Грак-трубач (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Грак-трубач (чытае аўтар)
Грак-трубач (чытае аўтар)
     
     Прачынайцеся ад сну ўсе палі і ўсе гаі!
     К вам спяшаецца, ляціць кучаравая Вясна!
     Яна радасць прынясе, бо зямля ўся расцвіце!
     Птушкі звонка запяюць, да бяроз у гай пазавуць.
     
У бярозавым гаі жыў-пажываў малады Грак. На зіму ён перабіраўся ў пустое дупло, а ўвесну сяліўся ў сваім гняздзе на высокай старой бярозе. Там, на вышыні, яму было добра відаць усё наваколле за шмат вёрст. А Грак любіў назіраць за акругай. Ён чакаў, калі ж у яго родную Белую Русь вернуцца з паўднёвай зімоўкі сябры – Шпак і шэры Журавель.      Нарэшце, пацяплела. На палях і лугах снег ужо амаль растаў, толькі пад бярозамі ў гаі бялелі шматкі былой зімы. Грак спадзяваўся, што неўзабаве зямля зусім папрасыхае. І тады будзе вельмі прыемна паскакаць з сябрамі па ўзараным полі, адшукваючы ў зямлі тоўстых раз'еўшыхся чарвякоў.
     "Але дзе ж мае сябры? – хваляваўся Грак, турбуючыся, што можа зусім не сустрэцца з імі. – Няўжо яны паляцелі сяліцца ў іншыя месцы і забыліся на мне?"
     Грак думаў пра тое не проста так. З сябрамі яго злучала вялікая любоў да спеваў і жаданне самому навучыцца добра спяваць. Хаця, большасць птушак, калі не ўсе, умеюць спяваць. Толькі ў кожнай птушкі песня свая. Грак слухаў спевы іншых птушак. Больш за ўсё яму падабаўся голас Салаўя. Але навучыцца спяваць так, як спявае гэтая незвычайна адораная птушка, Грак нават не спадзяваўся. Уся надзея ў яго была на Шпака. Грак ведаў, што яго сябар Шпак умее спяваць самымі незвычайнымі спосабамі, нават галасы нежывых прадметаў ён можа адлюстраваць. Вядома, у Грака таксама быў голас, але ён яму зусім не падабаўся. Ды і каму можа спадабацца яго хрыплаваты траскучы галасок?
     Аднак Грак шчыра спадзяваўся, што калі-небудзь навучыцца спяваць па-сапраўднаму – звонка і працягла. "Калі я навучуся спяваць, амаль як Салавей, то аблячу ўвесь родны бярозавы гай і падару свой голас кожнай бярозцы, кожнай кветачцы. І тады яны будуць ганарыцца, што ў гаі жыве такая птушка, як я!" – марыў Грак.
     На шчасце, у хуткім часе прыляцелі яго сябры. Яны вельмі стаміліся пасля далёкага пералёту і тут жа ўлегліся спаць: Шпак – у старэнькай шпакоўні на высокай бярозе, а Журавель – у чаратах на беразе балотца. Грак не прыспешваў іх. "Хай адпачнуць, я патрываю", – думаў ён.
     Назаўтра раніцай Грак не вытрымаў і завёў гутарку пра спевы:
     – Дарагія сябры! Я ведаю, вы шмат усяго цікавага пабачылі ў далёкіх краях і песень розных наслухаліся. Навучыце мяне добра спяваць, калі ласка!
     – Я ўжо быў настаўнікам, усю зіму вучыў Жураўля. Зараз няхай ён цябе павучыць, – сказаў, як адрэзаў, Шпак. – А мне трэба злятаць на канцэрт духавой музыкі ў гарадскі парк і паслухаць, як спяваюць духавыя інструменты, каб вывучыць галасы ўсіх медных труб.
     – І я хачу паслухаць іх галасы, – сказаў Грак.
     – Мне таксама хочацца навучыцца спяваць так, як спявае медная Труба, – вырашыў Журавель.
     Такім чынам, пасля паўдня сябры ўсе разам адправіліся на канцэрт.
     Якое дзіва быў гэты канцэрт! Нашым гасцям ён так спадабаўся, што яны захацелі абавязкова навучыцца спяваць так, як спяваюць медныя трубы. Вярнуўшыся дахаты ў бярозавы гай, птушкі па чарзе стараліся паўтарыць гучанне Трубы і Трамбона.
     І што з гэтага атрымалася?
     Журавель практычна змог паўтарыць гучанне, можа таму, што ў яго найдужэйшае горла, бо ён вышэй па росце і мацней за Шпака і Грака. Аднак, яго спеў быў больш падобны на прызыўны кліч Горна, а не Трубы.
     Шпаку не цяжка было паўтарыць гукі Трубы, але ўвесь час спяваць так, як Труба, Шпак не стаў. Горлачка ў яго слабенькае, а Труба гудзе гучна і звонка.
     Чаму ж змог навучыцца Грак? Бадай, Граку спадабаўся голас Трубы, і ён вырашыў натрэніравацца спяваць так, як гучыць Труба. Адасобіўшыся ў сваім гняздзе, Грак пачаў крычаць ва ўсё сваё горла!
     Некалькі дзён бярозавы гай не мог адпачыць, бо гучны голас Грака заглушаў усё на свеце, нават іх, бярозак, галасы. А мы ведаем, што бярозкі размаўляюць паўшэптам, і такі бесперапынны шум ім у цяжар. Цяпер жа старыя бярозы не маглі паспаць у цішыні гарачага летняга паўдня, а маладыя – пашушукацца паміж сабой, распавесці свае дзявочыя сакрэты.
