Вавёрачка и Елка жывуць у гарадскім парку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вавёрачка и Елка жывуць у гарадскім парку
Вавёрачка и Елка жывуць у гарадскім парку
У вялікім гарадскім парку круглы год жылі птушкі: вароны, каўкі, сарокі, вераб'і, сініцы, гракі, крумкачы. Яны даўным-даўно аблюбавалі сабе ўтульныя месцы ў парку, дзе кожны год у гняздзечках гадавалі маладых птушанят. Улетку на дрэвах у сваіх старых гнёздах і шпакоўнях сяліліся пералётныя птушкі: дразды, берасцянкі, сітаўкі, пеначкі, шпакі, беражанкі, ластаўкі і іншыя птушкі. Але, акрамя птушак, у гэтым парку больш ніхто з жывёл не жыў. Нарэшце, працаўнікі парку збудавалі на самай высокай Елцы ўтульную хатку і ўвесну пасялілі ў ёй маладую вавёрачку па імені Каравочка. Яе яны прывезлі з гарадскога заапарку. Праўда, гэта каравокая прыгажуня з пышным рудым хвастом і вострымі зубкамі была вельмі баязлівай. Апынуўшыся ў новай хатцы, вавёрачка старанна абследавала яго з усіх бакоў, засунула носік ва ўсе куточкі, але не адшукаўшы нідзе ніякіх заган, трохі супакоілася.      Вялікі стары парк, дзе расло шмат высокіх галінастых дубоў, клёнаў і ясеняў, стройных бяроз і таполяў, спачатку здаўся прыгажуні з белым брушкам і доўгімі вушкамі шумным і страшным. Часам моцны вецер разгойдваў велізарныя галіны дрэў, і малая, седзячы ў хатцы, адчувала грознае рыпанне і трэск. Нават у добрае надвор'е вавёрачка баялася вылазіць з хованкі, і толькі пачастункі: семачкі, арэшкі, сушоныя ягады, грыбы, якія наведвальнікі парку клалі на траве поруч Елкі, падахвочвалі Каравочку выбірацца з хаткі, каб схапіць ежу і аднесці да сябе.
     Але праз некаторы час вавёрачка прывыкла да новага месца жыхарства. Усё часцей і часцей яна выбіралася з хаткі і ўсаджвалася на верхавіне Елкі, разглядаючы лес. Асмялеўшы, Каравочка скакала па галінах дрэў і назірала за наведвальнікамі парку. Дзеці, згледзеўшы звярка з доўгім рудым хвастом, спяшаліся падбегчы да яго, каб лепей разгледзець ці нават дакрануцца да вавёрачкі і пагладзіць яе. Каравочка падпускала дзяцей бліжэй, услухоўвалася ў іх звонкія галасы, стараючыся штосьці зразумець, але потым хутка ўцякала і хавалася ў сваёй хатцы.
     За лета вавёрачка ўжо даволі добра асвоілася ў парку. Яе кармілі наведвальнікі і працаўнікі парку, а сама яна нават не магла ўявіць, адкуль бярэцца гэта ежа. Аднойчы ў яркі восеньскі дзянёк вавёрачка сарвала з Елкі пузатую шышку і знайшла ў ёй малюсенькае крылатае насенне.
     – У шышцы хаваюцца маленькія арэшкі! – усклікнула Каравочка. – Елка, у тваіх шышках сядзяць "прысмакі"!
     – У шышках хаваецца насенне, – адказала Елка. – Ранняй вясной на маіх галінках вырастаюць маленькія зялёныя шышачкі. Паступова яны ператвараюцца ў вялікія карычневыя. Усярэдзіне шышак спее насенне. Увосень шышкі адрываюцца ад галінак і валяцца на зямлю. З іх высыпаецца насенне. Яго ты, вавёрачка, і знайшла. З такога насення могуць вырасці новыя елкі, такія велізарныя, як я. Лясныя насельнікі любяць ласавацца маім насеннем.
     – Хто гэтыя насельнікі? – спытала вавёрачка.
