Як мышкі ратавалі Зорачку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як мышкі ратавалі Зорачку
Як мышкі ратавалі Зорачку
Пад падлогай старой закінутай драўлянай хаты жыла звычайная шэрая Мышка. Такія мышы выкопваюць сабе норкі пад зямлёй, а часам робяць нават хады ў жылыя пабудовы, каб скрасці што-небудзь з ежы ў гаспадароў. У гародах і на палях палявыя мышы знаходзяць збожжа, грызуць бульбу і іншую гародніну.      Але гэтай Мышцы не было чаго красці ў пустой хаце, дзе даўно ніхто не жыў. Бабулька, гаспадыня гэтай хаты, даўно памерла, а яе ўнукі рэдка прыязджалі сюды. Мышка ўлетку жыла ў лесе, які рос побач, а ўзімку сялілася ў закінутай хаце. Тут ёй было ўтульней, цяплей, і яна нават адчувала сябе гаспадыняй. Пад падлогай Мышка захоўвала запасы ежы на доўгую зіму, якія рыхтавала загадзя: сушоныя грыбы, ягады, зярняткі. Там жа ў яе была цёплая пасцелька з сухой травы.
     Калі зіма ўкрывала ўсю зямлю снегам, Мышка вылазіла з-пад падлогі і глядзела ў акно. Ёй не хацелася ў такое халоднае надвор'е бегаць па снезе і марозіць лапкі. Таму яна пракапала ход глыбока пад снегам у закінуты сад. Увосень поруч старой яблыні прадпрымальная Мышка ўладкавала сховішча для яблыкаў, якія зваліліся з дрэва на зямлю. Якімі ж смачнымі цяпер здаваліся ёй гэтыя ледзь падмарожаныя яблычкі!
     Але жыць адной без сяброў даволі сумна. Сяброўкі Мышкі засталіся зімаваць у лясных норках, якія яны старанна ўцяплілі, а тут, у старой хаце, жылі адны павукі. Яны сядзелі па кутах і плялі павуцінне.
     Аднак у жыцці рознае здараецца, і аднойчы Мышцы пашанцавала. У закінутую хату зазірнула штосьці вельмі падобнае на яе самую, толькі з крыламі. Шэрая Мышка пачула нейкі незразумелы шоргат, вылезла з-пад падлогі і ля печкі ўбачыла Лятучую Мыш.
     – Ты хто, і як сюды патрапіла? – спытала гаспадыня хаты.
     – Прабач мяне, шэрая Мышка, што я патурбавала цябе, – піснула Лятучая Мыш. – Але я вельмі стамілася, і мне недзе начаваць. А ў цябе тут цэлы палац!
     – Дзе ж ты жыла раней? – спытала шэрая Мышка.
     – У адрыне, дакладней, я там зімавала разам са сваімі сябрамі, кажанамі. Гэта месца далёка адгэтуль. Але прыехаў гаспадар з сабакам і прагнаў нас адтуль. Усе кажаны разляцеліся, хто куды. Я лётала-лётала, вельмі змерзла і ледзь не памерла. На шчасце, сёння заўважыла тваю хату і ўляцела ў яе праз дымавую трубу. Бачыш, якая я брудная, уся ў сажы.
     – Так, гэта прыкметна, – пацвердзіла Мышка.
     Яна не любіла мурзаў. Таму адразу ж павяла Лятучую Мыш праз шчылінку ў уваходных дзвярах у двор, каб выкупаць у снезе.
     – Нічога, сагрэешся, лезь назад у хату, – сказала яна сваёй новай сяброўцы, калі тая адмыла ўсю сажу са сваіх бліскучых крылаў і галоўкі.
     У хаце Лятучая Мыш не пагадзілася спаць на пасцельцы з сухой травы, яна забралася пад столь і павісла там уніз галавой.
     – Якая ты неразумная, – паўшчувала яе шэрая Мышка, – хіба хто-небудзь разумны будзе так спаць?
     – А я сплю, мне так зручна, – адказала Лятучая Мыш і тут жа заснула. Яна вельмі стамілася, і ёй трэба было адпачыць.
