Мяўка сустракае зіму - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мяўка сустракае зіму
Мяўка сустракае зіму
У хаце адной добрай дзяўчынкі жыў маленькі каток Мяўка. Ён нарадзіўся ранняй вясной і да пачатку лета трохі падрос. Калі ж каток добра асвоіўся ў хаце, Насця змагла адпускаць яго аднаго пагуляць у двор. Усё лета Мяўка гуляў у двары, побач з хатай, і не задумваўся ні пра што. Ён быў любімы і аблашчаны сваёй гаспадыняй. Шукаць сабе ежу, каб не памерці ад голаду, як гэта робяць бяздомныя каты, яму ніколі не даводзілася. Насця любіла яго, бо каток быў вельмі прыгожы. У яго былі вялікія зялёныя вочы, пухнатая рудая поўсць і белыя кончыкі лап. А яшчэ дзяўчынка любіла катка за тонкі пяшчотны галасок. Можа таму яна і назвала яго Мяўка.      У цёплыя летнія дзянькі каток часта песціўся ў двары на мяккай зялёнай траўцы і лавіў лапкай мушак і жучкоў. А яшчэ ён любіў лазіць па дрэвах. Заўважыўшы, што ў двор прыляцела Сарока, Мяўка караскаўся на дрэва, каб паспрабаваць злавіць птушку. "Табе ніхто нічога не дасць, тут гаспадар я, і толькі мяне корміць Насця, – здавалася, думаў каток і хітра паглядаў на Сароку. – Вось я зараз цябе злаўлю!" – марыў ён і рыхтаваўся да скачка. Але Сарока была не дурная, яна добра разумела звычкі катоў і, доўга не думаючы, пералятала на іншае дрэва. Скакаць з дапамогай доўгага пухнатага хваста з галінкі на галінку так, як гэта робіць лясная вавёрка, Мяўка не ўмеў. Адолены і пакрыўджаны ён асцярожна спускаўся з дрэва ўніз на зямлю і ўжо, не гледзячы на Сароку, сыходзіў у хату.
     Але як пражыць без сяброў? Насця – дзяўчынка, з ёй катку было цікава, калі яна гуляла з ім, але ўвесь час сядзець на каленях Насці ці бегаць за ёй па двары Маўку надакучыла. Часам яму хацелася ўцячы з двара, каб паглядзець, што там такое і пазнаёміцца з кім-небудзь. Але брамка плота заўсёды была шчыльна зачынена, падлезці пад яе каток не мог, ды і залезці на высокі плот таксама было немагчыма. Таму самай любімай забаўкай Мяўкі было сядзенне ля акна ў хаце.
     Каток залазіў на падаконнік і пралазіў паміж двума вазонамі з кветкамі да самага шкла. А там за акном была вуліца. Па ёй ездзілі машыны, аўтобусы, хадзілі людзі і нават сабакі. Мяўка не баяўся сабак. Яны яго яшчэ ні разу не спалохалі, таму што ні ў двары, ні ў хаце іх не было. Каток разглядаў сабак, якіх гаспадары вялі на ланцужках, але ніводны сабака ніколі на яго не забрахаў. Усе хатнія пародзістыя сабакі былі кемлівыя, яны разумелі, што нельга палохаць маленькае кацяня.
     Але як жа пазнаёміцца з тым, хто стане тваім сябрам? Гэту задачу дапамог вырашыць Мяўке адзін неверагодны выпадак. Але пра гэта рана казаць, бо яшчэ не надышла зіма.
     Каток усё лета і ўсю восень пражыў у сваім двары адзін. Толькі Насця часам гуляла з ім, а ён набіраўся сіл і падрастаў. Не, да зімы Мяўка яшчэ не стаў вялікім дарослым катом, бо яму не споўніўся нават годзік. Аднак шэрсць на яго спінцы стала даўжэйшай і пухнацейшай, вочкі разумнейшымі, зубкі вастрэйшымі.
     Халоднай і дажджлівай восенню Мяўка часта сядзеў у хаце і глядзеў на лужыны за акном. На бабіна лета, калі яшчэ ўсе дрэвы былі апрануты ў вясёлыя залацістыя ўборы, а на небе свяціла сонейка, Насця паспела сабраць яркі букет з восеньскага лісця і кветак, засушыла яго і паставіла ў вазу на акно. Каток глядзеў на гэты букет, варушыў яго лапкай, яму хацелася адкусіць лісцік ці кветачку, але ён гэтага не рабіў, каб не пакрыўдзіць Насцю.
     – Мяўка! Дзе ты? – пытала дзяўчынка, калі прыходзіла са школы.
     А каток, улёгшыся на падаконніку, задрамаў і не адгукаўся на кліч.
     – Табе сумна? – дапытвалася яна. – Ідзі, пагуляй у двары. – Але каток не жадаў хадзіць па двары пад халодным дажджом і пэцкаць у бруд свае чыстыя лапкі.
     Нарэшце, прыйшла марозная зіма. І тады з неба ўжо пасыпаліся не кроплі вады, а далікатныя ажурныя сняжынкі асляпляльна белага колеру.
     – Ура! – узрадавалася Насця, гледзячы на першы снег. А каток пазіраў за акно і дзівіўся. Ён не разумеў, што такое снег, бо яшчэ ніколі яго не бачыў.
     – Глядзі, Мяўка! Гэта сняжынкі, яны малюсенькія і вельмі халодныя, таму што зроблены з лёду, – тлумачыла Насця, паказваючы на неба, адкуль ляцелі гэтыя выдатныя чароўныя стварэнні…
     Так, менавіта чароўныя, бо зрабіць такі цуд пад сілу толькі сапраўднаму чараўніку. Калі паглядзець на сняжынкі пад павелічальнае шкло, то можна разгледзець сотні сняжынак і зразумець, што іх узор ніколі не паўтараецца, хаця, яны падобныя, і можна сказаць, што ўсе сняжынкі – сястрычкі. Яны маюць правільную форму, і ўсе шасцівугольныя, але кожная сняжынка нараджаецца на свет асаблівай, не падобнай на іншую.
     Мяўка не ведаў гэтага, але ён выбег у двор, каб пакратаць сняжынкі сваёй лапкай.
     – Мяў! – незадаволена мяўкнуў каток, калі адчуў, што снег халодны. Але гэта не спыніла яго, і ён скокнуў у пухнатую халодную вату са снега, нібы ў мяккую траўку.
     Ах, ах, ах! Які ён адважны! Але зрабіў гэта каток не проста так. Мяўка адчуў, што ў снезе хтосьці хаваецца. Пэўна, гэта і быў сябар, якога каток так чакаў і шукаў.
     
      Гэта казка на рускай мове
22.12.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100