Як накарміць Зайчаня? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як накарміць Зайчаня?
Як накарміць Зайчаня?
Жыла-была ва ўтульнай хатцы пасярод дрымучага лесу заечая сям'я: тата Заяц, мама Зайчыха і іх сынок Зайчаня. Улетку тата Заяц кожны дзень хадзіў на працу. У самым канцы лесу на вялікім лузе былі ў Зайца градкі, дзе ён вырошчваў салодкую гародніну, якую ўсе зайцы вельмі любяць. Гэта морква і капуста. Насенне Заяц садзіў увесну ва ўскапаную зямлю, улетку ж праполваў градкі і паліваў гародніну з палівачкі. Раніцой тата Заяц ішоў на працу, апоўдні вяртаўся дахаты паабедаць, а затым ізноў сыходзіў працаваць да вечара. Мама Зайчыха заставалася ў хаце за гаспадыню. Яна варыла ежу, прыбірала хату, карміла малога Зайчаня і шпацыравала з ім па лесе.      Неяк ранкам, калі Заяц сышоў на працу, Зайчыха растапіла печ, сварыла сыночку смачную мяккую кашку-малашку і паставіла яе на прыпек, накрыўшы ручніком, каб тая не астыла. Толькі сабралася Зайчыха разбудзіць свайго сыночка, як да яе наведалася ўсхваляваная Сарока-белабока.
     – Бяжы да сваёй матулі, – сказала яна Зайчысе. – Твая старая зусім разбалелася, не можа хадзіць, ляжыць у ложку, а лекі ў яе скончыліся. Паспяшайся ў аптэку, а потым да матулі, ратаваць яе трэба!
     Спалохалася Зайчыха, схапіла медыцынскі рэцэпт і пабегла ў аптэку купляць лекі, каб потым аднесці іх старой матулі.
     – Калі ласка, накармі майго малога, калі ён прачнецца, – папрасіла Зайчыха суседку Вавёрку, якая жыла ў хатцы на хвоі.
     – Добра, накармлю, – паабяцала Вавёрка. – Не хвалюйся, гаспадынька.
     Неўзабаве Зайчаня прачнулася. Бачыць, што мамы побач няма, і расплакалася яно ад страху.
     – Не плач, малыш, – пачала супакойваць яго Вавёрка. – Твая мама сышла, але хутка вернецца. А ты паснедай, я табе смачных лясных арэшкаў прынесла.
     Толькі як ні старалася Вавёрка накарміць Зайчаня, яно не змагло ні аднаго арэшка раскусіць. Галоднае Зайчаня расплакалася яшчэ больш.
     Пазбіраліся вакол заечай хаткі ўсе суседзі – лясныя жыхары. Мышка-нарушка Зайчаняці жменьку пшанічных зярнят прынесла, Пчолка – духмяную кветачку, Дзяцел дзесьці вусеня з-пад кары выцягнуў, Шпак чарвяка вылавіў, а Вожык на сваіх іголках велізарны баравік прыцягнуў. Нават Сінічка, пачуўшы, як плача галоднае Зайчаня, гронку леташняй рабіны са свайго запасніка прынесла ў дзюбе. Але нічога з гэтых пачастункаў не з'еў малыш. Толькі роцік разявіў і заплакаў горкімі слёзкамі.
     На шчасце, тут яго тата з працы дахаты вярнуўся адпачыць і паабедаць. Дзве самыя буйныя морквы з градкі вырваў і прынёс, каб суп з іх яго гаспадынька сварыла.
     – Яе няма, але не вялікая бяда, – вырашыў тата Заяц, заўважыўшы ў хаце суседзяў. – Не турбуйцеся, сябры, я зараз смачны маркоўны суп свару, сам паабедаю і свайго сына галодным не пакіну.
     Разыйшліся суседзі па хатах, а Заяц суп сварыў і малому ў талерку наліў:
     – Еш, сыночак, морква салодкая!
     Але малы вадзіцу з супу сцадзіў, а моркву есці не стаў. Вялікая морква не змяшчаецца ў маленькі роцік. Ах, ты, тата, няўмека! Не накарміць табе свайго дзіцяці!
     Нарэшце, мама Зайчыха вярнулася. І толькі тады ўсе зразумелі, чым трэба было карміць Зайчаня. Аўсяная каша для яго ў кутку на прыпеку стаяла, накрытая ручніком, каб не астыць.
     – У нашага малога яшчэ зубкі не прарэзаліся. Не зможа ён без зубоў цвёрдую ежу эразжаваць, таму я яму сварыла мяккую кашу, – растлумачыла Зайчыха. – І пакуль у яго зубкі не вырастуць, ён ні моркву, ні капусту, ні якую іншую цвёрдую ежу есці не зможа.
     Павязала мама Зайчыха свайму Зайчаняці сліняўку і кашкай-малашкой накарміла. Малы адразу ж павесялеў, глядзіць на маму і ўсміхаецца ва ўвесь свой бяззубы роцік.
     
      Гэта казка на рускай мове
21.04.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100