Вароты Мінска - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вароты Мінска
Вароты Мінска
Добрай раніцы! – павітаў высокі адзінаццаціпавярховы жылы дом свайго брата-блізнюка, які стаяў на другім баку вуліцы Кірава ў горадзе Мінску. Гэтыя вышынныя будынкі-вежы завуць "уязнымі варотамі" у горад. Іх узвялі будаўнікі адразу ж пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны на Прывакзальнай плошчы. Калісьці вельмі даўно ў старажытнага Мінскага Замчышча таксама былі "ўязныя вароты", толькі зроблены яны былі з дрэва. Але гэты факт наўрад ці вядомы братам-блізнятам. А спапялёны пасляваенны Мінск у той час, калі іх будавалі, будынкі-вежы памятаюць вельмі добра…      Семдзесят гадоў таму горад Мінск, дашчэнту разбураны і спалены нямецка-фашысцкімі акупантамі, толькі яшчэ пачынаў нанова адраджацца. Будынкі-вежы былі рады таму, што іх узводзілі аднымі з першых. Вядома, паступова ў горадзе з'яўлялася шмат новых прыгожых будынкаў, створаных працавітымі архітэктарамі і будаўнікамі. Але тады кожны пасажыр, які прыязджаў у Мінск, калі сыходзіў з цягніка і выходзіў на Прывакзальную плошчу, адразу зважаў менавіта іх, дзіўна прыгожых і незвычайных. Ад такой пільнай увагі і захаплення новыя будынкі тут жа заганарыліся, ды і цяпер яны глядзяць на людзей як бы "пагардліва". Але мы не будзем моцна дакараць іх за гэта. Лепш паслухаем, як "уязныя вароты" жылі, што бачылі на сваім вяку і пра што разважаюць цяпер.
     – Паслухай, брат, – гудзе першы дом, размешчаны на правым баку вуліцы Кірава, прыцягваючы ўвагу другога дома, на верхні паверх якога падчас будаўніцтва быў ўбудаваны старадаўні вежавы гадзіннік велізарнага памеру. – Заўтра субота. У горад прыедуць балельшчыкі з прыгарада на спартыўнае мерапрыемства. А шаснаццатай гадзіне на стадыёне "Дынама" адбудзецца футбольны матч – мінскае "Дынама" гуляе з "Нёманам". Спадзяюся, твой вежавы гадзіннік паказвае дакладны час. Важна, каб балельшчыкі не спазніліся на стадыён.
     – Не турбуйся, не спозняцца, калі, вядома, электрычка прыедзе своечасова без затрымак у дарозе, – бурчыць у адказ брат-блізнюк з левага боку вуліцы.
     – А ў нядзелю да нас у Мінск прыедуць з прыгарада дзеці з бацькамі.
     – Навошта?
     – Ты забыўся? У цырку прэм'ера.
     – Ах, так. Усё будзе добра. Не хвалюйся. Гадзіннік не падвядзе. Я ўпэўнены, "гадзіншчык" будзе сачыць за тым, каб новы электронны гадзіннікавы механізм спраўна працаваў. Ты ж ведаеш, стрэлкі майго самага вялікага у нашым горадзе гадзінніка, цяпер рухае не стары цяжкі механізм з гірай і ланцугамі, а новы электронны. Яго не так даўно падключылі да гадзінніка.
     – Так, я ведаю, што гадзіннік вельмі стары. Памятаю, яго усталёўвалі яшчэ тады, падчас будаўніцтва. Да таго ж, ён трафейны і вельмі вялікі, дыяметр цыферблата ў яго роўны тром з паловай метрам.
     Вось такія ці падобныя, незразумелыя людскім вушам гутаркі часам раздаюцца на вышыні адзінаццатага паверху будынкаў-веж. Яны, як сапраўдныя патрыёты свайго горада, турбуюцца, каб беларусам камфортна жылося ў роднай краіне. І не толькі знакамітыя вежы клапоцяцца пра гэта. Увесь сучасны Мінск з яго шырокімі вуліцамі і плошчамі, утульнымі жылымі мікрараёнамі, паркамі і скверамі, ракой Свіслач, Камсамольскім возерам і вадасховішчамі, палацамі і тэатрамі, спартыўнымі збудаваннямі, прамысловымі прадпрыемствамі, універмагамі і супермаркетамі, падземным і надземным транспартам думае і клапоціцца пра дабрабыт сваіх грамадзян – беларусаў.
     Каб нанова адбудаваць горад Мінск, у пасляваенны час спатрэбіліся намаганні цэлага пакалення тых самых людзей, якія перажылі вайну. А іх дзеці, якія нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады, дагэтуль памятаюць беднату і голад свайго дзяцінства, дрэнна апранутых людзей, бязногіх інвалідаў вайны, абшарпаныя сцены разбураных дамоў, чорныя баракі і старыя ўрослыя ў зямлю хацінкі, падобныя на зямлянкі. У дзяцей у той час не было дарагіх цацак, добрай адзежы, тых забавак, якія ёсць у сучасных дзяцей. У тыя гады цяжка жылося беларусам, але быў гонар, што на іх роднай зямлі запанавалі мір і спакой. Паступова жыццё ў Мінску наладжвалася, горад рос і развіваўся, дзякуючы працавітасці і цярпенню бабуль і дзядуляў сённяшніх маладых мам і тат.
     З тых даўніх часоў, як старадаўні трафейны гадзіннік усталявалі на новым, толькі яшчэ пабудаваным будынку-вежы, яны спраўна ідуць, секунда за секундай адстукваючы час нашага з вамі жыцця. І цяпер вежавы гадзіннік ганарліва глядзяць з вышыні на мінчан і гасцей сталіцы, бачыць і заўважае ўсё, што адбываецца на Прывакзальнай плошчы.
