У гасцях у Чарвяка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
У гасцях у Чарвяка
У гасцях у Чарвяка
Увечары малыш доўга распавядаў старому пра тое, якія конікі малайцы, што яны займаюцца спортам, ды яшчэ і музыкай захапляюцца.      – Я бачыў, як яны скакалі, – сказаў Валун. – І сапраўды, яны малайцы. І табе не перашкодзіць у іх павучыцца.
     – Я і так спартыўны, – апраўдваўся Светлячок. – Ты бачыш, як хутка я ўмею лятаць. А заўтра палячу зноў да гэтых спартсменаў, яны пазнаёмяць мяне са сваімі сябрамі, жукамі.
     – Добра, пазнаёмся. Жукі – цікавыя істоты. У лесе жыве жук-даўганосік. Ён шкодзіць дрэвам, паядае лісце і нават кару! А ты хочаш пасябраваць з гэтымі жукамі.
     – Праўда? – здзівіўся Светлячок. – Яны ўсе такія шкодныя?
     – Ці ўсе, не ведаю. Неяк Дзяцел мне казаў, што ў ствале дрэў селяцца жукі-караеды. Яны з'ядаюць кару і ствол, псуюць дрэвы так, што тыя гінуць. Дзяцел – разумнік, ён знішчае гэтых шкоднікаў. Яму дапамагаюць Сінічка і Попаўзень.
     – А карысныя жукі бываюць? – спытаў Светлячок.
     – Карысныя? Я не ведаю, – адказаў Валун.
     І тады назаўтра ўстрывожаны Светлячок паляцеў да знаёмага Коніка, які быў суддзём на ўчарашнім спаборніцтве, каб даведацца, ці жывуць у лесе карысныя жукі і чарвякі. Са шкоднымі малому нават не хацелася знаёміцца.
     – Прывітанне, Конік, як справы? – зазвінеў тонкі галасок Светлячка ў высокай траве на ўскрайку лесу.
     Конік сядзеў на каменьчыку і пра нешта думаў.
     – Добры дзень, – адказаў ён. – Я мяркую, як заўтра правесці тут спаборніцтва па бегу.
     – Так, гэта трэба абдумаць, – падтрымаў яго Светлячок. – Скажы, ці жывуць у лесе карысныя жукі і чарвякі, са шкоднымі і небяспечнымі я не жадаю знаёміцца.
     – А як жа, жывуць. Мой знаёмы Земляны Чарвяк са сваёй сям'ёй жыве ў нары. Ён нічога дрэннага прыродзе не робіць, а нават стварае карысную справу тым, што рыхліць зямлю. Пойдзем, я пакажу, дзе ён жыве.
     І Конік падвёў Светлячка да нары Чарвяка.
     – Гэй, сябар, вылазь, да цябе госць! – крыкнуў ён.
     – Хто там? – з нары пачуўся сонны голас Чарвяка.
     – Вылазь, сам убачыш, – паўтарыў Конік.
     З нары паказалася галава гаспадара. Ён працёр заспаныя вочы і панура паглядзеў на Светлячка.
     – Хто ты і што табе трэба? – спытаў Чарвяк.
     – Я жыву недалёка ад тваёй нары, хацелася б пазнаёміцца, – адказаў малыш.
     – А навошта знаёміцца? Ты жывеш наверсе, я – пад зямлёй, мы ўсё роўна не будзем сустракацца.
     “Чарвяк – філосаф, – падумаў Светлячок. – Такі ж, як мой стары Валун”.
     – Як хочаш, можам і не знаёміцца, – абыякава адказаў ён Чарвяку. – Але мне хочацца лепш разглядзець тваю нару, я ніколі такіх нор не бачыў.
     – У мяне выдатная нара, – ажывіўся Чарвяк. – Я яе капаў некалькі дзён, месца выбраў самае лепшае, самае зручнае. Тут мы ўсе і жывём – я, мая жонка і дзеткі. Вельмі добрая нара атрымалася, доўгая, з трывалымі сценамі і столлю.
     – Ты выдатны будаўнік, раз здолеў вырыць такую нару, – сказаў Светлячок.
     – Так, гэта ўжо трэцяя нара, якую я выкопваю. У мяне вялікая сям'я, трое дзяцей, старая нара была цесная для нас.
     – А можна мне паглядзець на яе знутры? – спытаў Светлячок.
     – Там цёмна, ты нічога не ўбачыш, – сказаў Чарвяк.
     – Я пасвячу, у мяне ёсць святло, – прызнаўся малыш і пасвяціў углыб нары. – Так, гэта сапраўдны тунэль! – захапіўся ён. – Выдатная праца!
     – Дзякуй, – падзякаваў Чарвяк. – У цябе магутны ліхтар, мне б такі, – пазайздросціў ён Светлячку.
     – Гэта не ліхтар, проста Светлячок – чараўнік, ён умее свяціцца, – растлумачыў Конік.
     – Ён – Светлячок? У нашым лесе жыве сям'я жукоў– светлякоў. Яны таксама свецяцца, – сказаў Чарвяк.
     – Яны чароўныя? – спытаў малыш.
     – Не, яны звычайныя жукі, толькі ў іх свеціцца жывоцік.
     – Дзе ж яны жывуць?
     – Я не ведаю. Светлякоў я бачыў даўно, можа быць, яны перасяліліся жыць у іншы лес, – адказаў Чарвяк.
     І тады Светлячок падумаў, што трэба абавязкова распавесці пра гэта маме Поўні. Магчыма, светлякі таксама яе дзеці.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100