Сонечная Арфа - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сонечная Арфа
Сонечная Арфа
Ля падножжа высокіх гор, на зялёным узгорку, размясціўся невялікі пасёлак. Жылі ў ім працавітыя людзі, добрыя і вельмі таленавітыя. Па вечарах, збіраючыся разам на лузе ці ў садзе, яны адпачывалі ад штодзённай працы, напяваючы любімыя песні. Іх прыгожыя галасы слухалі птушкі і жывёлы, а часам і да горных вяршыняў даляталі гукі чароўнай музыкі. Горы ўслухоўваліся ў добрыя галасы людзей і стараліся не нашкодзіць ім. Яны не скідалі з вышыні на пасёлак камяні і снежныя лавіны, узімку абаранялі людзей ад лютых ледзяных вятроў, а ўлетку – ад надакучлівай спёкі.      Дзесьці там, высока пад аблокамі, на адной з гэтых гор, у даўнія часы нарадзілася незвычайна звонкая галасістая крынічка. Тоненькі Струменьчык вады вырываўся нібы з глыбіні гары і біў фантанчыкам. Але, заўважыўшы ўнізе ля падножжа гары зялёную даліну, Струменьчыку захацелася паглядзець, хто ж там жыве, і ён, не спалохаўшыся вышыні, панёсся ўніз па схілах гары. Захопліваючы друзлы снег і нават ільдзінкі, ён хуценька ператвараў іх у ваду, ніколькі не хвалюючыся пра тое, што чакае яго наперадзе. Нарэшце, дабраўшыся да нізіны, шустры Струменьчык зменшыў хуткасць, але не спыніўся. Віхляючы паміж камянямі і лагчынкамі, ён шукаў выйсце да мора альбо да шырокай ракі. Сам ён таксама стаў больш шырэйшым і зараз зваў сябе няйначай, як горным Ручайком. Толькі тут, унізе, яму чамусьці раптам стала сумна і самотна. Зараз пацешыць кагосьці іншага маглі кропелькі празрыстай вадзіцы Ручайка, якія, удараючыся аб каменьчыкі, падскоквалі ўгару і іскрыліся на сонейку:
     – Дзінь-дон, дзінь-дон, дзінь-дон! – звінелі кропелькі, ператвараючы гэты перазвон у звонкую песеньку.
     Дзяўчынка Ала гэтак жа, як і Ручаёк, была самотная. У пасёлку не было дзяўчынак яе ўзросту, з якімі можна было б сябраваць. Ала любіла прыходзіць да Ручайка і слухаць яго звонкую мелодыю. Ёй здавалася, што кожны раз Ручаёк іграе па-іншаму. Так-так, менавіта іграе! Кропелькі яго вады стукаюць па каменьчыках, ствараючы гукі музыкі. "Шкада, што ў мяне няма такога інструмента. Я б змагла скласці мелодыю, падобную на гукі Ручайка", – думала яна.
     Аднойчы, дзяўчынка прыйшла туды адразу пасля навальніцы і ўбачыла ў небе штосьці незвычайнае. Ёй здалося, што Вясёлка, з'явіўшыся на небе, нечакана ператварылася ў чароўны музычны інструмент. Прамяні Сонца паначэрчвалі пад Вясёлкай залатыя струны, і яны зазвінелі голасам Ручайка.
     – Дзінь-дон, дзінь-дон, дзінь-дон! – звінелі чароўныя струны Вясёлкі і пераліваліся залатым святлом.
     Магчыма, Але ўсё гэта здалося, бо побач з ёй цурчэў Ручаёк. Але дзяўчынка была такая ўсхваляваная! Ёй захацелася, каб у яе быў падобны інструмент. Прыбегшы дахаты, яна не ўтрымалася і аб усім распавяла дзядулю. Гэты стары музыка ўмеў нядрэнна майстраваць. У яго хаце была жалейка, скрыпка, бубен, якія ён калісьці змайстраваў сам.
     – Дзядуля, той інструмент, які я бачыла ў небе, не падобны на скрыпку, – усхвалявана распавядала ўнучка. – Ён падобны на Вясёлку з залатымі струнамі.
     Не адразу, але стары зразумеў, пра што кажа Ала, і з яе ж дапамогай змайстраваў чароўны інструмент з клёну і елкі. На тоўстым выгнутым драўляным каркасе майстар замацаваў, а затым нацягнуў металічныя струны.
     – Праўда, дзядуля, наш інструмент чымсьці падобны на чароўную Вясёлку? – цешылася дзяўчынка. Яна правяла пальчыкамі па струнах, і яны загучалі, нават зазвінелі, як кропелькі горнага Ручайка.
     – А калі мы па-рознаму нацягнем струны, то атрымаюцца актавы, – прыдумаў стары, – і ты зможаш сама складаць прыгожыя мелодыі.
     Так у горным пасёлку нарадзілася Арфа. Хто даў ёй такую назву, цяпер не даведацца. Незвычайны інструмент спадабаўся жыхарам пасёлка.
     – Як прыгожа гучаць струны Арфы, нават цяжка сказаць, што нагадвае гэта мелодыя, – казалі яны.
     – Ды гэта ж музыка Сонца! – сцвярджалі адны.
     – Не, гэта музыка гор, – пярэчылі іншыя.
     Толькі сама Ала ведала: гэта музыка горнага Ручайка, таго самага, каля якога яна ўпершыню ўбачыла ў небе чароўную Арфу. Яе ж стварыла Сонца з кропелек навальнічнага дажджу і сваіх залатых прамянёў.
     
     Казку агучыла артыстка Ліка Пташук
     
      Гэта казка на рускай мове
24.11.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100