Выратавальнікі качанят - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Выратавальнікі качанят
Выратавальнікі качанят
У той жа вечар Поўня даведалася пра задуму Светлячка і паплыла да Ракі, каб, калі будзе патрэбна, дапамагчы яму. У гэтую ноч яна свяціла не вельмі ярка, бо на небе былі аблокі, скрозь якія святло Поўні праходзіла не цалкам, як эта адбываецца ў бясхмарныя дні.      Малыш ужо дамовіўся з конікамі, якія тут жа пагадзіліся яму дапамагчы. Але Светлячок прыляцеў на бераг ракі раней за іх, таму што конікі не маглі хутка даскакаць да Ракі, хоць скачкі ў іх не маленькія.
     А крыважэрныя камары ўжо пачалі сваё паляванне, і з зараснікаў чаратоў данасіліся жаласныя піскі маленькіх качанят. Качкі стараліся лавіць куслівых шкоднікаў. Але зрабіць гэта было не проста. Камары хутка хаваліся ў траву.
     Светлячок, стаіўшыся ля берага Ракі, не ўключаў свае магутныя пражэктары, бо не жадаў загадзя палохаць камароў. Увесь ход аперацыі ён ужо прадумаў у галаве. Малыш вырашыў, што спачатку конікі размяркуюцца ўздоўж берага Ракі так, каб яны усе разам раптоўна маглі напасці на камароў. "Гэтым шкодным казуркам трэба задаць дыхту так, каб назаўжды прагнаць іх адгэтуль і, тым самым, усцерагчы качанят ад балючых укусаў", – вырашыў Светлячок. Апрача таго, ён заўважыў, што камары не такія ўжо і адважныя шкоднікі. Як толькі мамы-качкі пачынаюць махаць крыламі і адпужваць іх, камары хутка адлятаюць і хаваюцца.
     Але спачатку трэба было адшукаць месцы ў высокай траве, дзе камары затойваюцца. “Як гэта зрабіць? Асвятліць траву сваім магутным ліхтаром? Тады яны спалохаюцца і пераскочаць у іншае месца. Так іх і будзеш ганяць туды-сюды і ніяк не зможаш вылавіць. А трэба абавязкова злавіць хаця б аднаго камара, тады ўсе астатнія будуць баяцца тут заставацца”, – меркаваў Светлячок, і гэта быў яго прыдуманы план дзеянняў.
     "Але што гэта за светлая палоска на траве?" – спачатку малыш не зразумеў, што Поўня на небе стараецца дапамагчы яму. "Ах, гэта мая мама свеціць!" – неўзабаве здагадаўся ён і ўсміхнуўся, гледзячы на яе.
     Нарэшце, прыбылі конікі. У святле Поўні непрыкметна для камароў Светлячок разглядзеў усе месцы іх сховішчаў у траве, каб падвесці бліжэй да іх сваіх "воінаў-конікаў". І толькі калі ўсё было гатова, "галоўнакамандуючы" Светлячок аддаў загад:
     – Вылавіць!
     У гэта імгненне ўсе конікі, распушыўшы свае доўгія вусы-лакатары, разам скокнулі на ворагаў маленькіх качанят, а яркае святло пражэктара Светлячка дапамагло ім беспамылкова атакаваць крыважэрных камароў. Што тут было! Камары пішчалі ад страху, шматлікія з іх адразу апынуліся ў сківіцах конікаў і былі з'едзены. І толькі некаторым удалося ўцячы з "поля бою" ў невядомым кірунку.
     – Ура! Мы іх перамаглі, – цешыліся конікі, цешыўся Светлячок, цешыліся качкі з качанятамі, цешылася Поўня.
     – Дарагія нашы выратавальнікі, як нам аддзякаваць вам, вы абаранілі нашых дзяцей! – не маглі нарадавацца мамы-качкі.
     – Мы спадзяемся, што камары і надалей больш не будуць вас мучыць, – сказаў Светлячок. – А калі гэта паўторыцца, мы абавязкова зноў прыйдзем да вас на дапамогу.
     Ужо за поўнач конікі і Светлячок вярталіся дадому. Усе яны парадкам стаміліся, бо дзень быў доўгім, і столькі розных падзей было ў ім. Але ўсе справы гэтага дня, якія хацелася выканаць, былі паспяховымі, як у конікаў, так і ў Светлячка. Конікі разбрыліся па лесе, а Светлячок паспяшаўся ў сваю мяккую пасцелю пад бокам у Валуна. Яго мама яшчэ свяціла ў небе, яе працоўная начная змена пакуль не скончылася. Поўня праводзіла малога і вярнулася да Ракі, каб трохі пабалбатаць з ёй.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100