З днём нараджэння, Мінск! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
З днём нараджэння, Мінск!
З днём нараджэння, Мінск!
У гэты яшчэ па-летняму цёплы вераснёвы дзень да горада Мінска з усіх куткоў Беларусі і нават з-за межы накіраваліся людзі. Яны спяшаліся на вялікае свята. У гэты дзень старажытны горад адзначаў 950-годдзе з часу свайго заснавання. І не толькі па шашэйных і чыгуначных дарогах, але нават па паветраных і водных шляхах хтосьці спяшаўся патрапіць на імпрэзу.      – Мінск! Сёння ты святкуеш свой дзень нараджэння! Я сардэчна віншую цябе! Красуйся! Жыві і будзь шчаслівы! – такімі цёплымі словамі горад Гродна павіншаваў свайго сябра.
     – І я віншую цябе, Мінск! Міру і росквіту! – звонка праспяваў горад Віцебск.
     – Шчасця, міру, любові! – весела падтрымаў усіх Брэст.
     – І, вядома, няхай у цябе нараджаюцца ўнукі і праўнукі! Тысячы маладых шчаслівых сэрцаў няхай вечна б'юцца ў мінскіх хатах! Жадаю мінчанам радасці і любові! – урачыста павіншаваў Мінск горад Магілёў.
     – Зеляней, квітней, распускайся ружамі і цюльпанамі, белымі акацыямі і каштанамі, далікатнымі кветкамі бэзу! Я люблю цябе! – прызнаўся Гомель.
     – І я жадаю павіншаваць цябе, мой родны горад! Ты ласкавы і спакойны, добры і працавіты. Твае жыхары любяць цябе і імкнуцца зрабіць яшчэ прыгажэй, сучасней. Яны берагуць цябе! – далучылася рака Свіслач да віншаванняў беларускіх гарадоў, блізкіх сяброў Мінска.
     Яна, як ніхто іншы, ведала ўсё пра жыццё свайго малодшага брата. З дня заснавання горада Мінска рака была побач з ім, працякала па яго зямлі. Свіслач, гэтак жа, як і горад, пакутавала ад нягод, якія часта абрушваліся на Мінск. Яна перажыла пажары і разбурэнні ад войн, назірала, як у старыя часы яго жыхары паміралі ад голаду і невылечных хвароб. Рака шкадавала Мінск і вельмі жадала, каб ён быў шчаслівы, імкнулася засцерагчы горад ад пакут і няшчасцяў. Калісьці ў даўнія часы Свіслач на сваіх хвалях прынесла ў горад Мінск святы абраз Божай Маці. Гэты абраз стаў сапраўдным абярэгам горада і яго жыхароў!
     – Мы таксама віншуем цябе, наш Мінск! – крычалі чайкі, качкі, крумкачы, галкі, вераб'і і шызыя галубы. Яны заўсёды там, дзе людзі, а часцей – каля берагоў ракі. Можна сказаць, гэтыя птушкі – крылатыя жыхары горада.
     – Мінск! Ты чуеш нас? Прымай і нашы віншаванні! Мы любім цябе! – зазвінелі, зашумелі тысячы галасоў.
     Невялікія гарады і мястэчкі, вёсачкі, густыя лясы і гаі, азёры і рэкі, птушкі, звяры і рыбы – усе, хто жыў у кожным кутку краіны пад назвай Беларусь, віншавалі Мінск.
     Старажытны горад пачуў кожны галасок і быў незвычайна рады, што яго любяць, паважаюць і берагуць.
     – Дзякуй, дарагія сябры! Я буду жыць і імкнуцца зрабіць шчаслівейшымі ўсіх, хто жыве ў маім вялікім гасцінным доме! – падзякаваў святочны горад сваім добрым сябрам.
     А Сонца, паглядзеўшы на Мінск з вышыні, асвяціла горад яркімі прамянямі і пажадала шчаслівага мірнага жыцця яго жыхарам.
     
      Гэта казка на рускай мове
20.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100