Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (2. Лесатундра сустракае гасцей) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (2. Лесатундра сустракае гасцей)
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (2. Лесатундра сустракае гасцей)
Так у штодзённых шпацырах па тундры, у цікавых гутарках і сустрэчах праляталі вясёлыя вясновыя і летнія дні жыцця Пуфа. Ён падрастаў, набіраўся сіл. Але вельмі кароткае палярнае лета хутка сышло. Наступіла палярная восень. Цёплыя паўднёвыя вятры змяніліся халоднымі паўночнымі, чыстае неба ўсё часцей зацягвалася дажджавымі хмарамі. Яркія кветкі і трава звялі, а пералётныя птушкі пазбіраліся ў вялікія чароды і паляцелі зімаваць на Поўдзень. Тундра спусцела. Усё радзей і радзей былі чутныя птушыныя галасы, а паўночны вецер дзьмуў усё мацней і разчэй.      Толькі белая палярная Сава нікуды не спяшалася. Кожны год яна зімавала ў тундры, збудаваўшы сабе трывалую і зручную хованку са снегу.
     – Не, мы не вытрымаем тут гэту зіму. Па маіх прыметах яна можа быць нашмат халаднейшая за мінулую. Калі сынок захварэе, што я тады буду рабіць? – казала мама Пуфа суседцы Саве. – Хутка мы адправімся ў далёкі паход.
     – Куды ж? – спытала разважлівая птушка.
     – Ты ж ведаеш, больш на поўдзень ад палярнай тундры размешчана лесатундра. Там растуць ельнікі. Яны хоць і не густыя, але ў іх можна атуліцца ад ледзянога ветру і перазімаваць у цёплай нары. Нам з сынам трэба паспець выкапаць яе да вялікіх маразоў, – распавяла пра свае планы белая Ліса.
     – Калі будзе халодная зіма, я таксама прылячу да вас у ельнік, – падумаўшы, абвясціла палярная Сава. – Я не маладая, мне будзе нялёгка перажыць вялікі холад. Пух на маіх крылах ужо не такі густы, якім быў калісьці. Чакайце мяне, але толькі трохі пазней. Спадзяюся, што пустое дупло ў ельніку я хутка адшукаю…
     Узяўшы з сабой неабходныя запасы ежы, сям'я пясцоў – мама і сын – адправілася ў не блізкае вандраванне да паўднёвых земляў.
     – Мама! Навошта нам туды ісці? Тут наша хата і мае сябры, – па дарозе хныкаў Пуф. Яму не хацелася перабірацца жыць у незнаёмае месца.
     – Сынок, я б засталася ў тундры, але гэта зіма па ўсіх прыметах будзе вельмі суровай. Зусім хутка сонца схаваецца за гарызонтам. Наступіць марозная і ветраная палярная ноч. Наша нара абледзянее, мы замерзнем у ёй і можам загінуць.
     – А як жа мой сябар Кукша? І ён сыдзе з тундры?
     – І аленевы статак таксама збіраецца на зіму перавандраваць да ельнікаў. Калі моцны мароз замарозіць зямлю, то ў тундры яны не змогуць адкапаць з-пад лёду ягель.
     Нарэшце, шчанюк змірыўся з тым, што сыходзіць з роднай тундры на Поўдзень. Да таго ж, яму хацелася паглядзець на той самы ельнік, пакратаць калючыя іголачкі ялінак і даведацца, хто ж там жыве.
     У дарозе нашы вандроўнікі моцна стамляліся. І тады яны спыняліся на адпачынак, майстравалі сабе часавае ўкрыцце з моху і апалай травы. Адпачыўшы, ізноў адпраўляліся ў дарогу.
     – Мама! Паглядзі! Гэта нашы алені там, удалечыні? – спытаў Пуф, заўважыўшы аленевы статак, які рухаўся ў тым жа кірунку, што і яны.
     – Так. Вось бачыш, алені таксама спяшаюцца дабрацца да ельнікаў, пакуль не надышла палярная ноч і не пачалася зіма, – сказала мама.
     Шчанюк падумаў пра тое, што ў тым вялікім аленевым статку павінен быць яго сябар, аленяня. Яму захацелася ўбачыцца з ім, але ўцячы ад мамы малое не вырашылася, баючыся страціцца.
     Некалькі дзён працягвалася іх знясільваючае вандраванне. Неба станавілася цямнейшым, вецер халаднейшым, палілі доўгія восеньскія дажджы.
     – Як дрэнна жыць без святла, – хныхаў Пуф, гледзячы ўгару на шэрыя аблокі і не адшукаўшы там дарагога Сонейка.
     Але яно, хоць і нябачнае, здавалася, казала яму: "Я ёсць, толькі ты мяне не бачыш. Пройдзе зіма, і я зноў сустрэнуся з табой. А цяпер патрывай, слухай маму і беражы сябе".
     Аднойчы раніцай наперадзе паказаліся стройныя вечназялёныя дрэўцы. Але іх было вельмі мала. Невысокія тонкія ялінкі былі зусім не падобныя на знаёмую ўсім дзецям пухнатую навагоднюю Ёлку.
