Імклівы палёт нашага жыцця - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Імклівы палёт нашага жыцця
Імклівы палёт нашага жыцця
Рыпнулі дзверы. Маленькая дзяўчынка паціху пераступіла праз парог і выйшла на ганак сваёй хаты. Яна зажмурылася ад яркага сонечнага святла, яе далікатны тварык абдзьмуў свежы ветрык. Які ж неапісальна прыгожы адкрываўся перад ёй свет! Яна паглядзела ўгару – там высока-высока, амаль ля самага неба шамацела лісце дрэў, а тут, побач з ёй, з кветкі на кветку пераляталі матылькі і стракозы. Дзяўчынка ўдыхнула далікатны духмяны водар, які падымаўся ад травы, кветак і лістоты. Усё тое, што ў той час жыло, шумела, шамацела, цурчэла і спявала вакол яе, здалося малой чымсьці яшчэ не зусім зразумелым, новым, але такім цудоўным і незвычайна прывабным!      Прайшоў час. Ізноў рыпнулі дзверы, і на той жа ганак выбегла з хаты маладая дзяўчына. Яна зажмурылася ад яркага сонечнага святла, усміхнулася, зірнуўшы на маленькіх дзетак, якія гулялі ў двары, заўважыла вазу з букетам белых руж на падаконніку суседскага акна. Агледзеўшы сябе з боку – ці ў парадку сукенка, дзяўчына хутка паспяшалася па сцежцы да брамкі, меркуючы пра тое, каб не выпацкаць у брудзе свае новыя туфлі.
     Хутка праляцела яшчэ некалькі гадоў. Рыпнулі ўсё тыя ж дзверы, на ганак хаты выйшла пажылая жанчына. Адчуўшы прахалоду восеньскай раніцы, лепей нацягнуўшы на вушы шапку і паправіўшы шалік, яна пайшла да брамкі, нічога не заўважаючы вакол сябе і разважаючы пра нешта сваё.
     Непрыкметна прайшлі гады. Цяжка рыпнуўшы, павольна адчыніліся дзверы. На ганак, асцярожна ступаючы, выйшла зусім ужо састарэлая жанчына. Яна зажмурылася ад яркага сонечнага святла, з асалодай удыхнула свежасць летняй раніцы, усміхнулася, гледзячы на яркіх матылькоў і стракоз, прыслухалася да пяшчотнага спеву птушак. Бабулька паглядзела ўгару і ўбачыла блакіт чыстага неба, які прабіваўся скрозь зеляніну лістоты. Усё гэта здалося ёй невымоўна і да болю дзіўным і прыгожым. Нібы яна бачыла навакольную прыгажосць прыроды ў першы, а можа, у апошні раз…
     
      Гэта казка на рускай мове
1.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100