Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (1. Пуф і яго сябры ў палярнай тундры) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (1. Пуф і яго сябры ў палярнай тундры)
Пясец Пуф і ледзяныя кветкі (1. Пуф і яго сябры ў палярнай тундры)
Далёка-далёка на Крайняй Поўначы Зямлі размешчана палярная тундра. У гэтым суровым краі доўгая марозная зіма і кароткае халаднаватае лета. На багністай зямлі тундры не растуць дрэвы. Іх доўгія карані не могуць пранікнуць у мёрзлую зямлю, таму што ўвесну яна адтае толькі на невялікую глыбіню.      Сонца ў Запаляр'і з вясны да восені не заходзіць за гарызонт, яно свеціць і днём, і ўначы. Калі настае палярны дзень, усё вакол расцвітае. Расліны з кароткімі каранямі (аленевы мох, ягадныя кусцікі марошкі, чарніц, дурніц, брусніц, трава багун, асот, курапаткавая трава, верас) паўкрываюць балоты і пяшчаныя ўзгорачкі, напаўняючы паветра прыемным кветкавым водарам.
     Узімку ў тундры ўвесь час цёмна, сонца не ўсходзіць на неба, вось чаму гэту пару года завуць палярнай ноччу. Яна нашмат даўжэйшая за палярнага дня, што засмучае жыхароў тундры. Да таго ж, узімку вельмі ветрана і марозна. Не ўсякі жыхар тундры можа вытрымаць такі холад, яму прыйдзецца вандраваць у больш паўднёвыя месцы – лесатундру ці тайгу, каб перазімаваць там, а на лета вярнуцца назад. Так робяць алені, палярныя совы, пясцы, ваўкі і іншыя дзікія жывёлы. Марознае надвор'е добра пераносяць толькі белыя мядзведзі…
     Вось у такім няўтульным месцы Зямлі аднойчы нарадзіўся маленькі пясец па імені Пуф. Усё яго цельца, доўгі хвосцік, галоўку і нават вушкі пакрывалі пухнатыя валосікі. Густая поўсць сагравала яго ў моцны мароз.
     Мінулая зіма на радзіме Пуфа была не вельмі марозная, таму яны разам з мамай нікуды не пераязджалі, а перазімавалі ў тундры пад снегам у сваёй вялікай і утульнай нары. Шчанюк шмат спаў, бо ён быў яшчэ зусім маленькі. Але калі наступіла вясна, пясец ужо трохі падрос і не пабаяўся вылезці з нары.
     Наверсе Пуф агледзеўся. Такога яркага сонечнага дня ён яшчэ ніколі не бачыў. Шчанюку здалося, што ён патрапіў у сапраўдную казку. Цяпер штораніцы, прачнуўшыся, ён выбіраўся з цёмнай нары наверх, каб нацешыцца дзіўным жыццём, якое было там. З шырока расплюшчанымі вачыма Пуф назіраў за цудамі, якія стварала вясна. Ён бачыў, як зямля адтае ад снегу і лёду, а затым пакрываецца яркім дываном з пахкай травы і кветак. Яму хацелася каму-небудзь распавесці пра тое, што ён бачыў.
     Вярнуўшыся ў нару, малыш з захапленнем распавядаў пра ўсё маме, вялікай белай Лісе:
     – На тундравым балоце я адчуў прыемны пах і ўбачыў блакітны аленевы мох, ягель, пра які ты мне казала. А яшчэ я разглядзеў там белыя кветкі.
     – Гэта "дрыяда", курапаткавая трава, – растлумачыла сыночку мама, карэнная жыхарка тундры.
     – Такую расліну ядуць курапаткі? – спытаў Пуф.
     – Так, але толькі ўзімку, бо яе лісце застаецца зялёным нават пад снегам.
     – А яшчэ я бачыў бэзавыя кусцікі на высокіх ножках, яны смачна пахнуць.
     – Гэта верас.
     – Мама, там яшчэ ёсць кусты, яны ўжо адцвітаюць, на іх завязваюцца зялёныя ягадкі.
     – Не еш іх, гэта марошкі, чарніцы, дурніцы, але яшчэ не спелыя.
     – Зразумела, – сказаў Пуф і выскачыў з нары на паветра, бо ён яшчэ не нагуляўся ў той дзень.
     Бегаць па мяккім імху было прыемна, шчанюк спрытна пераскокваў з адной купіны на іншую, хоць лапкі ў яго трохі намакалі…
     
     Вясной у тундру прылятала шмат пералётных птушак: качак, гусей, кулікоў. Яны сяліліся на азёрах. Над тундравымі балотамі раіліся мошкі і камары. Птушкам няцяжка было здабыць корм для птушанят, якія нарадзіліся ў гнёздах, уладкаваных прама на багністай зямлі. Для таго, каб хутка вырасці і навучыцца лятаць, птушанятам неабходна было добра сілкавацца.
     Штораніцы Пуф прачынаўся ў выдатным настроі. Ён вылазіў з нары, праціраючы лапкамі бліскучыя чорныя вочкі, і глядзеў на неба. Здавалася, што Сонца ўсміхаецца яму:
     – Пуф, што ты сёння будзеш рабіць? – пыталася яно.
