Абаронцы маленькіх качанят - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Абаронцы маленькіх качанят
Абаронцы маленькіх качанят
Увесну ў зарасніках чаратоў каля берага ракі Качка ўкладвала спаць малюсенькіх качанят, якія не так даўно вылупіліся з яек. Яна далікатна прыкрывала іх сваімі мяккімі крыламі і напявала калыханку:      Люлі-люлі, баю-баю,
     Засынайце, мае дочкі,
     Мае мілыя сыночкі.
     Люлі-люлі, баю-бай!
     Высокія чараты схілялі да качанят касматыя рыжыя галоўкі і ўсміхаліся. Чараты былі радыя, што Качка пасялілася ў іх чаратовым царстве. Ім было цікава назіраць, як падрастаюць яе дзеткі.
     На другім баку ракі раслі высокія старыя елкі, вербы і бярозы. Там, у гушчы яловых галінак, хаваўся самотны Салавей. Па вечарах, калі сонца яшчэ не схавалася за гарызонтам, ён любіў уладкоўваць канцэрт. Яго песні слухалі чараты, дрэвы і рака, а Качка хваліла Салаўя за выдатны ні з кім не параўнальны голас.
     – Ах, як вы цудоўна спяваеце, дарагі сусед! – захаплялася яна. – Мая калыханка зусім не такая прыгожая, як вашы песні.
     – Што вы! – пярэчыў Салавей. – Ваш голас самы добры і ласкавы! Качаняты могуць слухаць мае песні, а засынаюць толькі пад вашу пяшчотную песеньку.
     Але гэта было не зусім так. Калі здаралася, што Качка і Салавей спявалі разам, тады качаняты засыналі вельмі хутка, бо абедзве песні – мамы і Салаўя – былі для іх калыханкамі.
     Аднойчы ўвечар у госці да знаёмых чаратоў прыляцела вялікая чарада маладых вераб'ёў. Яны паселі па высокіх сцеблах чаратоў і пачалі гучна цвыркаць, распавядаючы пра сваё птушынае жыццё.
     – Цішэй, – прашапталі чараты, – у нас жывуць маленькія качаняты. Цяпер мама Качка ўкладвае іх спаць.
     Даведаўшыся пра такую навіну, вераб'і прыціхлі. Але трэба ж было такому здарыцца! Хітруга Ліса прытаілася на беразе ракі, а потым непрыкметна падкралася да чаратоў і ўжо хацела накінуцца на Качку, якая задрамала ля качанят. Ліса марыла паласавацца смачным качыным мясам.
     Чараты, якія раслі ля самага берага, першымі заўважылі Лісу і захваляваліся, закалыхаліся, апавяшчаючы ўсіх пра бяду. Вераб'і, адчуўшы нядобрае, схамянуліся, пырхнулі ўсе разам, утварыўшы гучны и рэзкі шум, падобны на стрэл, тым самым спалохаўшы і адагнаўшы ад чаратоў Лісу.
     – Выбірайся адгэтуль! – крычалі ёй наўздагон адважныя птушачкі. – І не смей тут больш з'яўляцца. Мы, вераб'і, не дазволім табе крыўдзіць маленькіх качанят!
     Вось так сябры – чараты і вераб'і – выратавалі качыную сям'ю ад пагібелі. Ліса больш ніколі не з’яўлялася на беразе ракі. Велізарная чарада вераб'ёў моцна напалохала яе і, апрача таго, птушкі адарвалі ад яе хваста некалькі рыжых шарсцінак.
     Да канца лета качаняты падраслі і навучыліся лятаць. А калі прыйшоў час качынай сям'і ляцець на зімоўку ў паўднёвыя краіны, іх выпраўлялі сябры – Салавей, чараты і вераб'і. Яны жадалі качкам шчасліва і без небяспечных прыгод дабрацца да цёплых краёў, перазімаваць там, а ўвесну зноў вярнуцца ў родныя мясціны, каб выгадаваць новае маладое качынае патомства.
     
      Гэтая казка на рускай мове
5.06.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100