Ох, гэта моладзь! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ох, гэта моладзь!
Ох, гэта моладзь!
Пагодлівым восеньскім днём векавы лес саграваўся прамянямі яшчэ даволі гарачага сонца. Дрэвы, узрост якіх ужо даўно пераваліў за стогадовы рубеж, усё яшчэ моцна трымаліся за зямлю тоўстымі каранямі, ды і галіны іх густа зараслі лістотай. Вось толькі ствалы… Так, гэтыя ствалы былі вельмі тоўстыя, каравыя, нязграбныя і адразу ж выдавалі немалы ўзрост дубоў, ясеняў, асін і клёнаў.      У самай гушчы лесу жылі тры сябра, тры вельмі старыя клёны. Іх кроны ўжо не зачароўвалі сваёй прыгажосцю, ды і ствалы напалову згнілі. Яны не памяталі, колькі гадоў пражылі ў лесе. Але нават цяпер, быўшы драхлымі старымі, дрэвы дасканала, са мноствам падрабязнасцяў, апісвалі ўсе яркія падзеі сваёй маладосці.
     – Які цудоўны быў час! – шамацеў лістотаю стары клён. – Памятаю, як лёгка выгінаўся мой ствол, я мог павярнуцца ў любы бок. Часам, вецер насіўся вакол мяне, яму так хацелася зламаць маё жыццё. Але я заўсёды аказваўся мацней і выходзіў пераможцам у барацьбе з жорсткім ветрам.
     – А памятаеш, – падтрымаў яго сусед, такі ж стары клён, – як птушкі звілі на табе і на мне свае першыя гнёзды. І я так спалохаўся, калі маленькае птушаня ледзь не выпала з гнязда!
     – А пра першыя яркія восеньскія лісточкі, падобныя на зоркі, вы забыліся? Увосень яны адрываліся ад галінак і траплялі на зямлю. А потым прыйшлі дзеці збіраць грыбы і разам з грыбамі паклалі ў кошыкі букеты з нашых першых у жыцці рознакаляровых кляновых лісточкаў. Якім памятным быў той час! – прарыпеў, уключыўшыся ў гутарку, трэці клён.
     Яму цяпер не вельмі хацелася абмяркоўваць з сябрамі ўсё тое, што даўно прайшло. Ён размарыўся на сонцы і задрамаў.
     – Але я не шкадую пражытых гадоў, – сказаў першы клён. – Маладосць – бестурботная і дурная, старасць – мудрая і высакародная. Звярнице ўвагу, як глядзяць на нас маладыя – знізу ўверх! Так, ім ёсць чаму ў нас павучыцца – нашай мужнасці, трываласці, цягавітасці і вялікаму жыццёваму вопыту!
     – Вядома, ты маеш рацыю, гэта так! – падтрымаў яго сусед, другі клён.
     Дрэвы замоўклі. Але мудрыя фанабэрыстыя думкі не пакідалі іх. Толькі калі побач, як у казцы, з'явілася дзяўчына ў ярка-чырвонай сукенцы, яны ачуліся ад сваіх дум і паглядзелі на яе.
     Твар прыгажуні свяціўся ад усмешкі, яркія ўражанні перапаўнялі маладое сэрца. Як ёй хацелася разглядзець усё да дробязяў у гэтым дзівосным старым лесе! Але дзяўчына нават не зірнула на дрэвы і не паспрабавала прачытаць іх думкі. Яе ўвагу прыцягнула зусім іншае. Яна ўбачыла ў яркім сонечным свеце пырхаючых матылькоў. Іх крылцы былі афарбаваны ў цудоўныя незвычайна прыгожыя колеры!
     – Які цуд! – шаптала юная лэдзі. Яна, як зачараваная, хадзіла за матылькамі і не магла адарваць ад іх захопленых вачэй.
     – Вось як, – засмуціліся старыя сябры, – яна нават не паглядзела на нас. Няўжо нейкія матылькі-аднадзёнкі заслугоўваюць большай увагі, чым мы!
     Дрэвы разгубіліся. Яны моўчкі сачылі за маладой прыгажуняй. І ўпершыню за шмат гадоў ім стала не зразумела, каго ж, усё-такі, шануе і з каго бярэ прыклад моладзь.
     
     p.s. Па малюнку Эрдинга Алтунга "With purity and badness"
     
      Гэта казка на рускай мове
5.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100