Крошачка-Хаўрошачка (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Крошачка-Хаўрошачка  (аповед)
Крошачка-Хаўрошачка (аповед)
Валя паступіла вучыцца ў першы клас агульнаадукацыйнай школы. Для яе і Валіных бацькоў гэта падзея стала сапраўдным святам. Першага верасня дзяўчынка ўпершыню ўвайшла ў светлы вучэбны клас сваёй роднай школы, сустрэлася і пазнаёмілася з настаўніцай і аднакласнікамі. Колькі цікавага падарыў ёй першы дзень вучобы! А ўжо на наступны дзень, другога верасня, пачаліся заняткі.      Цяпер раніцамі Валя прачыналася крыху раней, каб не спазніцца на першы ўрок, уважліва слухала ўсё, пра што казала настаўніца ў школе. А яшчэ Валя пасябравала з хлопчыкам Сашам, якога пасадзілі разам з ёй за адной партай. Усё, здавалася б, складвалася вельмі добра. Першакласніца была задаволена сваёй вучобай, але толькі да той пары, пакуль не здарылася адна неспадзяваная непрыемнасць. У адзін нешчаслівы для Валі дзень настаўніца раптам паўшчувала яе за нядбайна выведзеныя літары ў сшытку па чыстапісанню.
     З таго дня ў першакласніцы ўсё з вучобай не заладзілася. Яна стала нервавацца па любой падставе. Ёй пачало не падабацца вучыцца ў школе, і яна перастала старацца пры выкананні хатніх заданняў. З таго часу на яе пасыпаліся папрокі ад мамы, а настаўніца перастала яе хваліць. Вось толькі Валюшы было крыўдна, бо яна так старалася пісаць на тым уроку, калі настаўніца ні завошта яе паўшчувала. І тады першакласніца вырашыла, што старацца няма патрэбы, усё роўна яе ніхто не пахваліць…
     
     У нядзельны дзень у госці да іх зазірнуў дзядуля Слава, матулін тата. Аказваецца, мама ўсё расказала яму пра тое, што Валя не стараецца вучыцца ў школе. Дзядуля не стаў адчытваць любую ўнучку, наадварот, пашкадаваў яе, успамінаючы свае цяжкасці падчас вучобы ў школе. А потым ён падарыў унучцы маленькую самаробную лялечку.
     – Гэта лялечка не простая, – сказаў, усміхаючыся, дзядуля. – Яна чароўная і дапамагае такім няўдачлівым, як ты. Яе клічуць Крошачка-Хаўрошачка.
     – А як дапамагае? – спытала Валя.
     – Ты даведаешся ўсё сама, калі застанешся з ёй адна, – адказаў дзядуля. – Пастаў лялечку на пісьмовым стале побач з сабой, калі будзеш рабіць урокі…
     
     Тую казку пра Крошачку-Хаўрошачку дзядуля калісьці даўно чытаў унучцы. Валюша запомніла сутнасць казкі. У ёй рабая каровушка дапамагала Крошачцы-Хаўрошачцы хутка выконваць непасільную хатнюю працу. Малая залазіла ў адно вушка каровы, вылазіла праз другое, і тады ўся праца была перароблена.
     "Цікава, – з іроніяй падумала Валя, – чым мне дапаможа гэтая лялечка, можа, яна ўрокі за мяне зробіць?"
     Але дзяўчынка, усё-такі, паступіла так, як загадаў ёй дзядуля, і паставіла Крошачку-Хаўрошачку ў куток на сваім стале. Не адразу ўнучка зразумела, што дзедава лялечка і сапраўды дапамагае ёй. Але калі Валя зрабіла хатняе заданне так, што ёй самой спадабаўся яе акуратны почырк, а потым яшчэ ад настаўніцы яна пачула пахвалу ў свой адрас, то зразумела – уся справа ў чароўнай лялечцы, гэта яна дапамагае ёй добра выконваць хатнія заданні.
     Увесь навучальны год Крошачка-Хаўрошачка правяла на стале ў першакласніцы, дапамагаючы ёй у вучобе. І гэта было менавіта так! Валюша адчувала яе падтрымку і дапамогу. Мама, заўважыўшы старанне дачкі, была вельмі радая, і яе пахвалам не было канца. Ды і дзядуля быў задаволены тым, што яго старадаўняя лялечка дапамагае ўнучцы. У канцы навучальнага года настаўніца выдала Валі пахвальную грамату і павіншавала з паспяховым заканчэннем першага класа. А мама з дзядулем павіншавалі яе смачным тортам і жаданымі падарункамі.
     У выдатным настроі Валюша сустрэла летнія канікулы і вырашыла, што чароўная лялька паедзе з ёй у дзіцячы аздараўленчы лагер. Гэта маленькая лялечка з вясёлым усмешлівым тварыкам і русымі касічкамі цяпер стала для дзяўчынкі не проста чароўнай лялечкай, яна яе ахоўвае ад бяды і непрыемнасцяў.
     Як добра, што Валя сама паверыла ў сябе, хоць у гэтым ёй дапамог добры чароўны талісман. Але нават без яго дзяўчынка зразумела, што каб дабіцца поспеху, трэба працаваць, імкнуцца добра вучыцца, нікога не вініць ў сваіх няўдачах, жыць з жыццярадаснай і адважнай іскрынкай у душы.
     І, вядома ж, усё ў яе ў жыцці атрымаецца! А калі дзесьці штосьці здарыцца непрыемнае, Валюша вытрымае гэта выпрабаванне, яна паспрабуе без вялікага хвалявання пераадолець усе цяжкасці, таму што навучылася быць моцнай і вытрыманай, а галоўнае – ў яе ёсць падтрымка родных, а яшчэ заўсёды з ёй маленькая лялечка-абярог, Крошачка-Хаўрошачка.
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.05.21
Каталог TUT.BY Rambler's Top100