Галубка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Галубка
Галубка
Кожны дзень у двор шматпавярховага дома прыляталі галубы. Яны пераляталі з балкона на балкон, прысаджваліся на карнізы і з цікаўнасцю зазіралі ў вокны. Іх зоркія вочы бачылі ўсё. Варта было камусьці падысці да акна, галубы адразу ж знікалі. Здавалася б, яны гарадскія і жывуць паблізу людзей, але галубы вельмі асцярожныя птушкі і так проста не возьмуць корм з рукі.      Ля акна на трэцім паверсе вельмі часта сядзела старэнькая бабуля. Яна глядзела ў двор на светла-зялёную лістоту дрэў і чакала сваю любую галубку – белакрылую і грацыёзную. Галубка прылятала і падоўгу сядзела поруч бабулінага акна. Відаць і ёй штосьці падабалася, можа добры позірк бабулькі, яе ўсмешка альбо мяккі голас. Бабулька размаўляла з галубкай, распавядала ёй пра сваё жыццё так, як быццам перад ёй была не птушка, а блізкі чалавек. Кожны дзень амаль у адзін і той жа час пачыналася іх спатканне. Пэўна, і галубка, і бабуля былі рады гэтым сустрэчам, яны па-сапраўднаму пасябравалі.
     Раптам здарылася бяда, бабулька захварэла і хутка памерла. А птушка працягвала прылятаць да акна ў прызначаны час і падоўгу чакаць сустрэчы. Усё лета і восень яна прылятала, садзілася на карніз акна і чакала. З сумам галубка зазірала ў акно, імкнучыся сустрэць сваю добрую сяброўку. Але, нажаль, бабулькі там ужо не было. Аднойчы, паглядзеўшы ў акно, маладая жанчына, унучка бабулі, убачыла белакрылую бабуліну галубку:
     – Ты чакаеш бабулю? Дарагая мая галубка! – здзівілася яна.
     Прайшоў час. І вось увесну ў тым жа самым пакоі, дзе калісьці жыла бабуля, з'явілася на свет маленькая дзяўчынка, яе праўнучка. А калі дзяўчынка крышачку падрасла, яна пачала цягнуць ручкі да акна, як бы просячы маму паказаць ёй, што ж гэта там, за акном, так ярка свеціць? Маці ўзяла дзіця на рукі і ўпершыню паднесла да акна. І як толькі малая зазірнула ў яго, да акна падляцела тая самая бабуліна галубка! Птушка ўважліва глядзела на малюсенькую дзяўчынку, малая ж таксама не магла адарваць вачэй ад птушачкі, цягнула ручкі, спрабуючы дакрануцца да яе апярэння…
     Яны палюбілі адна адну з першага позірку. Зараз кожны дзень малая будзе шукаць ля акна белакрылую галубку, а галубка – маленькую дзяўчынку.
     
      Гэта казка на рускай мове
1.02.22
Каталог TUT.BY Rambler's Top100