Ад аўтара - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ад аўтара
Неяк я ўбачыла дакументальны фільм, дзе ўспаміналі пра тое, як дзеці беларускіх падпольшчыкаў і партызанаў хавалі на грудзі пад адзежай свае піянерскія гальштукі. Яны так даражылі імі, таму што бачылі ў іх кавалачкі чырвонага сцяга бясстрашнай і непераможнай Краіны Саветаў.      Маё дзяцінства праходзіла ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Я ўспамінаю, колькі было хвалявання ў дзень, калі на ўрачыстай лінейцы ў пятым класе мяне разам з аднакласнікамі прымалі ў піянеры і завязвалі на грудзях чырвоныя гальштукі. Мы, дзеці, ганарыліся тым, што насілі іх, і ніхто з нас не мог прыйсці ў школу ў мятым не выглажаным гальштуку. Гэта лічылася ганьбай і непавагай да гераічнай памяці старэйшага пакалення.
     Мае бацькі гэтак жа, як і бацькі ўсіх дзяцей пасляваеннага пакалення, прайшлі вайну, бачылі многа гора. Можа таму ў іх адносінах адно да аднаго было столькі ўзаімаразумення і прыязнасці. У той час двары пяціпавярховак яшчэ не былі запоўнены легкавымі машынамі. Суседзі сустракаліся ля пад'ездаў, у дварах, размаўлялі, пазнавалі пра жыццё, падзяляліся сваімі бедамі і радасцямі, падтрымлівалі, давалі парады адно аднаму.
     Жылі проста. У Мінску ў канцы шасцідзесятых гадоў шмат будавалі – пашыралі дарогі, зносілі старыя баракі і струхлелыя хаты, стваралі новыя мікрараёны і прадпрыемствы. Горад рос, расло яго насельніцтва. Моладзь з'язджалася з вёсак – паступала вучыцца, ішла працаваць на заводы і фабрыкі. Вакол была чутная беларуская гаворка. Мы, гарадскія, нават трохі пасмейваліся над іх беларускім акцэнтам. І дарма. Як паказала жыццё, нам, беларусам, няма чаго саромецца, а трэба берагчы і паважаць свае карані, сваю мову, бо ўсе мы, за невялікім выключэннем, як кажуць, выйшлі з вёскі, з зямлі.
     Кім былі нашы матулі і таты, нашы дзядулі і бабулі, нашы прадзяды? Простымі сялянамі, беднякамі. І калі сур'ёзна падумаць, гэта цуд, што мы, унукі беднякоў, змаглі скончыць сярэднія школы і атрымаць у цяжкі пасляваенны час бясплатную вышэйшую адукацыю. Што трэба было дзецям для гэтага? Толькі жаданне і імкненне здабыць веды. А нашы матулі, якія не атрымалі ў свае маладыя гады вышэйшай адукацыі, як маглі, імкнуліся нам дапамагаць, здымаючы з нас на час вучобы амаль усе жыццёвыя праблемы. Яны жадалі бачыць нас адукаванымі і культурнымі людзьмі, каб хоць у сваіх дзецях папоўніць прабелы сваёй юнацкасці, якія стварыла для іх вайна.
     Цяпер іншы час. У дзяцей разумныя і адукаваныя бацькі. Але яны гэтак жа, як і раней, жадаюць бачыць сваіх дзяцей адукаванымі, паспяховымі, годнымі грамадзянамі нашай маладой рэспублікі Беларусь. У сучасных дзяцей нашмат больш магчымасцяў для атрымання добрай адукацыі. Трэба толькі не ленавацца і не губляць час, імкнуцца вучыцца і дамагацца ў жыцці тых вышынь, пра якія марыш.
     
     Калі ты таленавіты, то не саромейся паказаць свой талент. Спявай, калі хочацца спяваць, танцуй, калі жадаеш танчыць, складай вершы, калі жадаеш складаць і без гэтага не можаш жыць, малюй, калі вельмі любіш маляваць! Рабі ўсё тое, што сагравае тваю душу і дапамагае ёй раскрыцца!
     Калі ты музыкант – іграй, калі навуковец – вынаходзь, калі імкнешся да вандраванняў – падарожнічай і рабі адкрыцці! Калі любіш дзяцей і адчуваеш, што зможаш ім перадаць усё тое станоўчае і добрае, што назапасілася ў тваёй душы – выхоўвай іх. Калі жадаеш пасадзіць і выгадаваць дрэва ці нават сад – саджай!
     Усё, што ты зробіш "ад душы", прынясе радасць і шчасце табе і таму, для каго ты гэта будзеш рабіць. Так што рызыкуй! І не саромейся!
     Грошы… Вядома, яны патрэбныя нам для жыцця. Іх трэба зарабляць. Але калі ты не можаш доўга вытрымліваць аднастайнасць будзённага жыцця і гінеш… Тады разварушыся! І будзь творцам! Мабыць ты створаны для таго, каб падарыць камусьці "залатую" часціцу сваёй душы. Зрабі гэта! І Бог табе ў дапамогу!
     
      Гэты аповед на рускай мове
15.05.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100