     Шэрая Мышка таксама адправілася спаць пад падлогу, у сваю спальню. Так яны і спалі: адна – пад падлогай, другая – пад столлю. Колькі часу гэта працягвалася, не вядома. Але ў нейкае нявызначанае імгненне, мышкі разам прачнуліся. Іх абудзіў гучны свіст. Хто ж гэта так засвістаў у іхней хаце?
     – Што здарылася? – крыкнулі абедзве мышкі. Шэрая Мышка падбегла да печкі і ўбачыла штосьці яркае і бліскучае, але ўсё ў сажы.
     – Я выпадкова звалілася з неба, – заплакала брудная істота.
     – Хто ж ты? – спыталі мышкі.
     – Зорачка. Я заснула і ў сне адарвалася ад неба. Потым паляцела ўніз з велізарнай хуткасцю. Вядома ж, я крычала, але ніхто не змог мне дапамагчы. А як я патрапіла сюды, нават не ведаю.
     – Ты ўляцела праз комін, гэтак жа, як і я, – памахала крыламі Лятучая Мыш. – Не хвалюйся, мы цябе адмыем у снезе, і ты зноў падымешся на неба.
     – Праўда? – узрадавалася Зорачка. – Так, я бачыла белы снег, калі ляцела з вышыні, ён падобны на белыя аблокі.
     – Лезь сюды, – сказала шэрая Мышка, паказаўшы на шчыліну ў дзвярах, – а мы за табой.
     – Я не пралезу, тут вельмі вузкі праход, мае праменьчыкі захраснуць.
     – Вось бяда, так што ж з табой рабіць? – нахмурылася шэрая Мышка.
     – Прыйдзецца мне цягнуць яе наверх праз комін, – сцяміла Лятучая Мыш. – А ты, сяброўка, лезь праз шчыліну ў двор. Там мы і пачысцім гэтую небараку.
     Так і зрабілі. Лятучая Мыш схапіла Зорачку за праменьчыкі і выцягнула праз комін надвор. Ёй у гэтым дапамаглі вострыя і чэпкія кіпцікі на лапках ды яшчэ і крылы. Зараз ужо прыйшлося адмывацца ў снезе абедзвюм мурзам – Зорачцы і Лятучай Мышы. Яны ж былі ўсе ў чорнай сажы, як камінары.
     – Ха-ха-ха! – смяялася Зорачка, калі шэрая Мышка катала яе па белым снезе і адцірала бакі. – Мне козытна!
     – Нічога, патрываеш, – усміхалася шэрая Мышка, – затое цяпер ты стала падобная на сапраўдную нябесную Зорачку, ярка свецішся. Глядзі, як усё асвятліла!
     Нарэшце, снежная лазня скончылася, і абедзве мурзы ачысціліся ад сажы.
     – Ужо світае, табе трэба вяртацца на неба, бо там цябе будуць шукаць, – сказалі мышкі. – Ляці!
     Яны паглядзелі ўгару на неба, дзе яшчэ працягвалі пералівацца яркімі агеньчыкамі зорачкі.
     – Так, я бачу, вунь там мае сястрычкі! – узрадавалася Зорачка. – Палячу да іх. Дзякуй вам, мышкі, я буду ўспамінаць вас, вы мне вельмі дапамаглі, – сказала яна і стрымгалоў пырхнула на неба, нібы самая ранняя птушачка.
     А мышкі глядзелі ёй у след і былі рады, што Зорачка паспела да світання вярнуцца да сваіх родных. Затым сяброўкі зноў забраліся ў цёплую хату і ўлегліся даглядаць сны…
     Вясна яшчэ далёка. Ім можна спаць і не пра што не турбавацца. Цёплая хата абароніць сябровак ад марозу і ветру, а калі захочацца есці, то дапамогуць запасы ежы ў каморы шэрай Мышкі. Так што спіце, мышкі, да самай вясны і салодкіх вам сноў.
     
      Гэта казка на рускай мове
17.11.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100