Мінскае гета (аповед-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мінскае гета (аповед-быль)
Мінскае гета (аповед-быль)
Вялікая Айчынная вайна... Колькі няшчасця яна прынесла, колькі мірных нявінных жыхароў Мінска загінула, колькі дзяцей не дажыло да вызвалення роднага горада ад ненавісных акупантаў!      Цяпер шмат хто з нас, жыхароў сталіцы, нават не здагадваецца, праходзячы па вуліцы Каллектарнай, Сухой, Караля, Романоўскай Слабадзе, Ракаўскай, Дзімітрова, Замкавай, Юбілейнай плошчы, што калісьці гэта цэнтральная частка горада была абгароджана высокім штыкетнікам з калючым дротам, і туды зганялі яўрэяў для таго, каб потым знішчыць, як нелюдзяў, нявартых жыць на белым свеце. Колькі параненых, напаўжывых, знясіленых людзей было закатавана тут і асуджана на страшную смерць!
     З усяго гэтага апраметнага пекла, якое мела назву Мінскае гета, удалося ўцалець зусім нямногім. І яны да канца жыцця былі ўдзячныя сваім выратавальнікам, якія хавалі іх ад немінучай смерці ў падвалах дамоў, на гарышчах, у іншых патаемных месцах альбо дапамагалі дабрацца да партызан у лесе.
     Пасля вайны на Юбілейнай плошчы быў пабудаваны кінатэатр "Беларусь", на вуліцах, якія знаходзіліся на тэрыторыі Мінскага гета, збудаваны новыя жылыя дамы. У вызваленым Мінску нарадзілася шмат малышоў. Дзеці падрасталі, хадзілі ў дзіцячыя сады і школы, паступалі вучыцца сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нажаль, бацькі і настаўнікі зусім мала расказвалі ім пра тую трагедыю, якая яшчэ не так даўно адбылася ў родным горадзе, пра акупацыю Мінска і жахах Мінскага гета. Людзям, якія перажылі страшную вайну і спазналі шмат гора, не хацелася азмрочваць шчаслівае жыццё сваіх дзяцей.
     Але час ідзе, і жыццё змяняецца. Адноўлены пасля вайны намаганнямі працавітых і цярплівых людзей горад Мінск з кожным годам прыгажэе, расце і напаўняецца новымі клопатамі і радасцямі. Вось толькі нікому з нас нельга забываць пра той страшны час, калі тысячы бязвінных людзей, змучаных і галодных, гінулі ад рук катаў тут, у цэнтральнай частцы горада, у Мінскам гета.
     У наш час у кінатэатрах горада часта ідуць дакументальныя і мастацкія фільмы пра вайну, у музеях праводзяцца выставы, прысвечаныя памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Падрастаючая моладзь даведваецца пра подзвігі сваіх прадзедаў, разглядаючы ўзнагароды герояў вайны, фатаграфіі таго часу, слухаючы ці чытаючы іх успаміны. Амаль у кожнай беларускай сям'і ёсць хтосьці са сваякоў, хто загінуў на фронце, у партызанах ці быў закатаваны фашыстамі. А як усе яны, у той час яшчэ зусім маладыя людзі, хацелі жыць, радавацца мірнаму жыццю ў сваёй роднай краіне, быць шчаслівымі! Нам, хто жыве цяпер на святой беларускай зямлі, застаецца толькі верыць у тое, што памяць пра кожнага чалавека, які не дажыў да перамогі, будзе заўсёды захоўвацца ў сэрцах яго нашчадкаў.
     Галоўнае для ўсіх нас цяпер – зберагчы мірнае вольнае жыццё на роднай зямлі, ніколі не ўпускаць ворага-акупанта ў свой дом, рабіць усё дзеля таго, каб не паўтарылася тая жудасная трагедыя, якая адабрала жыцці ў мільёнаў людзей.
     
     Даведка:
     З 20 ліпеня 1941 па 21 кастрычніка 1943 года ў Мінскім гета з 120 тысяч вязняў загінула 105 тысяч. Самым вядомым і значным месцам памяці Мінскага гета з'яўляецца мемарыяльны комплекс "Яма". 2-3 сакавіка 1942 года падчас аднаго з пагромаў тут былі расстраляныя каля 5 тысяч чалавек, частка з іх была скінута ў гэту глыбокую яму.
     У гады Вялікай Айчыннай вайны загінула 3 мільёна беларусаў – кожны трэці. Вайна дашчэнту разбурыла 209 гарадоў, з твару зямлі агнём было сцёрта больш за 9 000 вёсак. Шмат жыхароў гэтых вёсак згарэлі жыўцом. Страшны час не літаваў нікога. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы правялі 140 карных аперацый. Сведчанні зверстваў – 250 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Вязнямі канцлагераў станавіліся нават маленькія беларусы.
     35 000 дзяцей – жахлівая статыстыка вайны. 1418 дзён і начэй жорсткай і страшнай бітвы за сваю Радзіму, за мір, за жыццё.
     
      Гэта апавяданне на рускай мове
25.01.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100