Тэрміновае заданне - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Тэрміновае заданне
Тэрміновае заданне
Як тут хораша і цёпла, колькі цудоўных яркіх фарбаў! – зачаравалася Багоўка, калі яны даляцелі да лясной палянкі.      – Так, яна папрыгажэла… – задуменна прамовіў Светлячок. Яму таксама здалося, што кветкавая палянка стала больш светлай і ярчэйшай, чым была раней.
     – Прывітанне! – першым да іх падляцеў знаёмы сонечны Праменьчык. Ён быў у выдатным настроі, усміхаўся і свяціўся ад радасці.
     – Ты што такі вясёлы? – жартаўліва спытаў яго Светлячок.
     – У мяне выдатны дзень. Я зрабіў гэтую палянку яшчэ прыгажэйшай, – адказаў Праменьчык. – Паглядзі, ты што не бачыш, як яна папрыгажэла?
     – Бачу. Як табе гэта ўдалося?
     – Я размаляваў усе лісцікі, травінкі, пялёсткі кветак у больш яркія колеры. Гэта мой падарунак ім на заходзе лета.
     – Ты добры і старанны, – пахваліў яго Светлячок. – Размалюй Багоўку, хай яна пакрасуецца ў канцы лета, – прапанаваў ён, паглядзеўшы на свою спадарожніцу.
     – Але яна прыгожая і так, – сказаў сонечны Праменьчык. – Куды ўжо прыгажэйшай быць, у мяне няма такой чароўнай фарбы.
     – А Крапіўніцу ты размаляваў? – спытаў Светлячок.
     – І яе не размаляваў, яна ж красуня.
     Светлячок паглядзеў на сваю сяброўку, яна размаўляла пра нешта з кветкамі. Падляцеўшы да яе, ён пачуў, як кветкі захапляюцца сваімі яркімі фарбамі.
     – Сонечны Праменьчык такі добры! Мае пялёсткі ўжо абтрапаліся, збляклі, а ён іх палячыў і зрабіў мяне прыгажэйшай. Зараз мне не сорамна расці на нашай кветкавай палянцы, – казала Стакротка.
     – Ён і мяне размаляваў, і мяне, і мяне, – цешыліся кветкі. А Крапіўніца слухала іх і ўсміхалася. Ёй было прыемна, што яе сяброўкі ў такім выдатным настроі.
     – Прывітанне, сябры! – павітаўся Светлячок.
     – А, гэта ты, Светлячок, я нудзілася без цябе, – адклікнулася Крапіўніца.
     – Вось я і прыляцеў да вас, каб пагуляць разам. І з сабой прывёў вам вашу старую сяброўку Багоўку. Яна працаўніца, цэлымі днямі працуе ў лесе, лечыць дрэвы, няхай сёння трохі адпачне.
     – Багоўка, мілая наша сяброўка, – панесліся па палянцы цёплыя і пяшчотныя галасы кветак. Аказваецца, усе яны ведалі і, вядома ж, бачылі яе добрыя справы.
     А Багоўка павітаўшы ўсіх, прысела на пялёсткі сваёй любай кветкі, Белага Рамонка, і разгаварылася з ім.
     "Як жа добра, калі ўсе сябры збіраюцца разам", – падумаў Светлячок. І ён ізноў падляцеў да сонечнага Праменьчыка, каб даведвцца, чым той займаўся гэтыя некалькі дзён.
     – Пасля таго, як мы расталіся, я кожны дзень размалёўваў расліны. Ты ж бачыш, які я старанны, – пахваліўся сонечны Праменьчык. – А ты чым займаўся?
     – Я… я адпачываў, але яшчэ пазнаёміўся з конікамі, дапамагаў ім, затым пазнаёміўся з Чарвяком, з Багоўкай.
     – Гэтага мала, трэба больш працаваць. У цябе ёсць дарунак, тваё святло, трэба выкарыстоўваць яго, каб дапамагаць іншым.
     – Я так і раблю, – адказаў Светлячок. – Каго мне яшчэ выратаваць?
     – Мне казалі качкі, што на Рацэ, каля берага, развяліся камары. Яны замінаюць качкам, бо кусаюць маленькіх качанят. Я не змог дапамагчы ім, бо камары днём хаваюцца ў траве, яны вылятаюць увечары, калі я ўжо на небе. Дапамажы матулям і выратуй іхніх дзетак ад шкодных камароў! Ты ж можаш прыляцець на Раку, калі сцямнее?
     – Добра, – паабяцаў Светлячок. – Я паспрабую дапамагчы качанятам.
     "Камары баяцца птушак, якія палююць на іх – ластавак, сітавак, беражанак. Але позна ўвечары птушкі нічога не бачаць. Значыць, трэба папрасіць конікаў, яны прымчацца на бераг ракі і напалохаюць камароў, нават могуць іх з'есці!" – вырашыў Светлячок. Абмяркоўваючы сваю задачу, ён, як толькі пачало цямнець, паляцеў да конікаў, каб папрасіць іх дапамагчы качкам з качанятамі пазбавіцца ад камароў.
     Але перад гэтым малыш паведаміў Валуну, што можа затрымацца да поўначы, а то і болей на Рацэ, таму што будзе ратаваць качанят ад укусаў камароў.
     "Як ён гэта будзе рабіць?" – не зразумеў стары, але распытаць Светлячка не змог, бо той тэрмінова паляцеў выконваць адказнае заданне.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100