     – Якія яны слабенькія, – пашкадавала дрэўцы мама Пуфа. – Ім холадна тут, яны не могуць вырасці пухнатымі і высокімі.
     Нарэшце, праз некалькі дзён вандроўнікі дабраліся да густога ельніку. Гэты лес Пуфу здаўся заселеным. Шчанюк заўважыў, як хтосьці маленькі хаваўся пад елкамі, ды і на дрэвах віднеліся гнёзды птушак.
     – У гэтым ельніку жывуць чорныя крумкачы, – сказала мама Пуфу, – у дуплах дрэў селяцца вавёркі, нават расамахі. Зайцы-белякі і палярныя ваўкі могуць вадзіцца ў яловым лесе. Зараз мы з табой выкапаем нару і ўляжамся адпачываць.
     Ужо зусім сцямнела, калі сынок разам з мамай скончылі выкопваць пад старой елкай сваё сховішча на доўгую халодную зіму. Нара атрымалася прасторнай з ляжанкай з сухіх апалых яловых іголак і травы. У новай "кватэры", сагрэўшыся побач з мамай, малое хутка заснула.
     Раніцай, прачнуўшыся, Пуф спачатку нават не зразумеў, дзе знаходзіцца, але потым успомніў свае нядаўнія прыгоды і ўсміхнуўся. "Усё ж змена жыццевых абставін карысная для ўсіх", – падумаў ён і з цікаўнасцю вызірнуў з нары.
     Раніца, халодная і даволі цёмная, яшчэ не была зімовай. На елцы, якая расла побач з нарой, хтосьці сядзеў.
     – Ты хто? – крыкнуў шчанюк шэранькаму звярку з вострымі рудымі вушамі і з такім жа рудым пухнатым хвастом.
     – Я тут жыву, – нясмела адказаў звярок.
     Ваверчаня Елавік жыў разам з мамай Вавёркай у дупле старой елкі. На час доўгай марознай зімы ён стаў лепшым і адзіным сябрам Пуфа. Дзіцячыя гульні, вясёлыя і гарэзлівыя, забаўлялі звяркоў. Ваверчаня і шчанюк бегалі, скакалі, куляліся, пішчалі, крычалі, але не біліся і не крыўдзілі адно аднаго.
     – У тундры, дзе я правёў лета, расце шмат кветак, але няма дрэў, – распавядаў Пуф. – Цяпер жа там мяце страшэнная завея і вые ледзяны вецер! – са страхам у голасе прашаптаў шчанюк.
     – Затое палярная ноч там таксама ёсць, – сказаў Елавік, – і паўночнае ззянне, – ён паказаў на неба, дзе мігацелі рознакаляровыя зарніцы.
     – А ты адкуль ведаеш? – спытаў яго Пуф.
     – Мне распавёў пра гэта сталы Алень, запрэжаны ў бліскучыя ледзяныя санкі. Яшчэ чароўны Алень сказаў, што хутка наступіць Новы год, і ён будзе развозіць у гэтых санках навагоднія падарункі дзятве, – ваверчаня таямніча паглядзела на сябра.
     – Значыць, нам з табой чароўны Алень таксама прывязе падарункі! – абрадаваўся шчанюк, пачуўшы такую выдатную навіну.
     З таго дня сябрам стала зусім не страшна гуляць удваіх каля пухнатай елкі побач з дуплом і нарой. Здавалася, што гэта елка, а таксама ўсе нябесныя зорачкі і паўночнае ззянне цешыліся, гледзячы на малых.
     Познім вечарам, укладваючы сыночка спаць, мама сказала яму:
     – У дупле на самай высокай елцы ельніку пасялілася наша суседка, белая Сава. Яна прыляцела сюды, бо стала замярзаць у тундры.
     – Няўжо? – спытаў шчанюк. – У яе ж вельмі цёплы пух на пёрах.
     – Сівер паведаміў ёй прагноз надвор'я на ўсю палярную зіму.
     – І што?
     – Хутка ў тундры будзе вельмі холадна і марозна. Сава можа змёрзнуць і памерці.
     – Тады добра, што яна прыляцела зімаваць сюды, – пагадзіўся Пуф. – Ведаеш, мама, – весела паведаміў ён, – хутка будзе Новы год і Каляды. Нам з ваверчанём чароўны Алень прывязе ў ледзяных санках навагоднія падарункі. Ура!
     – Гэта выдатна! – усміхнулася мама. – Раз так, то вам трэба было б да Новага года ўпрыгожыць ялінку.
     – Упрыгожыць? А як гэта зрабіць? – спытаў Пуф.
     – Мы выберам самую лепшую ялінку, і я дапамагу вам яе ўпрыгожыць.
     – Я ведаю, якую елку мы будзем упрыгожваць, – піснуў шчанюк. – Тую, якая расце побач з нашай нарой.
     – Добра, – пагадзілася мама…
     
      Гэта казка на рускай мове
10.09.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100