Малпа (аповед пра дзяцей) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Малпа  (аповед пра дзяцей)
Малпа (аповед пра дзяцей)
Янка і Юрка – сябры. Яны пасябравалі, калі былі зусім маленькімі і гулялі ў адной пясочніцы. Так казалі ім мамы. Цяпер хлопчыкам па сем гадоў, яны другакласнікі і вучацца на першай змене. Янку пасля школы дома сустракае бабуля, а Юрку – дзед, таму што бацькі дзяцей у гэты час на працы. Бабуля Янкі вельмі гаварлівая і ўніклівая. Яна сочыць за кожным крокам унука, а дзядуля Юркі – не. Таму пасля ўрокаў хлопчыкі часта забягаюць на паўгадзіны да Юркі, каб пагуляць у камп’ютарную гульню. Дзед Міця нічога не скажа, толькі ўсміхнецца, патрэпле дзяцей па шавялюрах і пойдзе ў свой пакой. Але гуляць доўга ўсё роўна нельга, бо трэба рабіць хатнія заданні да заўтрашняга дня.      Дзеці гэта разумеюць, яны спяшаюцца, вольнага часу ў іх у абрэз.
     – Давай пап'ём чаю, – прапанаваў Юрка, вымыўшы рукі і ўключыўшы электрычны чайнік.
     – Давай, толькі хутка, – пагадзіўся сябар.
     На кухні ў Юркі вісіць клетка з папугаем. Ён разумны, вымаўляе некалькі слоў. Хутка ўсеўшыся за стол, на хаду кусаючы бутэрброд і запіваючы яго духмяным чаем, Юрка выпадкова сунуў нос у кружку і абліўся.
     – Дык ты як сапраўдны насарог! – засмяяўся Янка. Яго даўно смяшыў вялікі нос сябра, і вось цяпер ён знайшоў падыходзячую мянушку для яго.
     – Няпраўда, – пакрыўдзіўся Юрка, але ў адказ ніяк не абазваў блізкага сябра. Часам “аблавухі” Янка таксама быў смешны і напрошваўся на мянушку "малпа".
     – Можаш падліць мне чай, – папрасіў Янка. – Ведаеш, твой яркі чайнік падобны на папугая, – ізноў пырснуў ад смеху Янка.
     – На якога папугая? – усміхнуўся Юрка. – Ды не, я б не сказаў.
     – А твой папугай падобны на электрычны чайнік, – працягваў весяліцца Янка.
     Збіраючыся дадому пасля невялікага адпачынку за камп’ютарнай гульнёй, Янка зноў зазірнуў на кухню, падышоў да папугая і сказаў, усміхаючыся:
     – Бывай, чайнік!
     Папугай здзіўлена паглядзеў на хлопчыка, не разумеючы, з кім той размаўляе, з ім ці з электрычным чайнікам, але нічога не адказаў. Затое разумная птушка добра вывучыла новае слова і стала часта яго паўтараць па-свойму, вось так:
     – Ч-ч-ч-айнік!
     І таму кожны новы прыход Янкі ў іх кватэру суправаджаўся яго смехам. Магчыма, цяпер сам хлопчык для папугая стаў увасабленнем слова "чайнік". Але гэта не спыняла Янку ў яго смяшках над сябрам Юркам, пакуль у яго самога не здарыўся непрыемны інцыдэнт.
     Аднойчы на вуліцы, мінучы натоўп незнаёмых хлапчукоў, Янка пачуў гучны смех. Абярнуўшыся, ён убачыў, як дзеці глядзелі на яго і паўтаралі, трымаючыся за жываты:
     – Малпа! Ён – сапраўдная аблавухая малпа.
     "Гэта яны пра мяне", – зразумеў хлопчык і ўцёк ад "шкодных" дзяцей. А дома ён не адыходзіў ад люстэрка і ўсё разглядаў свае вушы. Ніхто ніколі не сказаў яму, што яны тырчаць ва ўсе бакі, хаця гэта было відавочна...
     З таго часу Янка перастаў паджартоўваць з Юркі і яго папугая. Хлопчык зразумеў, як крыўдна гэта было чуць яго самаму блізкаму сябру.
     
      Гэты аповед на рускай мове
10.08.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100