Крылаты Карлсан (апавяданне) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Крылаты Карлсан (апавяданне)
Крылаты Карлсан (апавяданне)
Алесь нарадзіўся ў вялікім горадзе. Цяпер яму адзінаццаць гадоў. Але хлопчык памятае, як ён, калі яшчэ быў зусім маленькім, ездзіў да бабулі ў вёску і гуляў па лесе. Там ён упершыню пачуў галасы лясных птушак. Яны гучалі без перапынку і былі то вясёлымі і звонкімі, як званочкі, то страшнымі і рыпучымі, увогуле, вельмі рознымі. Нядаўна ў кнігарні Алесь убачыў цікавы плакат. Ён называўся "Птушкі Беларусі". На плакаце былі намаляваны птушкі і прыведзены іх назвы на рускай і беларускай мовах. Да таго ж, побач з назвай кожнай птушачкі размяшчаўся QR-код. Прадавец сказала, што ў ім зашыфравана спасылка на сайт з голасам птушкі, які можна пачуць, калі паднесці мабільны тэлефон да QR-кода. "Як цікава!" – падумаў тады хлопчык і, вярнуўшыся дахаты, папрасіў у мамы грошай, каб купіць плакат.      Дома Алесь павесіў сваю пакупку на прыметнае месца і з цікавасцю стаў разглядаць усё тое, што там было намалявана. Ён так захапіўся гэтай "гульнёй з галасамі птушак", што нават у школьным сачыненні на вольную тэму вырашыў распавесці ўсё тое пра жыццё птушак, аб чым паспеў даведацца. Яго школьны сябар Мацвей таксама захапіўся птушкамі. Разважаючы разам пра тое, колькі цікавага і яшчэ не зведанага вакол іх на белым свеце, хлопчыкі ў сваіх марах ужо бачылі сябе заолагамі, даследчыкамі прыроды альбо нават стваральнікамі навукова-папулярных фільмаў пра жывёл.
     Усё было добра ў жыцці Алеся, пакуль ён, па дурасці, не патрапіў у аварыю на электра-самакаце, калі ў спешцы на вялікай хуткасці пераязджаў вуліцу і спатыкнуўся на бардзюры. На шчасце, хлопчык застаўся жывы, але зламаў руку і пашкодзіў нагу. Прыйшлося яму падчас доўгачаканых летніх канікул валяцца дома ў пасцелі і лячыцца.
     Сумныя думкі так і паўзлі ў галаву да хлопчыка. Ні табе адпачынку ў летнім лагеры разам з сябрамі, куды ўжо была набыта пуцёўка, ні паездак на возера, у лес, нікуды! Ды і маме прыйшлося не салодка. Цяпер і ў яе не было часу для паўнавартаснага адпачынку з-за непрыемнасцяў сына, якія зваліліся на сям'ю.
     Добра, што Алесь даволі хутка ішоў на папраўку. Да таго ж, настрой у яго трохі падняўся. А дапамаглі яму птушкі, тыя самыя, што былі намаляваны на плакаце. Вы не паверыце! Усе птушкі па чарзе прыляталі да Алеся ў госці. Цікаўная птушачка падлятала да расчыненага акна і ўсаджвалася на падаконнік, як толькі хлопчык з дапамогай спасылкі ў інтэрнэце ўключаў голас, падобны на яе ўласны. Можа птушка спадзявалася ўбачыць у кватэры свайго блізкага сваяка?
     Па праўдзе кажучы, да Алеся прыляталі гарадскія птушкі, а лясных не было. Крыўдна. Але да яго прылятала яшчэ адна птушачка, пра якую трэба расказаць больш падрабязна. Гэта шэрая варона. Кажуць, што яна – самая разумная птушка, нават разумнейшая за чорнага крумкача. Яе розум параўноўваюць з розумам катоў і сабак. І ў тым пераканаўся Алесь. Не, прылятала не дарослая разважлівая шэрая варона. Неяк, незнарок, на падаконнік расчыненага акна ўселася маладое і вельмі кемлівае вараняня. Хлопчык быў здзіўлены няпрошанаму госцю і ласкава загаварыў з ім. Вараняня сядзела і ўважліва ўслухоўвалася ў голас чалавека. Пэўна, птушка "сканіравала", запамінала аблічча і паводзіны Алеся. Відавочна, што хлопчык спадабаўся вараняняці, яно ўбачыла ў ім штосьці новае, незвычайнае для сябе і яго "пацягнула" да чалавека. Маладая птушка пачала кожны дзень завітваць да Алеся, а той нават даў ёй мянушку – Карлсан. Вараняня стала адгукацца на гэта імя гучным "кар-р-р".
     Прыляцеўшы, Карлсан усаджваўся на падаконнік, дзе яго ўжо чакаў пачастунак. Чым жа частаваў яго хлопчык? Пячэннем і вараным яечным жаўтком. Карлсан з'ядаў жаўток сам, а пячэнне захопліваў у сваю дзюбу і адносіў галодным сябрам, пэўна, братам і сёстрам. Маладыя вараняняты яшчэ не ствараюць пары, лятаюць чародкамі, яны вельмі дружныя. Аказваецца, птушкі таксама ўмеюць дзяліцца адно з адным і не крыўдзяць сваіх.
     Алесю пашанцавала. Да канца лета ён акрыяў і змог выхадзіць гуляць у двор. Там яго тут жа "выяўляў" крылаты сябар. Падляцеўшы да хлопчыка, усаджваўся побач на дрэва і чакаў пачастунак. Атрымаўшы печыва, адносіў яго сябрам і вяртаўся, каб пабыць побач з Алесем, паслухаць яго гаворку і штосьці для сябе зразумець.
     Вось так і жывуць у адным двары два сябра: Карлсан – на высокай пірамідальнай таполі, Алесь – у сваёй кватэры на другім паверсе. А што будзе далей? Час пакажа, наколькі дзікая птушка прывязалася да чалавека. Алесь жа разлічвае на доўгае сяброўства з Карлсанам, які ўжо хутка стане дарослай птушкай. Хай будзе так!
     
      Гэта апавяданне на рускай мове
07.07.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100