Душа прыроды не старэе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Душа прыроды не старэе
Душа прыроды не старэе
У гарадскім парку на вялікай паляне пасадзілі маленькую ліпу. Дрэўца было тоненькае і яшчэ зусім слабенькае. Але кожную вясну ліпка ажывала. Напэўна, яна была бязмерна радая таму, што з яе набрынялых почак з'яўляюцца на свет сотні маленькіх светла-зялёных лісточкаў. Непрыкметна ішоў час. Ліпка падрастала. З кожным годам дрэўца паднімалася на некалькі галінак угару да неба. А ў нябесных абшарах гэтак жа, як і раней, свяціла сонейка, і плылі белыя пухнатыя аблокі.      Хутка ці не, праляцела шмат гадоў. Кожную вясну свайго жыцця ліпа сустракала з радасцю і задавальненнем. Яна прыгажэла і цягнулася да неба, каб быць бліжэй да сонца. Калісьці такая маленькая, цяпер жа ліпка ператварылася ў высокае і прыгожае дрэва. Яе доўгія зялёныя галіны засланялі ад пякучага летняга сонца людзей, якія гулялі па парку.
     Аднак узрост не састарыў дрэва. Яно цешылася жыццю, і кожны год увесну яго агрубелыя старыя галіны выпускалі на свет са сваіх набрынялых почак далікатныя маладыя лісточкі.
     Паблізу ад дрэва ў розныя гады яго жыцця нарадзілася і вырасла шмат дзетак – такіх жа, як і яно, ліп. Дрэўцы раслі і прыгажэлі, яшчэ зусім маладзенькія і такія падобныя на сваю маці…
     Аднойчы ўвесну бабуля прывяла на шпацыр у парк свайго аднагадовага ўнука. Яна адразу ж звярнула ўвагу на вялікае магутнае дрэва, якое расло на паляне ў асяроддзі маладых дрэў. Бабуля падышла бліжэй да ліпы і пагладзіла рукой яе ствол, пакратала тонкія ліпкія лісточкі і падумала: "Колькі ж гэта ганарлівая і мудрая прыгажуня пабачыла на сваім вяку! І ні якія вятры, ніякія буры не зламалі яе. Яна жыве, таму што яе душа пяшчотная і маладая, як гэтыя цудоўныя маленькія лісточкі".
     Бабуля стаяла каля ліпы і глядзела на дрэва, а яе вельмі цікаўны ўнучак бегаў тутака ж. Але разглядаў ён зусім іншую "птушку" – сароку-белабоку, якая пералятала з галінкі на галінку маладзенькага дубочка.
     Потым бабуля ўзяла дзіця за руку і павяла па дарожцы парку далей, удыхаючы цудоўны водар квітнеючых дрэў. Яна думала пра тое, што, не гледзячы на скарацечнасць жыцця і непазбежнасць старасці цела, нішто ніколі не прымусіць пастарэць нашу душу, калі жыццё дорыць нам магчымасць любавацца вечна маладой прыгажосцю душы зямной прыроды.
     
      Гэта казка на рускай мове
12.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100