Смак нашага жыцця - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Смак нашага жыцця
Смак нашага жыцця
На схіле гадоў чалавек пачынае часцей узгадваць пражытыя гады. Гэтыя ўспаміны прыводзяць яго ў забытыя, даўно мінулыя адрэзкі жыцця. Часцей успамінаецца добрае, але бывае, што ў памяці ўсплывае і дрэннае.      Ехаў стары ў аўтобусе, а за акном праплываў добра адрэстаўрыраваны стары будынак. Гледзячы на яго, чалавек падумаў: "Гэта маё мінулае жыццё нагадвае пра сябе". Будынак быў доўгі, складаўся з частак, размаляваных у розныя колеры – светлыя і радасныя, цёмныя і змрочныя. "Так і ў маім жыцці: усё было – радасць і каханне, смутак і расчараванне, прыходзіла і гора, – падумаў стары. – Я ж ніколі не пераставаў верыць у шчасце і поспех"...
     Малады чалавек бадзёра крочыць па дарозе свайго жыцця. А вакол рассцілаюцца квітнеючыя палі, пахне канюшынай і мятай. На шляху ў чалавека сустракаецца ярка размаляваная зялёная хатка. Прыгожая дзяўчына Мара стаіць на парозе і запрашае яго ўвайсці. Яна поіць падарожніка смачным чаем з мёдам і, усміхаючыся, кажа, што ўсё ў яго жыцці будзе добра, хутка ён сустрэне сваё шчасце і поспех. Узрадаваны, чалавек спяшаецца далей. Ідзе ён год, ідзе два, але сваё шчасце і поспех так і не сустракае. Насупраць, на шляху яму чамусьці трапляюцца шэрыя несамавітыя хацінкі, дзе жывуць стомленыя і панурыя людзі. " Дзе ж маё шчасце?" – сумна думае чалавек і ўжо не спадзяецца на сустрэчу з ім. І тут, нарэшце, з-за павароту выглядваюць сцены маленькай афарбаванай ў ружовы колер хаткі. На парозе стаіць ветлая дзяўчына Поспех. Яна з усмешкай вітае яго. Ад радасці ўвесь свет перад чалавекам размалёўваецца ў цудоўныя вясновыя фарбы! Узрадаваны, ён не спяшаецца пакінуць гэтую прыемную хатку, жадаючы як мага даўжэй затрымацца ў ёй. Чалавек моліцца на свой Поспех і зусім не жадае раставацца з ім. Зараз усё залежыць ад таго, наколькі гэта спадарыня будзе ласкавая з ім. Але, часцяком, неўзабаве да яе выбудоўваецца цэлая чарга, і чалавеку прыходзіцца сысці, каб даць магчымасць іншым адчуць радасць ад зносін з ёю.
     Чалавек ідзе далей. Вядома ж, яму вельмі хочацца часцей сустракаць у жыцці хаткі, размаляваныя ў яркія і светлыя колеры, а шэрыя і цёмныя хацінкі абыходзіць бокам. Аднак жыццё не бывае толькі салодкім і прыгожым. Раз-пораз яно падкідвае чалавеку па дарозе шэрыя няўтульныя хаткі са Смуткам, Няўдачай ці нават Горам.
     Але чалавек не жадае лічыць сябе няўдачнікам і верыць у шчаслівы лёс. І вось ужо, як грыб-баравік, на яго шляху вырастае хай не такая вялікая, як бы хацелася, але, усё-такі, яркая маляўнічая хатка. На ганку яго сустракае ўсё тая ж усмешлівая спадарыня Поспех. Заходзь чалавек да яе ў госці, цешся і будзь шчаслівы хай на імгненне, хай на дзень ці год, а калі пашанцуе, дык і на шмат гадоў…
     Ехаў стары ў аўтобусе, а міма яго праплываў адзін вялікі будынак яго доўгага жыцця. І былі ў гэтым будынку светлыя часткі ружовага, памяранцавага, ярка-зялёнага колеру ўперамежку з цёмна-шэрымі і карычневымі. Глядзеў стары ў акно і думаў: "Усё трэба перажыць, усё паспрабаваць – і салодкае, і горкае, інакш ніколі не адчуеш сапраўдны смак свайго жыцця".
     
      Гэта казка на рускай мове
1.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100