Вавёрачка селіцца ў лесе ў дупле Дуба - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вавёрачка селіцца ў лесе ў дупле Дуба
Вавёрачка селіцца ў лесе ў дупле Дуба
Вось так ізноў вавёрачка змяніла сваё месца жыхарства. І зрабіла гэта зусім добраахвотна. Крумкач давёў яе да бліжэйшага лесу і паляцеў назад у парк. А вавёрачцы прыйшлося самастойна знаёміцца з лесам і яго насельнікамі.      Але вясёлы восеньскі дзянёк супакойваў яе. Сонейка ярка асвятляла пажоўклую лістоту дубоў і ясеняў, бярозак і ліп, асін і клёнаў, трава ў лесе яшчэ не палягла і пералівалася на сонцы рознакаляровымі адценнямі восеньскіх кветак. Пераскокваючы з галінкі на галінку, Каравочка паглыбілася ў лес.
     Першым на яе шляху сустрэўся калючы Вожык. Вавёрачка бачыла ў заапарку вожыкаў і таму адважна прывіталася з ім:
     – Добры дзень, Вожык! – сказала яна. – Калі ласка, падкажы мне, дзе можна адшукаць утульную пустую хатку. Я б жадала ў ёй пасяліцца.
     – Хатку? Ды табе, вавёрачка, патрэбна не хатка, а ўтульнае дупло. Спытай у Дзятла, ён параіць, дзе пустуе такое жыллё. Чуеш грук, бяжы туды, гэта ён, наш лясны майстар, працуе.
     – Дзякуй, Вожык! – узрадавалася вавёрачка і паспяшалася насустрач Дзятлу.
     – А… новы жыхар да нас завітаў, – пярэстая птушка з чырвонай палоскай на галоўцы з цікавасцю паглядзела на вавёрачку. – Вунь на тым дубе пустуе дупло. Сяліся ў ім, – Дзяцел паказаў незнаёмцы на велізарнае дрэва з вельмі тоўстым ствалом.
     – Дзякуй, Дзяцел! – крыкнула вавёрачка і, пераскокваючы з галінкі на галінку, паляцела даследаваць новае жыллё. "Нічога, я спраўлюся, – думала яна, супакойваючы свае лапкі, якія калаціліся ад страху. – Гэта толькі спачатку ўсё навокал так незвычайна. Але я навучуся жыць у лесе і нават буду дапамагаць іншым нічога не баяцца".
     – Добры дзень, шаноўны Дуб! – павітала яна высачэзнае дрэва, усеўшыся на яго шырокую галінку. – Ты не супраць, калі я пасялюся ў тваім дупле? Толькі, дзе ж яно? – вавёрачка разглядала ствол Дуба і шукала маленькую ўтульную хатку.
     – Прывітанне, прыгажуня! – Дуб важна пакалыхаў галінамі. – А я ўжо зачакаўся новага кватаранта. Нядаўна ў маім дупле жылі птушкі, шпакі. Калі ты паселішся ў мяне, то, відаць, надоўга. Гэта так?
     – Магчыма. Мне б гэтага вельмі хацелася. Я ніколі не жыла ў дупле. Мне цікава паспрабаваць!
     – Тады сяліся. Глядзі ледзь вышэй, вунь тая дзірка ў маёй кары і ёсць дупло.
     – Так? – здзівілася вавёрачка і нясмела палезла ўнутр дупла.
     "Тут цёмна і чымсьці пахне, – прынюхалася яна. – Гэта пах птушак. Мне трэба выкінуць іх старое гняздзечка і заслаць на дно дупла мяккую траўку і сухія лісточкі. А яшчэ я нарву галінак верасу. Ён напоўніць дупло духмяным водарам", – вырашыла вавёрачка і жыва прынялася за работу.
     Дзе ж Каравочка даведалася пра такую пахкую траву? Гэта для нас застанецца невядомым. Магчыма, хтосьці ў парку паказаў ёй кветкі верасу, а, можа, яна сама іх убачыла, абследуючы парк. Але як бы там ні было, вавёрачка, змагла абнавіць і асвяжыць сваё жыллё і зрабіла гэта даволі хутка – усяго толькі за некалькі дзён.
     – Якую духмяную ты сабрала траву! – захапіўся Дуб. – Вавёрачка, мне падабаецца, што ты такая разумніца. Жыві ў мяне доўга-доўга!
     – Дзякуй, Дуб, я згодна, – засмяялася Каравочка.
     Ранкам да Дуба завітала знаёмая Сарока. Яна ўбачыла руды хвост, які тырчаў з дупла, і гучна затрашчала:
     – І хто ж такі тут пасяліўся?
     – Цішэй, балбатуха, – спыніў яе развагі Дуб. – Мая вавёрачка яшчэ спіць, учора напрацавалася, уладкоўваючы дупло.
     – Вавёрачка? А адкуль яна ўзялася, дзе жыла раней? – ужо паціху спытала Сарока.
     – Не ведаю, а ці ўсё роўна, – адказала магутнае дрэва. – Галоўнае, па ўсім відаць, што яна разумная і не лянуецца працаваць. – Прылятай праз гадзінку, пагаворыш з ёй.
     Сарока паляцела, а вавёрачка, пачуўшы незнаёмы голас, неўзабаве прачнулася і выбралася з дупла. Язычок у яе прысох да паднябення, малой хацелася піць, ды і есці ёй таксама вельмі хацелася.
     – Бяжы да раўчука, там смачная ключавая вадзіца, а побач знойдзеш кусты ажыны, яе ягады спелыя і салодкія, – параіў Дуб. – Хутка будзеш ласавацца маімі жалудамі, бачыш, яны звісаюць з галін?
     І праўда, на цяжкіх галінах старога Дуба калыхаліся цікавыя маленькія "бочачкі ў капялюшыках". Вельмі хутка яны адарвуцца ад галін і паляцяць на зямлю. Дзе-нідзе жалуды змогуць прарасці і ўвесну ператварыцца ў маленькі расточак новага дубочка.
     Вось так пачалося знаёмства Каравочкі з лясной гаспадаркай. Цяпер яна ведала, дзе можна напіцца вадзіцы і нават выкупацца, і дзе расце ажына. Але колькі лясных сакрэтаў вавёрачка яшчэ не ведала, і хто дапаможа ёй даследаваць лес?
     
      Гэта казка на рускай мове
28.10.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100