты жывеш у нас у цёплай кватэры і заўсёды накормлены. А яго выкінуў гаспадар на вуліцу, нібы смецце. Беднае кацяня доўга жыло адно ў падвале, галадала, замярзала. Малыш мог памерці. Давай мы з табой дапаможам яму акрыяць. Добра?
     Мяўка тут жа ўсё зразумеў і пагадзіўся.
     
      Гэта казка на рускай мове
25.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100