Чаканне радаснай сустрэчы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чаканне радаснай сустрэчы
Чаканне радаснай сустрэчы
Шкада, што дні ідуць так павольна", – думаў Мяўка, уткнуўшыся носікам у халоднае шкло акна. А за ім скакала маленькая птушачка. Гэта была Сінічка. Птушачкі часта прыляталі ў іх двор. Яны ўсаджваліся на кармушку і дзяўблі ежу. Насця кожны дзень раніцай падсыпала ў яе зярняткі, калі ішла ў школу. Катку было цікава глядзець на птушак, з адной з іх ён нават умудрыўся пагаварыць на птушынай мове, калі выходзіў пагуляць у двор. Праўда гэта малышка не захацела з ім сябраваць, яна толькі сядзела поруч кармушкі альбо пералятала на галінку рабіны, тлумачачы гэта тым, што баіцца катоў, бо яны часта палохаюць птушак. Мяўка ўспомніў, як улетку сам узбіраўся на дрэва і цвяліў Сароку, таму ён не стаў пярэчыць Сініцы. А сам падумаў: "Зараз я не буду нікога цвяліць, бо паразумнеў, а тады быў дурны".      З таго дня, калі Насця паабяцала прынесці ў хату новага сябра, ужо прайшоў цэлы тыдзень. Вядома, бацькі дзяўчынкі былі згодны даць прытулак яшчэ аднаму кацяняці, але яны паставілі ёй умову.
     – Калі твае адзнакі за другую чвэрць будуць добрымі, тады прынось, а інакш, я яшчэ падумаю, – сказаў тата, а мама не асмелілася яму пярэчыць.
     Насця ўжо бачыла кацяня і гэтак жа, як і Валя, прыносіла яму ежу. Да таго ж, цяпер цэлымі вечарамі яна праседжвала за падручнікамі, і, здавалася, забылася пра Мяўку. Але ён не крыўдзіўся. "Хай імкнецца добра вучыцца, тады ў мяне будзе новы сябар", – думаў ён, летуценна гледзячы за акно і назіраючы там пераднавагоднія цуды.
     У яго хаце ўжо стаяла ўпрыгожаная навагодняя Ёлачка. Толькі яна была не сапраўдная, а штучная, калісьці даўным-даўно набытая ва ўнівермагу Насціным татам. Дзяўчынка паспрабавала вылучыць час і ўпрыгожыла яе. Мяўка разглядаў навагоднія цацкі, бліскучы дожджык, сняжынкі з фальгі, цацачнага Дзеда Мароза і Снягурку. З аповедаў дзяўчынкі ён пачаў разумець, што такое Новы год і Каляды, і чаму ўсе так любяць гэтыя святы. "У Новы год усе жыхары Зямлі атрымліваюць запаветныя падарункі, бо гэты дзень – самы чароўны ў годзе, – зразумеў Мяўка. – А яшчэ можна загадваць жаданні, яны абавязкова спраўдзяцца". Сваё жаданне каток на мог распавесці нікому, але верыў, што яно спраўдзіцца, і яго сябар сам прыйдзе да яго!
     – Хутка канікулы, трэба будзе схадзіць на навагодняе прадстаўленне ў цырк і яшчэ столькі цікавага можна зрабіць за два тыдні адпачынку! – цешылася Насця, а Мяўка скакаў побач з ёй і віляў ад задавальнення рудым хвосцікам. Да зімы яго поўсць адрасла, стала пухнацей і адлівала залатым колерам.
     Па вечарах, перад сном, Насця гуляла з ім або чытала казку. Тады Мяўка ўкладваўся ёй на калені і паціху спяваў у такт яе голасу сваю песеньку-мурлыку.
     – Маё маленькае сонейка! – казала дзяўчынка і ласкава гладзіла яго па мяккай поўсці.
     Па раніцах, выпраўляючы Насцю ў школу, Мяўка выбягаў услед за ёй у двор і доўга глядзеў на неба, спрабуючы адшукаць там яркі пражэктар іншапланецяніна. Затым каток згортваўся ў клубочак, прыхінаўся да ўваходных дзвярэй і слухаў ціхі шэпт чароўных крыштальных сняжынак, якія не так даўно апусціліся з неба на зямлю. Іх аповеды пра цікавыя вандраванні па свеце былі чароўнымі і незвычайнымі для Мяўкі. "Ім добра, – с зайздрасцю думаў каток, – вунь колькі іх, і ўсе яны сяброўкі!" Халодны вецер абдзімаў яго поўсць і прымушаў вярнуцца ў хату, як бы насвістваючы такія словы: "Не зайздросць ім. У цябе цёплая хата і добрая гаспадыня. А ў сняжынак толькі ледзяное неба і зямля. Не хвалюйся, ты хутка сустрэнеш сябра!"
     
      Гэта казка на рускай мове
25.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100