Сябар ці прыяцель? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сябар ці прыяцель?
Сябар ці прыяцель?
Яшчэ ў раннім дзяцінстве дзіця інтуітыўна шукае сябра, такога, каб з ім было прыемна і цікава гуляць. Маляня пяцігадовага ўзросту ўжо здольнае адчуваць шчырасць і няшчырасць у адносінах, яно бачыць, хто сумленны, а хто здольны на хітрасць і хлусню.      Характар у чалавека фарміруецца з ранняга ўзросту. Напэўна, вялікі адбітак на паводзіны дзіцяці аказвае прыклад блізкага яму чалавека, які шмат часу праводзіць з ім: матулі, бацькі, браціка ці сястрычкі, бабулі ці дзеда. Але, што б ні казалі, я лічу, што духоўнасць чалавека праглялвае з пялёнак. Не сакрэт, што ў адной і той жа сям'і дзеці часта растуць вельмі розныя і духоўна непадобныя адно на аднаго.
     Вось таму ўсё так і адбываецца ў сяброўстве паміж дзецьмі. Адно дзіця ў сваім сябру шукае адданасці, пэўнасці і любові, таму што ён сам такой і не здольны здрадзіць. Іншага ж цікавіць зусім не тое. Яму хочацца быць самым-самым. І ён бярэ ў сябры таго, хто яму падпарадкоўваецца, не зважаючы ўвагі на яго адданасць, бо ў любы момант зможа памяняць гэтага сябра на іншага і г.д.
     Чалавек прыходзіць у гэты свет са сваімі "крыламі" і са сваёй душой. І потым усё жыццё імкнецца знайсці тых, з кім яму будзе лёгка мець сувязь, тых, хто будзе адпавядаць яго духоўнаму складу. Дзіцячы сад, школа, інстытут, праца па чарзе ўводзяць чалавека ў незнаёмую яму духоўную "атмасферу", дзе ён спрабуе адшукаць тое стаўленне да сябе, якое будзе ўваходзіць у рэзананс з яго душэўным светам. Але не заўсёды ў чалавека гэта атрымоўваецца. Даволі часта ён сустракае неразуменне сярод аднагодкаў і памыляецца, прымаючы за сапраўднае сяброўства тыя адносіны, якія з часам аказваюцца толькі прыяцельскімі.
     Кожны чалавек шукае на свеце тое, што яму цікава, што дае яго душы адчуванне шчасця і задавальнення. Але ў кожнага ў разуменні складваюцца свае пэўныя духоўныя каштоўнасці. Часта, зблізіўшыся ў дзяцінстве альбо ў юнацкасці, людзі разыходзяцца ў сталым узросце. Яны зразумелі, што па-рознаму глядзяць на жыццё – бачаць тое, да чаго ім трэба імкнуцца ў жыцці, тое, што больш за ўсё варта шанаваць.
     У нашым сучасным жыцці, калі ў школе ўжо не патрабуюць ад усіх адзінага светапогляду, не прымушаюць уступаць у піянеры ці камсамол, дзеці самі выбіраюць сабе ідэал для пераймання. І добра, калі самы блізкі чалавек – маці, бацька, бабуля ці дзядуля - разумее сваё дзіця і становіцца для яго лепшым сябрам. Хто ж, як ні родны чалавек, кахае яго больш усяго на свеце і здольны аддаць яму часцінку сваёй душы. Аднак яшчэ большае шчасце набывае той чалавек, які, акрамя блізкага сябра ў сваёй роднай сям'і, знаходзіць такога ж блізкага сябра па-за домам.
     І няхай на зямлі будзе больш добрых шчырых людзей, якім пашчасціла сустрэць у сваім жыцці сапраўдных, любячых іх, адданых сяброў.
     
      Гэтае апавяданне на рускай мове
5.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100