Светлячок ляціць на балота - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Светлячок ляціць на балота
Светлячок ляціць на балота
Як прайшоў твой дзень? – спытаў у малыша Валун. Зараз стары не вырашыўся сказаць, што ён – яго тата. Але на сэрцы было неспакойна, ён хваляваўся, што, нарэшце, стаў для кагосьці бацькам.      – У мяне быў выдатны дзень! – пахваліўся Светлячок. – Я пазнаёміўся з красуняй Крапіўніцай. У яе чароўныя перламутравыя крылцы з чорнымі крапінкамі.
     – Я бачыў яе, яна часам садзіцца на маю спіну перадыхнуць, – адказаў Валун. – Ты з ёй пасябраваў?
     – Так, мы будзем сябраваць, з ёй цікава, заўтра яна пазнаёміць мяне са сваёй сяброўкай.
     – Вельмі добра, – сказаў Валун. – Сябры, толькі сапраўдныя, патрэбныя ўсім.
     – Сапраўдныя, гэта як? – спытаў Светлячок.
     – Гэта такія, якія за табой і ў агонь, і ў ваду, ніколі не здрадзяць і не ашукаюць.
     – Пэўна, Крапіўніца такая, – памаўчаўшы, выказаў здагадку малыш. – А я такі заўсёды і дапамагаю ўсім, – пахваліў сябе Светлячок.
     – Ты такі, значыць – верны сябар, але толькі не зазнавайся і трымай сваё слова, – павучыў Валун малога, з пяшчотай і клопатам паглядаючы на яго. Стары быў рады, што ў яго такі добры сынок. – Учора, калі ты заснуў, я бачыў, як па небе плыла Поўня. Яна жадала табе штосьці сказаць, але не стала будзіць. Сёння Поўня ізноў узыдзе на неба, таму ты дачакайся яе.
     – Добра, – сказаў Светлячок. Ён ужо трохі знудзіўся па матулі і вырашыў не спаць, пакуль не ўбачыцца з ёй. Але стомленыя вочкі Светлячка заплюшчыліся без яго згоды, і ён заснуў.
     А калі стала яшчэ цямней, на небе з'явіўся велізарны свецячыся шар. Гэта была Поўня, мама Светлячка. Яна накіравала яркую палоску блакітнага святла ў тое месца, дзе жылі Валун і Светлячок. Малыш здрыгануўся і прачнуўся, чаканне мамы не дазволіла яму моцна заснуць.
     – Мама, гэты ты? – спытаў ён.
     – Так, сынок, як у цябе справы?
     – У мяне ўсё добра, матуля. Ты не хвалюйся. Я пасябраваў з Крапіўніцай.
     – З Крапіўніцай? – усміхнулася Поўня і ў гэтае імгненне палосачкі-маршчынкі на яе паверхні зніклі, зусім разгладзіліся.
     – Яна вельмі прыгожая і ўмее лятаць гэтак жа, як і я, – сказаў Светлячок.
     – Вельмі добра, я радая за цябе. Ты толькі не ляці вельмі далёка адгэтуль. Тут, побач з Валуном, твой дом. Стары абароніць цябе, калі будзе трэба. Валун абяцаў мне гэта.
     – Вядома, не хвалюйцеся, спадарыня, усё будзе добра, – прахрыпеў Валун.
     І Поўня, супакоіўшыся, паплыла далей па небе, разліваючы па зямлі яркае месяцовае святло.
     Светлячок, пагаварыўшы з мамай, тут жа заснуў. Ён спаў да самай раніцы, пакуль гарачае летняе Сонейка не абудзіла яго, паказытаўшы нос яркім праменьчыкам.
     – А-а-а-пчых! – чхнуў малыш і здзіўлена паглядзеў на неба. А там пырхала Крапіўніца!
     Яна прачнулася на світанку і ўспомніла пра новага сябра. Крапіўніцы захацелася ізноў пабачыць яго, і яна паляцела на пошукі.
     – Прывітанне, ты яшчэ спіш? – спытала яна. – А я ўжо даўно прачнулася.
     – Добрай раніцы, Крапіўніца, – усміхнуўся Светлячок. – Ты – ранняя птушачка, а я позна кладуся, таму пазней сплю.
     – Паляцелі, я пазнаёмлю цябе са сваёй сяброўкай, – прапанавала Крапіўніца. – Яна жыве на балоце.
     – Вы паляціце на балота? – спытаў Валун. – Але там жа жывуць жабы, яны могуць вас з'есці.
     – Мяне таксама? – здзівіўся Светлячок. – Але я ж не ядомы. А Крапіўніцу я не дам з'есці жабам, я іх асляплю сваімі агеньчыкамі.
     – Я ведаю, як усцерагчыся ад жаб, – сказала Крапіўніца. – Страказа мяне навучыла.
     – Тады паляцелі! – крыкнуў Светлячок, і яны хутка выпырхнулі. Валун нават не паспеў паглядзець, у які бок паляцелі гэтыя смельчакі.
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100