Нясмелая рэчачка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нясмелая рэчачка
Нясмелая рэчачка
     Тры бярозы ля ракі песеньку спявалі
     І пяшчотна з боку ў бок лісцем калыхалі.
     – Ой ты, рэчачка-рака, што засумавала,
     Ці на сэрцы ў цябе зноў самотна стала?
     
     – Так, сябровачкі мае, на душы трывога,
     Бо не ведаю куды прывядзе дарога.
     Праз чужынскія лясы не хачу струіцца.
     Там вядзьмак можа прыйсці, каб з вады глуміцца.
     
     – Не, не можа гэтак быць! – цешаць рэчку дрэвы.
     Па лясам і па лугам шлях трымай ты смела.
     Наша родная зямля не дапусціць здзекаў,
     Усю вадзіцу зберажэ на патрэбу лекам.
     
     Птушкі з лесу прыляцяць, бо іх вельмі многа,
     Там, куды вядзе цябе слаўная дарога.
     Будуць ціўкаць і свістаць, ды памыюць крылы.
     Твая чыстая вада ім даруе сілы.
     
     А затым прыскача конь, быццам з ветрам зліты,
     Топне па вадзе нагой, фыркне самавіта.
     І яму ты не шкадуй чыстае вадзіцы,
     Каб далёка ўмеў скакаць, трэба ўсласць напіцца.
     
     Будзе пыл сталбом ляцець з-пад яго капытаў.
     Ну, а ты цячы далей, дзе калыша жыта.
     І аднойчы дзесьці там ты сустрэнеш мора.
     Але, мабыць, гэты час будзе не так скора.
25.08.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100