А ў нашым двары (апавяданне) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
А ў нашым двары (апавяданне)
А ў нашым двары (апавяданне)
Шасцігадовая Аліса часта гуляла ў двары свайго велізарнага пятнаццаціпавярховага дома. А там ля пад'ездаў блукалі бяздомныя каты. Бедныя жывёлы застаюцца адны ў вялікім горадзе, калі яны альбо губляюцца, альбо самі ўцякаюць з хаты, ці калі гаспадарам па нейкім прычынам становіцца немагчыма даглядаць сваіх гадаванцаў. Каты сядзяць поруч пад'ездаў дамоў, выпрошваючы ў жыхароў ежу, а па начах і ў непагадзь хаваюцца ў падвалах дамоў.      Мама казала Алісе, што чапаць рукамі такіх катоў нельга, таму што ад іх можна заразіцца нядобрай хваробай, і тады прыйдзецца хадзіць па лекарах і доўга лячыцца. Дзяўчынка не жадала хварэць і таму не гладзіла бяздомных котак. Але адна пухнатая котка з сумнымі зялёнымі вачыма спадабалася ёй. Дзяўчынка пашкадавала котачку і стала аддаваць ёй сваю ежу. Мама заўважыла, што раніцай дачка не з'ядае сасіску, хавае яе, каб аднесці ў двор і пакарміць котку. Прыйшлося маме самой дапамагаць дачцэ ў яе высакароднай справе.
     – Толькі не чапай гэтую котку, – прасіла мама.
     Бяздомная жывёла прывязалася да Алісы. Згледзеўшы дзяўчынку, калі тая выходзіла з пад'езда, котка бегла да яе, каб атрымаць пачастунак. "Я кармлю кіску, яна не памрэ ад голаду", – цешылася Аліса. А котка ўжо лічыла дзяўчынку сваёй гаспадыняй…
     Хлопчык, які жыў ў тым жа пад'ездзе, што і Аліса, не любіў катоў. У яго была алергія, таму дома яго мама не заводзіла жывёл. У Паўліка, так клікалі хлопчыка, была іншая любоў – да птушак, але не да надакучлівых галубоў, якія чародкамі насіліся па двары, а да варон. "Шэрыя вароны – самыя кемлівыя птушкі", – так лічыў Паўлік, а пацверджанне свайму назіранню ён прачытаў у інтэрнэце.
     Маладое вараняня, ужо цалкам самастойнае, якога выгадавала мама-варона на гарышчы старой двухпавярховай хаты, зацікавіла Паўліка. "Яно вельмі прыгожае і да таго ж разумнае", – захапляўся хлопчык, калі бліскучая чорнакрылая птушка падлятала да яго і, прызямліўшыся на металічную агароджу кветніка, магла доўга сядзець, накіраваўшы на дзіця сваё зоркае чорнае вока. Чарныш – такую мянушку даў хлопчык цікаўнай птушцы. "Ён – ласун, любіць печыва", – зразумеў Паўлік, калі пачаставаў Чарныша такім смачным ласункам.
     – Мама! Я кінуў Чарнышу печыва, а ён падхапіў яго дзюбай і панёс сваім братам- варанянятам. Затым ізноў вярнуўся да мяне, сеў на поручань і доўга глядзеў на мяне.
     – Ён чакаў, што ты яму яшчэ штосьці дасі, – сказала мама. – Заўтра аднясі яму яшчэ адно печыва, раз ён яго так любіць.
     – Добра! – усміхнуўся Паўлік…
     Аднойчы, калі Аліса ў чарговы раз вынесла ўпадабанай котцы ежу, дзяўчынка ўбачыла, што тая прыгатавалася накінуцца на вараняня. Але Чарныш, заўважыўшы хітругу, якая стаілася ў кустах, хутка схапіў з зямлі печыва Паўліка і паляцеў да сваіх сяброў-варанянят.
     – Твая котка спалохала маю птушку, – пакрыўдзіўся Паўлік і з дакорам паглядзеў на Алісу. Дзяўчынка прамаўчала, але потым так зірнула на котку, што тая ўсё зразумела. Маўляў, чапаць птушак нельга!
     Здарылася тое, што вараняня пасябравала з коткай. Мабыць, яны зразумелі – дзеці жадаюць гэтага. Пра што ж яшчэ могуць думаць невялікія разумныя жывёлы, якія жывуць побач з людзьмі? Вядома ж, яны чытаюць думкі дарослых і робяць усё, што ад іх патрабуюць. Валачашчыя каты і гарадскія птушкі, якія жывуць побач з людзьмі, бачаць, што іх шкадуюць, з імі сябруюць, і пачынаюць больш разумець, як трэба сябе паводзіць.
     Аліса і Паўлік пазнаёміліся і пасябравалі, і гэта адбылося, дзякуючы дваровым жывёлам. Дзяўчынка ўгаварыла маму ўзяць котку ў хату, дзе яе палячылі і адмылі. Котка стала проста непазнавальнай! Чарныш, з якім пасябраваў Паўлік, вырас, памужнеў. Зараз ён сам здольны прахарчавацца ў вялікім горадзе. Аднак, хлопчык не забывае часам пагутарыць з ім і пачаставаць крылатага сябра яго любімым ласункам. Гарадскія птушкі: шэрыя вароны, галкі, вераб'і, сарокі, галубы таму і жывуць побач з людзьмі. Тут ім лягчэй знайсці ежу і атуліцца ад непагадзі.
     
      Гэта апавяданне на рускай мове
15.07.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100