Белая Вішня (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Белая Вішня (казка)
Белая Вішня (казка)
Ён прыйшоў да яе ў сне.      Маленькае пухнатае белае ваўчанё з вялікімі цёмнымі вачамі сядзеў у двары яе дома пад белай вішняй – такі бездапаможны і ўсімі забыты. Калі яна падышла да квітнеючага дрэва, ён баязліва паглядзеў на яе. Яна няўпэўнена працягнула да яго рукі. У галаве мільганула думка: "Ён не пойдзе, уцячэ". Але ён тут жа пайшоў да яе. Яна ўзяла яго на рукі і прыціснула да сябе – мяккага, ціхага і лёгкага. "Ён вельмі прыгожы", – яна паглядзела на яго з пяшчотай і панесла сваю знаходку ў дом.
     Раніцой Наталля распавяла сон маці.
     – Гэта да жаніхоў, – разважыла тая.
     "Да жаніхоў? – падумала дачка. – Якім жаніхам. Мне яшчэ вучыцца трэба".
     У тую пару маладзенькая дзяўчына не думала пра замужжа. Але чаму ж так хутка праходзіць самы лепшы час нашага жыцця! Здаецца, вось толькі скончыла інстытут, на працы не паспела асвоіцца, а ўжо трыццаць гадоў стукаецца ля парога. А жаніха як не было, так і няма. Кожную вясну глядзіць Наталля на абсыпаную беласнежнымі кветкамі прыгажуню-вішню, што расце каля яе пад'езда і ўспамінае тое пухнатае ваўчанё, якое прыснілася ёй у юнацкасці. Дзе ж яно ходзіць-блукае, ці знойдзе дарожку да яе дома і вось гэтай самай вішні?
     Але час ідзе, а ў яе жыцці нічога не змяняецца: праца – дом, дом – праца, ды і толькі. "Значыць, не лёс. Пражыву адна, – думае жанчына. – Напэўна, гэты сон быў зусім не вешчы, а самы звычайны".
     Адзінота. Яна гняце, шчыміць сэрца і мучыць душу. Як цяжка быць самотнай. І вось ужо дзяўчына спрабуе пазбавіцца ад нуды, імкнучыся зрабіць для гэтага ўсё, што толькі можа. Тэлефануе да сябровак, прызначае сустрэчы, цалкам паглыбляецца ў прафесійную працу і працу па дому. Але ад усяго гэтага ёй чамусьці не становіцца лягчэй. Усё часцей і часцей яна адчувае шчымлівы боль у грудзях. Так, гэта, вядома ж, нуда! Праходзяць гады. Зімы змяняюцца вёснамі, і яна ўжо не глядзіць на сваю вішаньку, зусім страціўшы да яе ўвагу. І праўда, навошта сябе цешыць надзеямі, калі спадзявацца няма на што.
     А вішня, таксама ўжо не маладзенькая дзяўчына, а сталая дама, усё бачыць і ўсё разумее. Што тут казаць! Калі столькі лёт жыць побач з людзьмі, якія кожны дзень ходзяць міма цябе, то хочаш-не хочаш вывучыш іх і будзеш ведаць усё, што робіцца ў іх на душы. Наталлю яна даўно зразумела. І дрэву крыўдна, што ад яе як быццам чагосьці чакаюць. Няўжо яна таксама вінаватая ў тым, што не спраўдзіліся мроі Наталлі?
     І вось ужо вішанька з жалю да самотнай жанчыны ці з уласнага гонару пачынае рабіць усё, каб яе заўважылі. З усяе силы дрэва насычваецца зямной вільгаццю, у нейкі момант яе вялікія набрынялыя почкі лопаюцца, і на святло з'яўляюцца сотні маленькіх, але такіх чароўных пахкіх кветачак! Белая вішня, быццам вяртаючы сваю маладосць, выпроствае спінку, пацягваючыся і какетліва з усмешкай паглядваючы на прахожых. Не, жанчыны яе не цікавяць. Прыгажуні трэба прыцягнуць да сябе мужчыну і не простага, а беленькага пухнатага і зоркага, як маленькае ваўчанё.
     Дык што, сон Наталлі вешчы ці не? Глядзіце! Вось падышоў ён, залюбаваўся на вішню і прысеў поруч з ёй на лаўку побач з журботнай Наталляй. Слова за слова, вочы ў вочы, і абое, нібы зачараваныя, працятыя стралой кахання, злучаюцца разам. Яна кліча яго ў дом, не верачы ў тое, што ён пойдзе. А ён устае і пакорліва ідзе за ёй.
     Як ты думаеш, белая вішня! Лёс гэта ці не?
     
      Гэта казка на рускай мове
30.08.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100