     – Дарагі Грак, ці не можаш ты цішэй спяваць, – папрасілі дрэвы.
     – Мілыя сяброўкі! Але я ж трэнірую свой голас? Хутка вы будзеце захапляцца мной! – здзівіўся Грак.
     І ён, не звяртаючы ўвагі на папрокі суседак, працягнуў свае трэніроўкі. Нажаль, ні чым добрым гэта не скончылася. Вялікае жаданне навучыцца гучна спяваць абярнулася для Грака тым, што ён канчаткова сапсаваў свае з нараджэння і так слабыя галасавыя звязкі. У беднай птушкі не на жарт разбалелася горла. Цэлы месяц Граку прыйшлося маўчаць. Нарэшце, ён зразумеў сваю прыродную недасканаласць, і яму стала непрыемна за свой недальнабачны ўчынак. У невясёлым настроі ён, усё-такі, вырашыў папрасіць прабачэння ў дрэў за шум, які рабіў у гаі.
     Грак абляцеў увесь бярозавы гай, і дрэвы зноў пачулі яго ранейшы ледзь хрыплаваты, але мяккі і добры голас. І тады разумныя старыя бярозы, падбадзёрваючы яго, прамовілі:
     – Дарагі Грак! У цябе добры голас. Нам усім ён вельмі падабаецца. Не варта табе вучыцца спяваць, як спявае Труба. У яе ж медныя галасавыя звязкі, а ў цябе – жывыя, далікатныя птушыныя. Не хвалюйся. Мы любім цябе такім, які ты ёсць.
     Але ўпарты і мэтанакіраваны Грак на гэтым не супакоіўся. Ён ізноў адправіўся на канцэрт духавых інструментаў і пасябраваў з імі! Самая энергічная маладая Труба пагадзілася дапамагчы Граку рэалізаваць запаветную мару. Не, Грак не стаў ізноў вучыцца гучна спяваць. Раніцай ён аблятаў разам з Трубой увесь бярозавы гай і выконваў з яе дапамогай бадзёрыя мелодыі. Бярозы з задавальненнем слухалі музыку, яна зараджала іх энергіяй на ўвесь дзень. Дрэвы заўважылі, што ад ранішняга канцэрта лісцікі на іх галінках больш ярчэюць і зелянеюць.
     Але скончылася лета, халоднай восенню бярозы скінулі сваю лістоту, і ім ужо стала не да музыкі. Ды і Граку восеньскае надвор'е зусім не падабалася. Баючыся захварэць, ён перабраўся жыць у дупло і ўжо не клікаў у госці сяброўку Трубу. Гай спусцеў, сябры Грака – Шпак і шэры Журавель, як і ўсе пералётныя птушкі, якія жывуць у гаі ўвесну і ўлетку, паляцелі ў вырай.
     Грак трохі зайздросціў пералётным птушкам. Але здавацца не жадаў. Нездарма ж ён ужо некалькі гадоў запар не ляцеў зімаваць на поўдзень, не жадаючы пакідаць у поўнай адзіноце свой родны бярозавы гай. "Дрэвы спяць, яны зусім змерзлі і ўвесну могуць не прачнуцца, – перажываў ён. – Мне трэба іх падтрымаць, я магу гэта зрабіць, калі ўладкую навагодні баль. Бярозы прачнуцца на кароткі час, пацешацца, а потым ізноў заснуць да Вясны", – думаў Грак. Вырашыўшыся на гэта, напярэдадні Новага года Грак паляцеў за Трубой. Яна ж тым часам адпачывала ва ўтульным і цёплым скураным футляры, але пачуўшы голас Грака, тут жа прачнулася. Нягледзячы на тое, што далікатная медная Труба баялася зімовых халадоў, яна, усё-такі, пагадзілася дапамагчы Граку ўладкаваць у бярозавым гаі навагодні баль.
     І вось надышла навагодняя ноч. З цёмнага неба на зямлю падалі зіхоткія белыя сняжынкі. Яны кружыліся ў гуках навагодняга вальса і ціхенька падпявалі музыкам. Белыя бярозы зусім не пакрыўдзіліся на Грака за тое, што ён абудзіў іх на час навагодняга свята. Але скончыўся баль, і дрэвы зноў заснулі, разумеючы, што з прыходам Вясны іх абавязкова абудзіць добры сябар, вартаўнік і ахоўнік, чорны няўрымслівы Грак.
     Усё так і выйшла. Калі Грак даведаўся, што прыгажуня Вясна ўжо ў дарозе, ён паведаміў пра гэта Трубе. Неўзабаве яна з'явілася ў бярозавым гаі ў бліскучым уборы з яркіх сонечных прамянёў. Ох, якая яна была чароўная! Яе звонкі голас разліўся па гаі і паляцеў насустрач Вясне і пералётным птушкам. Колькі радасці было ў гэты ўрачысты дзень сустрэчы Вясны! Энергія Грака і яго сяброўкі Трубы зарадзіла ўсіх. Птушкі, якія вярнуліся з паўднёвых краін у свой родны гай, былі неверагодна ўзрадаваны, што іх чакаюць і вельмі любяць. Нават Шпак і шэры Журавель не змаглі стрымаць слёз радасці. А клапатлівая цёплая Вясна, пакланіўшыся ўсім, адправілася далей, кліча за сабой астатніх птушак, тых, хто ляцеў у іншыя родныя лясы і гаі.
     