     Вось да "ўязных варот" падышлі двое:
     – Гэты гадзіннік ідзе ці стаіць? – спытаў сыночак у свайго таты, зірнуўшы ўгару на левую вежу.
     – Ідзе, вядома, – адказаў малады чалавек, з усмешкай паглядзеўшы на сына.
     – У мяне гадзіннік ёсць у смартфоне. А гэты стары гадзіннік цяпер ужо нікому не патрэбны, – вырашыў хлопчык.
     – Не, ты не маеш рацыю. Гэты гадзіннік убачыць кожны, варта толькі зірнуць угару. Прахожы даведаецца, колькі цяпер часу. Твой смартфон можа сапсавацца, ён не даўгавечны. А гадзіннік ідзе ўжо шмат гадоў запар і будзе яшчэ ісці вельмі доўга. Ён не толькі адлічвае час, ён – упрыгажэнне Прывакзальнай плошчы. Бачыш, якія велізарныя ў яго цыферблат і стрэлкі. Гэта самы вялікі вежавы гадзіннік нашага горада.
     – А яшчэ дзе-небудзь у Мінску ёсць падобны гадзіннік? – спытаў хлопчык.
     – Ёсць. Недалёка адгэтуль, на праспекце Незалежнасці. Калі жадаеш, мы можам прагуляцца і паглядзець на яго.
     – Жадаю.
     – Тады пайшлі, – прамовіў тата павёў сына на экскурсію.
     Пэўна, ён пакажа хлопчыку яшчэ адзін размешчаны паблізу ад Прывакзальнай плошчы вежавы гадзіннік. У першыя пасляваенныя гады падчас будаўніцтва "дома пад гадзіннікам" на вугле Камсамольскай вуліцы, яго размясцілі на вежы. Гэта рарытэтны трафей – гадзіннік з патройным цыферблатам, якому, па меркаванні адмыслоўцаў, ад двухсот да трохсот гадоў. У старадаўнем гадзінніку яшчэ захаваўся першапачатковы механізм з шасцярэнькамі і гірай.
     Новы музычны вежавы гадзіннік з электронным цыферблатам размешчаны на мінскай Ратушы на плошчы Волі. Гэта гадзіннік-куранты з боем. Кожную гадзіну ён адбівае час, і дадаткова на працягу 19 секунд іграе песня пра Мінск, напісаная кампазітарам Ігарам Лучанком на словы паэта Пімена Панчанко. Разам з гэтымі курантамі мінчане сустракаюць Новы год і загадваюць жаданні апоўначы.
     А яшчэ пагаворваюць, што ўсе вежавыя гадзіннікі горада маюць зносіны паміж сабой пасродкам чароўных часавых сігналаў і не даюць адзін аднаму збаіць ці спыняцца. Але давайце вернемся на Прывакзальную плошу і паслухаем, пра што кажуць "ўязныя вароты".
     – Я ведаю, што сёння школьнікаў з 3-Б класа гімназіі №75 настаўніца павядзе на экскурсію на мінскі гадзіннікавы завод, – паведаміў будынак-вежа, размешчаны на правым баку вуліцы, свайму брату-блізнюку з гадзіннікам.
     – Адкуль табе гэта вядома?
     – Дзяўчынка Люда жыве на маім дзясятым паверсе, яна казала пра гэта бацькам.
     – Добрая экскурсія. Дзеці пазнаёмяцца з працаўнікамі гадзіннікавага завода, даведаюцца, як вырабляюць наручныя гадзіннікі і будзільнікі. Гэта вельмі цікава!
     – Няўжо. Наўрад ці іх павядуць у цэх, дзеці пойдуць на экскурсію ў музей гадзіннікавага завода.
     – Гэта нават лепш. Там дзеці ўбачаць самыя першыя гадзіннікі, якія рабілі на заводзе. Такія гадзіннікі насілі на руках іх бабулі і дзядулі, а па старых будзільніках яны прачыналіся раніцой. Трэба распавесці пра дзяцей майму вежаваму гадзінніку, – сцяміў левы будынак. – Няхай паведаміць пра гэту экскурсію хранометрам, размешчаным на вежы мінскага гадзіннікавага завода. Заводу трэба належна сустрэць у сябе падрастаючую моладзь, бо за імі будучыня. І хто ведае, можа хтосьці з гэтых дапытлівых дзетак стане вялікім навукоўцам, вынаходнікам новых гадзіннікавых механізмаў і ўславіць нашу Беларусь…
     Вось такія гутаркі Варот Мінска падслухаў хтосьці з казачнікаў. А можа ўсё гэта зусім не казка, бо ў нашым загадкавым свеце ўсё магчыма. Толькі Час – ён нябачны, але ход у яго выразны, роўны і зусім не казачны. Час нашага жыцця рэальны, ён не дае нам ні хвіліны адпачынку. Нястомна, секунду за секундай ён адлічвае на мільярдах зямных цыферблатаў і спяшаецца толькі наперад.
     А мы жывём, кожную зіму праводзім Стары і сустракаем Новы год, загадваючы свае запаветныя жаданні. У гэтыя святочныя дні горад Мінск ззяе і спявае! На яго плошчах зіхацяць навагоднія Ёлкі, людзі ўсміхаюцца і жадаюць адно аднаму шчасця ў Новым годзе.
     Так няхай жа ніколі праз "уязныя вароты" Мінска не ўвойдзе ніводны вораг, а ўваходзяць толькі нашы сябры і родныя людзі. Няхай мірны Час нашага горада "цікае" вечна і вядзе людзей насустрач шчасліваму плённаму жыццю.
     
      Гэта казка на рускай мове
20.01.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100