Шчасце на аблоках (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчасце на аблоках (казка)
Шчасце на аблоках (казка)
Яны сустрэліся ў небе выпадкова. Яна падляцела да серабрыстых снежных аблокаў і ўбачыла там яго. Ён трымаў у руцэ беласнежную ружу, вылепленую з маленькага кавалачка воблака. Усміхнуўся і прамовіў:      – Вам падабаюцца гэтыя аблокі?
     – Так! – адказала яна. – Мне вельмі падабаецца іх чысты белы колер. Гэтыя аблокі пухнатыя і лёгкія, яны створаны для асалоды і творчасці.
     Малады чалавек працягнуў ёй сваю беласнежную ружу, і дзяўчына з задавальненнем удыхнула яе водар.
     Гэты дзень яна запомніла на ўсё жыццё, а такая нечаканая сустрэча на аблоках яе мары здалася дзяўчыне лёсавызначальнай. "Ён такі ж, як і я, ён умее марыць, ён рамантык!" – думала яна. З таго часу яны часта сустракаліся там, высока ў небе, на аблоках. Яны прыляталі туды ў прызначаны час і захоплена займаліся творчасцю. У іх атрымліваліся выдатныя натхнёныя творы, зробленыя з кавалачкаў пухнатых аблокаў. Маладыя людзі напаўнялі іх сваім каханнем, сваімі марамі, сваёю надзеяй.
     Здавалася, гэта шчасце не скончыцца ніколі. Яе душа цешылася і спявала. Кожны дзень яна прачыналася з чаканнем новай сустрэчы з ім у небе, на аблоках. Яны сустракаліся і стваралі там цуды. А ў гэты час увесь свет захоплена глядзеў у неба, убіраючы ў душу яго прамяністую энергію радасці і шчасця.
     Але аднойчы здарылася бяда. Ён не прыйшоў на сустрэчу, а потым яна даведалася, што яму надакучылі гэтыя рамантычныя сустрэчы, што ў яго ёсць на зямлі свой утульны куток радасці і шчасця. Вось так яна зноў засталася адна. Аднак яна не перастала лётаць на свае аблокі, не перастала марыць і верыць у цуд. Кожны дзень яна прылятае туды і пачынае тварыць. Яна лепіць з кавалачкаў аблокаў белыя рамонкі і незабудкі, белыя хрызантэмы і нават белыя іскрынкі-зоркі. Яна раскідвае іх па небе, і яны ляцяць ва ўсе бакі, смеючыся і куляючыся ад захаплення, то ўзлятаючы высока-высока, то спускаючыся амаль да самай зямлі, такія лёгкія, пухнатыя чароўныя кавалачкі Радасці, Надзеі і Кахання.
     
      Гэта казка на рускай мове
1.09.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100