     Голас Грака: https://www.youtube.com/watch?v=XIxb8kKW2S0
     
      Гэтая казка на рускай мове
     
     
     Летні дзень на палянцы
     
     Радуецца Сонейка, што зямля красуецца.
     Усе травінкі, кветачкі на яго любуюцца.
     Пчолка размалёўвае брушка паласатае.
     І ляціць да вулея, рыжая, крылатая.
     
     А кароўка божая – чырвоная ў клетачку.
     Ёй катлеткамі карміць трэба сваіх дзетачак.
     У мурашак кожны дзень новая работа,
     Бо мурашнік сцерагчы – дужа важны клопат.
     
     Чмель гудзе, як шрубалёт, і “вачышчы” вылупіў.
     Як да кветкі даляцець, ён, напэўна, вылічыў.
     Даляцеў і на яе – лапкамі касматымі.
     Учапіўся за лісток вусамі рагатымі.
     
     Вось ціхоня-матылёк ўсеўся на кветачку,
     Нібы на ўзорыстую яркую сурвэтачку.
     Крылцы склаў, бо тут яго так не разглядзяць,
     Выпадкова ці знарок птушкі не з'ядзяць.
     
     Свеціць Сонейка ўвесь дзень, ад душы стараецца.
     А прыгожая Зямля яму ўсміхаецца.
27.06.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100