Набліжаецца Новы год - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Набліжаецца Новы год
Набліжаецца Новы год
З кім ты там гуляеш? – спытала ў катка дзяўчынка. – Са сняжынкамі? – усміхнулася яна.      – Не, – хацеў мяўкнуць Мяўка, каб Насця не западозрыла яго ў чараўніцтве, але прамаўчаў і толькі ласкава паглядзеў на яе.
     Каток любіў Насцю, і не толькі за тое, што яна яго кармілаа і пяшчотна гладзіла па рудай шэрстцы. Ён любіў яе, як сваю добрую гаспадыню. Толькі шкада, што дзяўчынка была нашмат старэйшая за яго, а сябар, як гэта разумеў Мяўка, павінен быць такога ж узросту, як і ён. Але ці быў іншапланецянін малянём? Гэта так і засталося таямніцай. Хутчэй за ўсё, ён быў юнаком і нашмат старэйшы за Мяўкі, але, усё-такі, чымсьці неверагодна спадабаўся катку. Мабыць, сваёй загадкавасцю і незвычайнасцю. Насця ж была звычайнай дзяўчынкай, Мяўка ўсё ведаў пра яе, але ён любіў яе і ва ўсім з ёй пагаджаўся.
     – Сёння я табе пачытаю ўвечары казку, – сказала Насця. – Ты будзеш слухаць?
     "Буду-р-р-р", – вырашыў Мяўка і ў знак згоды вільнуў рудым хвосцікам. Яму падабаліся казкі, Насця ведала гэта і часта па вечарах чытала іх услых. У яе была тоўстая кніга казак народаў свету. Пра свет, пра тое, як уладкавана жыццё людзей на нашай планеце, каток ужо даведаўся даволі шмат цікавага. Нават па тэлевізары ён мог бачыць розныя краіны, гарады і мястэчкі, жыхароў гэтых краін, іх хаты. Асабліва хвалявалі катка аповеды пра жывёльны свет. Ён з задавальненнем глядзеў фільмы пра жывёл, яму было цікава даведацца, як яны жывуць, з кім сябруюць, гуляюць. А калі Мяўка бачыў, што кагосьці з жывёл крыўдзяць, дык ён вельмі сердаваў, і яму хацелася скокнуць у тэлевізар, каб перамагчы крыўдніка.
     Першы месяц зімы – снежань аказаўся даволі халодным, снежным і марозным. Калі за акном ішоў снег, Мяўка назіраў за пухнатымі сняжынкамі спачатку з акна, затым выбягаў у двор, каб пабалбатаць з імі на іх мове. Катку вельмі хацелася даведацца пра тое, ці вядома ім што-небудзь пра іншапланецяніна, пра яго сустрэчу з Эдэльвейсам.
     Аднойчы сняжынкі, якія прыляцелі з поўдня, распавялі яму вось што:
     – Калі мы яшчэ былі вадзянымі кроплямі ў дажджавой хмары і гасцявалі над паўднёвым морам, то пачулі ад Ветра, які потым прыгнаў нас сюды ў вашу марозную зіму, дзе мы ператварыліся ў сняжынкі, што ў гарах на поўдні Зямлі пабываў іншапланетны карабель велічынёй са шпількавую галоўку. Ён сустракаўся з Эдэльвейсам, а потым паляцеў назад, на сваю далёкую планету. Пра што яны казалі, Вецер не ведае, але, мабыць, гэта была вельмі важная гутарка пра будучыню нашай планеты. Вецер сказаў, што іншапланецянін абяцаў зрабіць усё тое, пра што казаў Эдэльвейс, бо гэта была просьба Зямлі.
     – Мне здаецца, – нахмурыўся Мяўка, – што ёй цяжка дыхаць, псуецца яе атмасфера. Мабыць, Зямля баіцца, што можа загінуць.
     Ён часта бачыў па тэлевізары землетрасенні, ураганы, патопы, пажары, якія здараліся на Зямлі, і чуў, як Насця казала пра гэта з болем у голасе. Мяўке было шкада сваю планету, і ён баяўся, што нават там, дзе ён жыве, можа здарыцца штосьці жудаснае, і тады яму станавілася страшна.
     – Я веру, што іншапланецянін і яго родная планета дапамогуць выратаваць усіх нас ад бяды, а галоўнае, змогуць вылечыць нашу планету, – сказаў ён сняжынкам.
     – Мы таксама верым, што ўсё будзе добра! – зазвінелі з усіх бакоў тоненькія галаскі сняжынак.
     Мяўка абярнуўся – вакол яго было велізарнае царства малюсенькіх нябесных стварэнняў. "Якія яны добрыя і чулыя! Сняжынкі жадаюць нам дабра”, – падумаў Мяўка і, хаця лапкі ў яго ўжо трохі замерзлі, на душы ў маляняці было цёпла і ўтульна.
     – Бывайце! – крыкнуў ён сняжынкам і панёсся ў хату.
     
      Гэта казка на рускай мове
23.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100