     – Гуляць, – адказваў Пуф і падскокваў высока-высока, падняўшы ўгару доўгі, як у лісы, пухнаты хвосцік. Ды ён сам быў падобны на лісяня, толькі не рыжае, а шэранькае з маленькімі вушкамі.
     Не, з усімі птушкамі Пуф не сябраваў. Толькі адна разумная птушка – белая палярная Сава – прыцягвала яго ўвагу. Бабулька Сава жыла недалёка ад нары пясцоў у гняздзе, якое звіла сама на зямлі. Часам, калі ў палярнай Савы аказвалася трохі вольнага часу, яна распавядала Пуфу займальныя гісторыі, сведкай якіх калісьці была сама…
     – Бабуля Сава, – аднойчы папрасіў Пуф, – раскажыце мне што-небудзь цікавае. Вы ж лятаеце над зямлёй і шмат чаго бачыце.
     – Мой дарагі сябар, – пачала свой аповед ганарлівая птушка. – Цяпер я рэдка лятаю далёка, мае крылы слабейшыя, чым яны былі ў маладыя гады. Але я заўважала, што на нашай паўночнай зямлі здараюцца сапраўдныя цуды. Аднойчы ўзімку я назірала незвычайныя кветкі. Нейкім цудоўным чынам на тонкім лёдзе вялікага возера вырасталі букеты з ледзяных сняжынак, яны зіхацелі і пераліваліся ўсімі колерамі паўночнага ззяння!
     – І дзе ж яны цяпер? – спытаў Пуф.
     – Не ведаю, – Сава вытарашчыла вочы і распушыла ад хвалявання пёры. – Гэтыя загадкавыя стварэнні зніклі гэтак жа хутка, як з'явіліся!
     – Так, можа, іх не было зусім, і вам усё гэта здалося? – выказаў здагадку Пуф.
     – Гэта не так! – Сава замахала крыламі. – Я ж не прыдуркаватая старая, яшчэ штосьці цямлю. Я іх сапраўды бачыла! Гэта былі ледзяныя кветкі.
     – Значыць, калі-небудзь я іх таксама ўбачу, – упэўнена прамовіў шчанюк.
     – Убачыш, абавязкова ўбачыш, – пагадзілася Сава. – Затое цяпер у нашай тундры распусцілася мноства жывых кветак. Паглядзі, мой дарагі сябар! Уся палярная тундра ўжо расквітнела і цешыць нас вясновымі фарбамі. Колькі кветак распусцілася на балотных астраўках! Яны такія сонечныя, яркія, шкада, што недаўгавечныя.
     Пагутарыўшы з маленькім пухнатым пясцом, белая Сава паляцела на пошукі чаго-небудзь з ежы, бо з раніцы яна яшчэ нічога не ела. А Пуф, адпрасіўшыся ў мамы, пабег да свайго сябра Кукшы.
     Гэтае рудае аленяня з наіўнымі вачыма было сынам вялікай добрай аленіхі. Статак дзікіх аленяў усё лета жыў ў палярнай тундры. Узімку жывёлы сыходзілі жыць у іншае месца, дзе было цяплей і лягчэй адшукаць пад снегам смачны мох.
     – Прывітанне, Кукша! – крыкнуў Пуф, здалёку згледзеўшы сябра. Падбегшы да аленяня, шчанюк даверліва прыціснуўся да ягоных доўгіх ног.
     – Прывітанне! – у адказ аленяня ткнулася мордай у пухнатую шэрстку Пуфа. Кукша чакаў сустрэчы з маленькім пясцом, якога лічыў сваім верным сябрам.
     – Глядзі! – пахвалілася аленяня. – У мяне пачалі расці рогі, яны свярбяць.
     – Дзе? – здзівіўся шчанюк.
     – Як дзе, на галаве! – пажартавала аленяня.
     – А… бачу, – Пуф агледзеў галаву сябра, калі той схіліў яе ўніз. – Штосьці маленькае цвёрдае расце. У мяне так раслі зубы.
     – Не, яны будуць іншымі, вялікімі, як у мамы з татам, – запярэчыў Кукша. – Але гэта здарыцца тады, калі я стану дарослым.
     – Смешны ты! – Пуф падскочыў і пабег наперад, аленяня паспяшалася следам.
     Так яны і бегалі адзін за адным, смеючыся ад шчасця і захапляючыся сваімі неверагоднымі здольнасцямі. Найграўшыся з аленянём, шчанюк пабег да сваёй нары, дзе яго чакала мама.
     – Сынок, дзе ты ходзіш? Ужо позна, нам трэба класціся спаць, – сказала яна.
     – Не, я не хачу спаць, бо ў тундры яшчэ відно, – заўпарцілася малое. – Я не засну.
     – Заснеш. Укладвайся ў сваю пасцельку і заплюшчвай вочкі. Я распавяду табе казку, – настаяла мама.
     Змарыўшыся за такі насычаны падзеямі дзень, маленькі шчанюк патануў у пасцельцы з мяккага пуху і вельмі хутка заснуў, закалыханы ціхім пяшчотным голасам мамы, нават не даслухаўшы яе казку …
     
     
      Гэта казка на рускай мове
10.09.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100