Летняя Вясёлка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Летняя Вясёлка
Летняя Вясёлка
Раніцай наступнага дня Светлячок вырашыў ізноў адправіцца ў лес на кветкавую палянку. Ён вельмі хацеў сустрэць там сонечны Праменьчык. З ім малому было так цікава гуляць! Але да палянкі ён не даляцеў, бо неўзабаве пачуў, як за лесам штосьці гучна грукоча. "Гэта гром. Хутка будзе навальніца", – спалохаўся Светлячок і вырашыў вярнуцца назад "пад крыло" Валуна. Справа ў тым, што Светлячок ніколі не бачыў навальніцу, аднойчы ён толькі чуў далёкія грымоты, але маланку не бачыў, і цяпер яму стала страшна.      – За лесам штосьці грукоча, гэта гром? – спытаў ён у сівога Валуна.
     – Мабыць, будзе навальніца, – адказаў стары. – Не бойся, навальніца хутка пройдзе, толькі трохі палье на нас вадзіцай. Схавайся ў шчылінку, тую, якая ўнізе, пада мной.
     – Добра, – адказаў малыш і забіўся ў шчыліну.
     Тым часам грымоты станавіліся ўсё мацней і мацней. Падняўся вецер. Ён церабіў траву ля падножжа Валуна і хіліў галіны дрэў на ўскрайку лесу. Светлячок назіраў за ўсім гэтым, але пад цёплым бокам старога яму ўжо было не так страшна.
     – Гр-р-р! – грукнуў гром з такой неверагоднай сілай, што здавалася, ён знаходзіцца дзесьці зусім побач з імі. У тое ж імгненне малыш ўбачыў, як на лузе, ля самай Ракі, з неба бліснула агнявая паласа і ўрэзалася ў зямлю. Светлячок шырока расплюшчыў свае вочкі і збянтэжыўся. Нічога падобнага ён ніколі не бачыў.
     А дождж ліў, як з вядра. Па спіне Валуна цяклі струі вады, але ён спакойна гаварыў Светлячку:
     – Не бойся, яна ўжо праходзіць.
     Навальніца сапраўды хутка прайшла. Навальнічная хмара, якая прыплыла з-за лесу, спыла ў бок пшанічнага поля і панесла за сабой гром і маланку. Паступова ўсё змоўкла, неба ачысцілася, і малыш ўбачыў, як удалечыні, там, куды сышла навальніца, на небе намаляваліся яркія рознакаляровыя палосы.
     – Які цуд! – захапіўся Светлячок. – Глядзі, Валун, што гэта?
     – Гэта Вясёлка. Яна часта размалёўвае неба пасля дажджу.
     – Вясёлка? Я не магу так размалёўваць неба, – пазайздросціў Светлячок.
     – Вясёлку стварае Сонца, – сказаў Валун. – Бачыш, яно ўжо выйшла з-за хмар.
     – Так, бачу. Значыць, Вясёлку малююць сонечныя прамяні? – спытаў малыш.
     – Сонечныя, яны, гарэзы, стараюцца, – пажартаваў стары.
     – Я палячу да іх, там мой сябар, сонечны Праменьчык, з ім я пазнаёміўся ўчора! – крыкнуў Светлячок і панёсся насустрач Вясёлцы.
     Пакуль ён ляцеў, Вясёлка паступова раставала, яе яркі рознакаляровы малюнак збляк, а потым зусім знік.
     – У-ў-у, – крыкнуў у роспачы малыш, – куды ты!
     Але нябесная Вясёлка не чула яго, тым больш, што яе стваралі сонечныя прамяні.
     – Прывітанне! – пачуў побач са сваім вухам малыш. – Ты куды нясешся?
     – Да цябе насустрач, – здагадаўся Светлячок, што з ім прывітаўся сонечны Праменьчык.
     Толькі цяпер малыш заўважыў яго яркае ззянне.
     – Гэты ты зрабіў Вясёлку? – спытаў Светлячок у сонечнага Праменьчыка.
     – Я і мае сябры, прамяні, – пахваліўся той.
     – Навучы мяне гэта рабіць, – папрасіў Светлячок.
     – Не магу. Вясёлку складана зрабіць, мы вучымся гэтаму ў Сонца. Ніхто, акрамя нас, не зможа намаляваць на небе пасля дажджу Вясёлку. Толькі сонечнае святло здольнае яе стварыць з кропелек дажджавой вады, якія яшчэ не зваліліся на зямлю, – загадкава прамовіў сонечны Праменьчык. – Ты ж месяцовы Светлячок.
     – Крыўдна, – прызнаўся малыш.
     – Не гаруй, – супакоіў яго сонечны Праменьчык. – Потым я табе распавяду, як мы гэта робім. А цяпер давай пагуляем, яшчэ светлы дзень не скончыўся! – весела прапанаваў ён.
     І сябры паляцелі на кветкавую палянку, каб там пагуляць разам са сваімі сябрамі і пацешыць іх.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100