Колькі каштуе сунічнае варэнне? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Колькі каштуе сунічнае варэнне?
Колькі каштуе сунічнае варэнне?
Сёлета Антошка разам з сястрычкай Алесяй на ўсё лета прыехаў у госці да бабулі ў вёску. Летнія дзянькі цешылі дзяцей. Яны гулялі ў двары, атрымліваючы асалоду ад адпачынку і добрага надвор'я. Высока ў небе плавалі белыя пухнатыя аблокі, дзьмуў лёгкі ветрык, сонейка было цёплым і ласкавым. Маленькае блакітнае азярцо, нібы чароўнае шкельца, ззяла ў канцы вёскі. Дзеці прыбягалі да берага, каб памацаць цёплую ваду і паглядзець на качак і лебедзяў. Не так часта, але ім удавалася нават выкупацца ў возеры, але толькі пад наглядам бабулі. А яшчэ можна было пакатацца на ровары. Антошка ганяў на ім па ўсёй вёсцы. Алеся бегала следам за братам. Але яе часта адцягвалі разнастайныя вясковыя дзівоцтвы. То незвычайны яркі матылёк заўважыць на кветцы, то страказу, то багоўка сядзе да яе на далоньку.      Бывала і так, што неба раптам зацягвала навальнічнымі хмарамі. І тады дзеці заставаліся ў хаце. У такія гадзіны бабуля ўсаджвала ўнукаў за чытанне кніг, якія мама падабрала ім перад ад'ездам.
     – Гэта сумна, я не хачу чытаць, – хныхаў Антошка, а Алеся захапіўшыся чытаннем, забывала пра ўсё.
     Кроплі дажджу стукалі па даху хаты, па падаконніку, але потым на неба зноў выглядвала сонейка і хутка высушвала ўсе лужыны.
     – Пайшлі гуляць, дожджык скончыўся, – казаў Антошка, стоячы ля акна, і цягнуў сястрычку ў двор.
     Бабуля не заўсёды займалася дзецьмі. У яе было шмат хатніх спраў. Але, ідучы ў краму за прадуктамі, старая брала ўнукаў з сабой. Яны дапамагалі ёй, бабуля дазваляла ім аднесці дахаты невялікія пакеты з ежай у абмен на смачнае марожанае ці шакаладку.
     – А калі б я проста так папрасіла вас дапамагчы мне, вы б пагадзіліся? – аднойчы спытала бабуля ва ўнукаў.
     – Так, і я – таксама, – не задумваючыся, адказалі дзеці, сумленна гледзячы ёй у вочы.
     – Ды я і не сумнявалася, – усміхнулася бабуля, – вы ж мае самыя галоўныя памочнікі.
     Улетку лес дорыць людзям смачныя ягады, арэхі, грыбы. Бабуля ведала гэта і імкнулася не прапусціць час, калі трэба ісці збіраць лясныя дарункі. Нарыхтоўкі ягад, грыбоў шмат значылі для яе, бо жыла старая небагата. І вось калі пачаўся ягадны сезон, яна сказала ўнукам:
     – Заўтра я пайду ў лес за суніцамі. Гайда са мной, мае дарагія!
     – Куды? У лес? Я не пайду, – нахмурыўся Антошка. – Мяне там закусаюць камары.
     – А ты, Алеся?
     – Пайду, – ціха адказала дзяўчынка.
     – Збяром ягады, наварым варэння, – вырашыла бабуля. – Яно такое смачнае, духмянае! Хто дапаможа збіраць, той і будзе каштаваць варэнне.
     – Так? – здзівіўся Антошка.
     "Нічога, яна мне таксама дасць пакаштаваць", – падумаў ён.
     Але наступны дзень прайшоў для хлопчыка зусім не цікава. Ён да поўдня праседзеў каля тэлевізара. А калі з лесу вярнуліся бабуля з Алесяй і па хаце разліўся смачны пах свежай лясной ягады, у Антошкі пацяклі слінкі.
     – А я наелася суніц у лесе! – пахвалілася сястрычка, паказваючы чырвоны ад ягад рот.
     – Так, мы іх там наеліся, яшчэ і дахаты прынеслі, будзем варэнне варыць, – сказала бабуля, паставіўшы на стол вядзерца з духмянымі чырвонымі ягадкамі.
     Да вечара слоік з сунічным варэннем красаваўся на кухонным стале. Але Антошка нават не папрасіў пакаштаваць, бо яму было неяк нязручна, а сама бабуля не прапанавала.
     – Гэта варэнне я прыгатавала да зімы, – сказала яна, гледзячы на ўнука. – Гэта мой недакранальны запас. Заўтра мы з Алесяй ізноў пойдзем за суніцамі. Там, у лесе, іх яшчэ шмат засталося. Пайшлі з намі, Антошка. У лесе цікава. Алеся бачыла вавёрку і вожыка.
     – Добра. Я падумаю, – адказаў хлопчык.
     Наступны дзень стаў для яго незвычайна цікавым. Мала таго, што ён наеўся гэтай смачніны, так яшчэ змог сабраць маленькае вядзерца ягад на варэнне. Антошка вырашыў, што ён забярэ свой слоік з варэннем у горад, як запас на халодную зіму. Яго сястрычка таксама пастаралася. І ў яе будзе свой слоік, бо такое варэнне ў краме не купіш.
     А дома мама схавае іх "лясныя запасы" ў шафу, але не надоўга. Чай з сунічным варэннем у іх сям'і даспадобы ўсім. Дзеці падзеляцца з мамай і татам, бо іх бацькі – рабацягі. Яны рэдка адпачываюць у бабулінай вёсцы. Затое новыя канькі і сноўборд у дзяцей абавязкова будуць гэтак жа, як і ўсё астатняе, што трэба ім у іх узросце.
     І ты, мой дружа, не лянуйся, рабі добрыя справы, дапамагай сваім родным, калі гэта вельмі патрэбна.
     
     p.s. Малюнак бельгійскага мастака Марсэлю Мальера.
     
      Гэта казка на рускай мове
24.11.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100