     – Ды шмат хто. Напрыклад, сінічкі і попаўзні, дзятлы, сойкі і крыжадзюбы, бурундукі. Для таго, каб з майго насення вырасла дрэва, трэба дачакацца, калі шышка сама разгарне свае іголкі і выпусціць насенне вонкі. Тады яго падхопіць вецер, яно разляціцца, а потым дзесьці зваліцца на зямлю. Усё гэта адбываецца позняй восенню, – распавядала Елка. – Цяпер пачатак восені, і маё насенне яшчэ не гатовае да такога палёту. І спрабаваць на смак яго яшчэ не варта. Вось калі б ты, вавёрачка, жыла ў лесе, то позняй восенню змагла б адшукаць там яшчэ шмат розных "прысмакаў".
     – Праўда? – здзівілася вавёрачка. – І дзе ж яны растуць?
     – На хвоі і на кедры, на дубе і на ляшчыне расце іхняе насенне. Улетку на кустах чарніц, малін, дурніц, суніц, брусніц спеюць салодкія лясныя ягады. Пад дрэвамі ў траве ўлетку і ўвосень вырастаюць ядомыя грыбы.
     – Ядомыя?
     – Так, усе грыбы, якія растуць у лесе, есці нельга. Калі з'ясі атрутны грыб, можаш памерці.
     – Як гэта цікава! – захапілася вавёрачка. – А дзе расце лес?
     – Ён расце за горадам, але туды дабрацца не так проста, – адказала мудрая Елка. – Калісьці даўным-даўно, я была маленькай, як ты, і жыла ў лесе. Потым мяне выкапалі людзі і прывезлі сюды на вялікай машыне. З тых часоў мая хата – гэты парк. За шмат гадоў я вырасла і ператварылася ў высокую Елку. Вось і мае шышкі спадабаліся табе, вавёрачка, – старая Елка скончыла свой аповед і ў завяршэнне ледзь–ледзь пакалыхала з боку ў бок сваімі калючымі, але такімі пахкімі зялёнымі лапкамі.
     – Мне таксама хочацца пабываць у лесе, – падумаўшы, сказала Каравочка. – Я б абавязкова пасябравала там з усімі: з птушкамі, звяркамі, дрэвамі, кустамі. Да таго ж, у лесе жыве шмат вавёрак, такіх як я. Я чула, як пра гэта распавядалі людзі.
     – Гэта праўда, – адказала Елка. – Я папрашу старога Крумкача, ён жыве ў гняздзе на верхавіне суседняй хвоі, паказаць табе дарогу да лесу.
     Спагадлівая Елка выканала сваё абяцанне і ўгаварыла Крумкача давесці вавёрачку да лесу. Дарогу туды ён добра ведаў, бо не раз лётаў у лес да сваіх знаёмых крумкачоў.
     Вавёрачцы, вельмі дапытлівай ад роду, не гледзячы на свой страх, жадалася пабываць у незнаёмым, такім незразумелым і прывабным месцы, як дрымучы лес, пра які яна даведалася ад усёведнай Елкі. Але малая сумнявалася ў тым, што зможа надоўга пасяліцца ў ім. Тут, у парку, у яе было ўсё: утульная хатка, ежа, знаёмыя і сябры. А там яшчэ не было нічога.
     – У лесе табе спадабаецца, – супакойвала яе Елка. – Там ты сустрэнеш шмат новых сяброў, толькі ежу табе прыйдзецца здабываць сабе самой.
     – Гэтага я не баюся, – рашуча адказала вавёрачка, хаця сама не разумела, як яна будзе адшукваць сярод дрымучага лесу ежу.
     Так, вядома, яна яшчэ ніколі не адчувала голад і не ведала, як можа ад недаядання разбалецца жывот. Але не будзем яе палохаць, наша малая рашучая і разумная. Яна зможа хутка сцяміць, як трэба сябе паводзіць у незнаёмым месцы. Апрача таго, напэўна, добрыя лясныя жыхары дапамогуць ёй разабрацца і зразумець лясныя прамудрасці.
     – Мне надакучыла жыць без справы ў гэтым парку, – бадзёра памахваючы рудым хвастом, сказала вавёрачка. – Самой быць гаспадыняй нашмат цікавей.
     – Тады адпраўляйся ў лес і перадавай прывітанне ўсім старым елкам, можа быць, яны яшчэ памятаюць мяне, – адказала Елка.
     
      Гэта казка на рускай мове
28.10.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100