Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (4. Вяртанне ў родныя мясціны) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (4. Вяртанне ў родныя мясціны)
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (4. Вяртанне ў родныя мясціны)
Нарэшце, самая халодная і марозная пара года прайшла, у канцы доўгай зімы пацяплела. З кожным днём жыхары ельніку заўважалі, як распагоджваецца неба і падыходзіць да канца доўгая палярная ноч. Аднойчы ўсе ўбачылі далёка на гарызонце яркі краёчак сонца.      – Сонейка прачнулася, Сонейка прачнулася! – крычаў Пуф. – Добры дзень, Сонейка!
     А яно глядзела на тундру, лесатундру і ўсю паўночную зямлю шырока расплюшчанымі вачыма. Яго прамяні беглі па змёрзлай зямлі, імкнучыся асвятліць і сагрэць яе.
     – Ура! Прыйшла вясна! – зразумеў Пуф. – Хутка растане снег і лёд, у тундры заквітнеюць кветкі.
     І тут ён зразумеў, што яму прыйдзецца вяртацца назад у тундру, ізноў праходзіць доўгі шлях, які яны з мамай прайшлі ўвосень. "Да таго ж, я надоўга растануся са сваім сябрам ваверчанём", – засмуціўся шчанюк, але вырашыў тут жа пра ўсё сказаць Елавіку.
     – Я хутка пайду з мамай у тундру, – прызнаўся Пуф сябру. – Але ты не хвалюйся. Увосень я зноў вярнуся сюды, да цябе.
     Вось так яны і расталіся. І ваверчаня, і шчанюк вельмі перажывалі, што растаюцца, што ўсю вясну і лета не ўбачаць адно аднаго.
     Зачыніўшы сваё зімовае жыллё, палярныя пясцы – мама і сынок – адправіліся назад у палярную тундру. Яны вярталіся ў сваю летнюю хату, а ўслед за імі ляцелі пералётныя птушкі. Вялікія чароды качак і гусей, выбудаваўшыся клінам, парылі ў небе, пасылаючы вандроўнікам сваё галасістае прывітанне. Яны кракалі, гучна крычалі, распластаўшы шырокія крылы і гледзячы ўніз на зямлю.
     Тундра сустрэла сваіх жыхароў ручайкамі адталай вады. Дзе-нідзе яшчэ блішчаў лёд, а высокія астраўкі на балотах ужо вызваліліся ад снегу і пакрыліся аленевым мохам. Старая нара пясцоў адсырэла. Але мама змагла абнавіць і ўмацаваць яе сцены і столь, Пуф дапамог ёй хутчэй здолець работу.
     – А вось і я, – пачулі яны побач з нарой нечы знаёмы голас.
     Іх суседка, белая Сава, прыляцела з Поўдня ўслед за імі. Яна гэтак жа, як мама Пуфа, не захацела застацца на лета там, у ельніку. У палярнай тундры была іх родная хата. Тут калісьці даўно яны нарадзіліся самі, а потым нарадзілі сваіх дзяцей.
     – Бабуля Сава, – звярнуўся да яе Пуф. – Вельмі хутка нашы балоты атуляцца яркім дываном з тундравых кветак.
     – Так, будзе вельмі прыгожа! – пагадзілася з малечай разумная птушка. – А ты ў сваім вандраванні дахаты, у тундру, сустрэў дзе-небудзь ледзяныя кветкі?
     – Сустрэў, але яшчэ тады, у лесатундры, на лясным возеры.
     – Праўда? Гэта вельмі здорава, што ты іх убачыў. Ледзяныя кветкі прыносяць шчасце і поспех. Толькі прыгажэй за нашу тундру ўлетку няма нічога на свеце. Мне так падабаецца любавацца на рознакаляровыя дываны з жывых кветак. Хутка мы ўбачым іх!
     Словы палярнай Савы неўзабаве спраўдзіліся. Тундра ажыла, упрыгожылася кветкамі, напоўнілася звонкімі галасамі птушак, азарылася сонечным святлом і вясёлым настроем яе насельнікаў. Пасталеўшы за час вандравання маленькі пясец перш за ўсё пабег да сябра, аленяняці Кукшы. А той, вярнуўшыся, як і Пуф, з далёкага вандравання, марыў пра хуткую сустрэчу са шчанюком.
     Мы не будзем ім замінаць, няхай сябры нагамоняцца, абмяркоўваючы ўсе падзеі свайго невялікага жыцця. І хай палярны дзень і цёплая пара года, якія ўжо прыйшлі ў Запаляр'е, даставяць ім задавальненне і напоўняць цікавымі падзеямі жыццё дзятвы – пясца Пуфа і аленяня Кукшы.
     
      Гэта казка на рускай мове
10.09.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100