Цудоўная кветка (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Цудоўная кветка (аповед)
Цімафей яшчэ памятаў гукі музыкі, матулін ласкавы голас і звонкія галасы птушак. Ён памятаў тое, што гучала і спявала ў яго раннім дзяцінстве. Але цяпер усё было не так. Пасля моцнай хваробы, якую ён ледзь перанёс, хлопчык аглух. Яго вушы ўжо не чулі ні матулінага голасу, ні музыкі, ні спеваў птушак. Але ўсё гэта яшчэ жыло ў яго памяці, і ён часта ўзгадваў, як мама іграла на фартэпіяна, а ён, стаіўшы дыханне, слухаў яе і глядзеў на кветкі, што стаялі побач на століку. Тады яму здавалася, што кветкі зачараваны музычнымі гукамі. Яны пачынаюць змяняць афарбоўку і нават форму пялёсткаў, калі гучыць музыка. Вядома, у кветак няма вушэй, але музыку яны чуюць, і гэта – несумненна.      Аднойчы ўначы хлопчыку прысніўся дзіўны сон. Быццам ён бачыў у лесе чароўную кветку. У кветкі было пяць вялікіх пялёсткаў і яркі асяродак. Дзіўным жа было тое, што калі побач з кветкай пачынала спяваць птушка, кветка змянялася літаральна на вачах. Яе пялёсткі змянялі колер, пераліваліся, выпраменьвалі святло ўсіх колераў і адценняў. Кветка станавілася то блакітнай, то ружовай, то бэзавай, то чырвонай, то цёмна-бардовай, то чорнай, то зялёнай, то жоўтай, то чыста белай. Яна нібы ўбірала ў сябе музыку.
     – Калі ты знойдзеш мяне, тады я зраблю цябе шчаслівым, – ціха, але вельмі ясна, сказала кветка Цімафею.
     З таго часу хлопчык часта шукаў у лесе гэтую кветку, але не знаходзіў.
     Прайшло шмат гадоў. Ён пасталеў, але не губляў надзеі знайсці казачную кветку. Яго лячылі ўрачы і аднойчы прапанавалі зрабіць аперацыю. І толькі падчас аперацыі хлопец зразумеў, што бачыць кветку, якую шукаў столькі гадоў, перад сабой на маніторы камп’ютара.
     Чароўная кветка зрабіла ўсё, што калісьці даўно абяцала маленькаму глухому хлопчыку ў сне. Калі падчас аперацыі Цімафея пасадзілі ў адмысловае крэсла, і ён убачыў перад сабой чароўную кветку, якая змяняла колеры і адценні, то неўзабаве пачуў і музыку, віноўніцу гэтых цудоўных ператварэнняў кветкі.
     Так, ён яе чуў! Цімафей дзякаваў Богу за тое, што той вярнуў яму слых. Зараз ён зможа іграць на фартэпіяна, слухаць спевы птушак і пяшчотныя галасы сваіх маленькіх дзяцей.
     
      Гэта казка на рускай мове
25.08.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100