Светлячок дапамагае Чмялю - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Светлячок дапамагае Чмялю
Светлячок дапамагае Чмялю
Трохі паспаўшы, Светлячок вырашыў пагуляць на ускрайку лесу і паглядзець, хто ж там жыве. Аблятаючы наваколле, ён ледзь не сутыкнуўся з вірлавокім Чмялём.      – Куды ты так спяшаешся? – незадаволена прагудзеў Чмель.
     – Я… проста лятаю, – прамовіў Светлячок і адскочыў ад страшнай пачвары. Чмяля ён бачыў першы раз у жыцці, і яму здалося, што той вельмі злы і няветлы.
     – Не пужайся, – супакоіў яго Чмель. – Проста ў мяне справа вельмі тэрміновая. Да цемры мне трэба дабрацца да іншага боку лесу і вярнуцца назад. Там, у канцы леса, жыве мая кума, у яе ёсць лекі, якія вельмі патрэбны маёй хворай дачушцы. У цемры я нічога не бачу, а мая дачушка, не дачакаўшыся лекаў, можа памерці! – усхвалявана прагудзеў Чмель.
     – Я дапамагу табе і палячу разам з табой! – рашуча прапанаваў Светлячок.
     – Навошта? Ты ж таксама не выберашся з лесу ўначы, – сказаў Чмель.
     – А вось і не. Выберуся і выведу вас, – адказаў малыш. – Я ж Светлячок!
     – Тады ляці за мной! – узрадаваўся Чмель.
     І яны паляцелі ўглыб велізарнага лесу. Але каб даляцець да яго канца, вандроўнікам спатрэбіўся цэлы дзень. Увечары яны стомленыя, нарэшце, дабраліся да норкі кумы Чмяля. Яна аказалася вельмі ветлівай Чмяліхай і хутка адшукала патрэбныя лекі, ды яшчэ прапанавала падарожнікам пачаставацца смачным салодкім чаем. Але ім нельга было доўга затрымоўвацца. Дома ў Чмяля было хворае дзіця, якое магло памерці ў гэту ноч.
     – Які жах! Ляціце хутчэй, ратуйце малую, – усклікнула Чмяліха, выціраючы вочы пялёсткам трыпутніка. – Хай жа лясныя сцяжынкі хутка вядуць вас дадому!
     – Так і будзе! – крыкнуў Светлячок, і на яго спінцы загарэліся праменьчыкі начнога святла. Яны, нібы фары аўтамабіля, усю дарогу асвятлялі лясныя сцежкі, дапамагаючы вандроўнікам як мага хутчэй дабрацца да іншага канца велізарнага лесу.
     Даляцеўшы да свайго Валуна, Светлячок ужо хацеў зваліцца і заснуць “без задніх ног" альбо "без крылаў", але ён апамятаўся і давёў Чмяля да яго норкі, а затым вярнуўся назад да Валуна.
     Колькі спаў Светлячок у гэту ноч? Зусім мала. Таму Валун не стаў яго будзіць ранкам, дазваляючы паспаць да поўдня. Стары вырашыў, што потым распавядзе маленькаму сябру пра тое, як яго мама Поўня не змагла ў гэтую цёмную ноч убачыцца з ім з-за хмар і шэрых аблокаў, якія закрылі нябёсы. Аднак яна перадавала яму прывітанне і жадала поспехаў, даведаўшыся, што яе сынок паляцеў дапамагаць Чмялю.
     
     
      Гэта казка на рускай мове
07.09.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100