Вяртанне дахаты разам з ваверчанятамі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вяртанне дахаты разам з ваверчанятамі
Вяртанне дахаты разам з ваверчанятамі
Трохі пагасцяваўшы на гэтым канцы лесу, пазнаёміўшыся з яго насельнікамі, Каравочка сабрала ў дарогу ваверчанят. Разам з імі ў гэтае вандраванне адпраўляўся высакародны Алень. Малады і вельмі адважны, ён не баяўся ні ваўкоў, ні лісіц, якія маглі сустрэцца на шляху. Але лясныя птушкі, усё-такі, хваляваліся за вандроўнікаў, таму вырашылі папрасіць вялікую моцную птушку, Каршака, ахоўваць Аленя і ваверчанят.      На досвітку вандроўнікі адправіліся ў паход. Каравочка, бегла па лесе наперадзе і вяла ўсіх за сабой. Яна прытрымвалася ўсё той жа самай вузенькай сцяжынкі, па якой дабралася да ваверчанят. Вавёрачка пераскоквала з галінкі аднаго дрэва на галінку іншага. Яе доўгі руды хвост, нібы яркі сцяжок, клікаў за сабой Аленя з ваверчанятамі на спіне. Каршак ляцеў паводдаль, зорка назіраючы за мясцовасцю, ахоўваючы Аленя ад хітрай і каварнай Лісы, якая, напэўна, сачыла за імі і пры зручным моманце магла схапіць ваверчаня і панесці ў лес. А самім ваверчанятам Каравочка загадала дужа трымацца і старацца не зваліцца з Аленя. Яны так і рабілі, прытуліўшыся да ягонай спіны, маляняты чэпка ўхапіліся за аленевыя рогі.
     Дарога назад аказалася не такой ужо і цяжкай. Прыгожы стары лес быў размалёваны яркімі фарбамі восені, бабіна лета сагравала падарожнікаў цёплымі прамянямі восеньскага сонейка. Вавёрачка зусім асмялела і гучна напявала нейкі вясёлы матыўчык, не жадаючы трэсціся, як восеньскі лісток, ад страху і няўпэўненасці. "Усё будзе добра", – паўтарала яна самой сабе і бадзёра пераскоквала з адной галінкі на другую.
     Вядома ж, ваверчанят трэба было падстрахаваць. І вавёрачка разам з Гракам перад ад’ездам прывязалі малянят да спіны Аленя доўгімі мяккімі дубчыкамі. Магчыма, яму гэта было не вельмі прыемна, але ён цярпеў і маўчаў. Дабраўшыся да сярэдзіны дарогі, Каравочка ўладкавала прывал. Яна дастала з кошыка ўсе свае харчы і накарміла спачатку малянят, а потым раздзяліла астатнюю ежу пароўну паміж усімі. Алень не стаў есці ягады, ён пажаваў трохі смачнай травы, а Каршак перакусіў жабай, якую сам і злавіў. Напаіўшы ваверчанят вадой, вавёрачка павяла вандроўнікаў далей. Яна хацела, чаго б гэта ні каштавала, дабрацца дахаты да цемры. І, хатя, дарога была няблізкая, другі раз пераадольваць падарожныя цяжкасці было нашмат лягчэй. Бо гэта была дарога дахаты, дзе яе чакалі сябры і ўтульнае дупло.
     Дабраўшыся да Рабінушкі, Каравочка перадала Вожычысе яе кошык, у які паклала гасцінец для важанят – ягадкі журавін.
     – Дзякуй, ваш кошык дапамог мне накарміць ваверчанят, – сказала Каравочка. – Гэта мае брацік і сястрычка, я вязу іх да сябе. Мы будзем жыць разам.
     – Як добра, калі побач жывуць твае родныя, і ты не самотны, – зашалясцела галінамі Рабінушка. – Я радая за цябе, вавёрачка. Калі падрастуць ваверчаняты, прыходзіце да мяне ў госці, я буду чакаць вас.
     – Прыйдзем абавязкова, – паабяцала Каравочка.
     Вандроўнікі адправіліся далей. Сонца ўжо хілілася да гарызонту, але Алень, не стамляючыся, бег наперад следам за вавёрачкай. Тут жа побач быў і Каршак.
     Нарэшце, яны дабраліся да запаветнага раўчука з ключавой вадой. Каршак напіўся вады і нават выкупаўся, Алень памачыў свае капыты і напіўся воды, вавёрачка памыла мыскі сабе і ваверчанятам. А Алешына з усмешкай паглядала на сяброў вавёрачкі і на маленькіх ваверчанят.
     – Гэта мае сястрычка і брацік, – растлумачыла ёй Каравочка. – Яны чакалі мяне і ўвесь час ведалі, што я адшукаю іх і выратую. Усё так і здарылася. Нездарма мне ў сне прысніліся мае родныя ваверчаняты і паклікалі мяне да сябе на выручку. Я адшукала іх і прывезла сюды. Зараз мы будзем жыць разам у вялікім утульным дупле старога Дуба.
     – Прывітанне, Дуб! Прымай гасцей, – крыкнула Каравочка, калі яны падышлі да Дуба.
     – Нарэшце, ты вярнулася, – адказаў Дуб. – Я хваляваўся за цябе і верыў, што ты вернешся да нас. Тут твая хата і твае сябры – Мышка, Сойка, Сарока, верабейкі і я.
     – Дуб, я люблю вас усіх, сваіх сяброў, як добра, што вас шмат! – засмяялася Каравочка. – Бачыш, Дуб, гэта мае новыя сябры – Алень і Каршак. Яны вельмі дапамаглі мне. Я ўдзячна ім. А гэтыя ваверчаняты – мае родныя брацік і сястрычка. Іх мама загінула, але я жывая і буду гадаваць і апекаваць малянят.
     – Раз так, будзем знаёміцца, – прамовіў Дуб. – Заставайцеся, сябры, у нас. Пераначуйце да світання. Дзякуй, што дапамаглі вавёрачцы дабрацца сюды, – Дуб пакалыхаў сваімі галінамі ў знак прывітання і падзякі Аленю і Каршаку. – А вы хто такія? – хітра спытаў ён у малянят.
     – Я – Ушасцік, а я – Мілка, – піснулі ваверчаняты.
     – Тады лезьце ў дупло і адпачывайце, дзецям ужо надышоў час класціся спаць, – адказаў Дуб.
     У гэту ноч Каравочка, Алень і Каршак яшчэ доўга гутарылі з Дубам пра сваё жыццё-быццё ў старым велізарным лесе. Раніцай да іх прыбегла Мышка, прыляцелі птушкі, каб пазнаёміцца. Вавёрачка сабрала Аленю і Каршаку гасцінцы са сваіх восеньскіх запасаў, і яны адправіліся дахаты на іншы канец лесу.
     – Мы часам будзем наведваць вас, – сказалі Алень і Каршак.
     А ваверчаняты з вавёркай доўга махалі лапкамі ім услед і жадалі шчаслівай дарогі.
     
      Гэта казка на рускай мове
01.11.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100